Беларуская граматыка Тарашкевіча (1918)«Беларуская граматыка для школ» (1918) — школьная граматыка беларускай мовы, апрацаваная Браніславам Тарашкевічам (1917—1918) і выдадзеная ў Вільні (1918), у паралельных кірыліцкім і лацінскім варыянтах. Ёсць першай агульнапрынятай граматыкай беларускай мовы. Граматыка некалькі разоў перавыдавалася ў Заходняй Беларусі (Гл. таксама: Беларуская граматыка Тарашкевіча, выданне 1929 г.), ляжала ў аснове праграм выкладання беларускай мовы ў Беларускай ССР да 1933 года. Стала асновай усіх далейшых ліній развіцця беларускай граматыкі. АсновыУ аснове граматыкі ляжалі фанетыка-граматычныя асаблівасці тагачаснага сярэднебеларускага дыялекту, найперш «цвёрдае р» і «моцнае аканне». У правілах граматыкі выкарыстоўваліся як марфалагічны (пераважна), так і фанетычны прынцыпы. Словы іншамоўнага паходжання выдзяляліся ў асобную групу. Тарашкевічам было прапанавана пісаць галосныя і зычныя ў іншамоўнай лексіцы так, як яны вымаўляліся ў мове, з якой былі запазычаны[1], фактычна было прынятае пераважнае іх напісанне як у польскай мове[2]. Так, на гэтыя словы не былі распаўсюджаны правілы акання, дзекання і цекання, часта не змякчаліся зычныя перад галоснымі, перад ётаванымі галоснымі перадаваўся мяккі [л'][1]. Шмат якія правілы ў граматыцы адсутнічалі або былі недапрацаванымі, напрыклад, нарматывы напісання складаных словаў, некаторых канчаткаў, прозвішчаў, імёнаў, геаграфічных назваў[1], і дапрацоўваліся іншымі аўтарамі ў практычна выкладаных граматыках[3] (гл. Беларускія граматыкі Лёсіка). Зважаючы на недахопы граматыкі Тарашкевіча, браты Лёсікі распрацавалі праект яе рэформы, які быў прадметам разгляду Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Гл.далей: Праект рэформы беларускага правапісу 1930 г., Беларуская граматыка Тарашкевіча, выданне 1929 г.. АцэнкіВучэбны дапаможнік Тарашкевіча ўлічваў тагачасныя дасягненні ў галіне беларускай філалогіі (Я. Карскі, А. Шахматаў і інш.), і быў станоўча прыняты грамадскасцю. Аднак, у практычнай працы і ва ўмовах масавай беларусізацыі граматыка выклікала пэўныя цяжкасці з-за сваёй агульнай складанасці і пэўных унутраных недахопаў; некаторыя фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці не атрымалі ў кнізе належнага асвятлення; напісанне іншамоўнай лексікі працягвала складаць цяжкасці; некаторыя правілы былі штучнымі і надуманымі, у граматыку быў уведзены шэраг архаічных граматычных формаў у якасці літаратурных[1]. «Рускі і польскі ўплывы» (адпаведна, у марфалогіі і арфаграфіі)[4] адзначалі ў сваіх тагачасных публікацыях, напр., Я. Лёсік і Я. Станкевіч. Зноскі
Літаратура
Спасылкі |