Казанская царква (Мінск)
Царква Казанскай іконы Божай Маці (чыгуначная) — колішні праваслаўны храм у Мінску, які размяшчаўся на цяперашняй плошчы Мяснікова. ГісторыяУ 1890 годзе была ўзведзена драўляная Казанская прывакзальная чыгуначная царква. У пачатку XX стагоддзя з’явілася ідэя стварыць вялікі мураваны храм. Працэс праектавання і пошуку грошай зацягнуўся, і канчатковы праект новай царквы быў зацверджаны толькі ў 1909 годзе. Тады ж быў атрыманы дазвол на ўзвядзенне храма[1]. Усе сродкі на будаўніцтва храма збіралі са служачых чыгункі. Акрамя таго былі вялікія ахвяраванні ад самой управы Лібава-Роменскай чыгункі. Быў створаны спецыяльны будаўнічы камітэт, пад кіраўніцтвам якога вялося ўзвядзенне гэтага храма[1]. Будаўніцтва мураванай Казанскай прывакзальнай чыгуначнай царквы побач з драўлянай царквой завершана ў 1914 годзе. Плошча новага храма складала 1224 кв. арш[2]. Сярод мінчукоў гэта царква атрымала назву Жоўтай, таму што яе сцяны былі складзены з жоўтай ліцавой цэглы. Інтэр’еры новай царквы мелі багаты дэкор. Былі адліты па спецыяльным заказе новыя медныя званы[1]. Настаяцель — Уладзімір Хіраска, святар — Уладзімір Біруля[2]. Перад царквой знаходзілася мураваная капліца ў памяць цудоўнага выратавання Імператарскага сямейства, пабуданая ў 1898 годзе[2]. Царква не пацярпела ні ў гады Першай сусветнай вайны падчас бамбардзіровак нямецкай авіяцыяй мінскага чыгуначнага вакзала, ні ў гады Грамадзянскай вайны[1]. Пасля закрыцця ў будынку ў 1922—1928 гадах знаходзіліся Кастрычніцкі раённы камітэт КП(б)Б, Кастрычніцкі раённы камітэт ЛКСМБ, вячэрняя школа Кастрычніцкага раённага камітэта КП(б)Б[2]. У газеце «Звязда» ад 5 студзеня 1930 года апублікаваны артыкул пра сход рабочых і службоўцаў Беларускай чыгункі, якія запатрабавалі ад урада БССР неадкладна перадаць яе пад культустанову. Рашэнне гарадскія ўлады прынялі літаральна праз месяц. Прычым, званы з Казанскай царквы, як пісалі ў газеце, былі перададзены ў «кацёл індустрыялізацыі». У 1930 годзе былі скінуты пазалочаныя крыжы, якія ўпрыгожвалі купал храма, а на іх месцы стаў лунаць чырвоны сцяг[1]. У 1932—1935 — Клуб чыгуначнікаў імя 12-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1935—1936 — Клуб 13-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі[2]. У 1936 годзе, у часы «бязбожнай пяцігодкі» было прынята рашэнне знішчыць царкву[1]. У канцы мая 1936 года храм быў узарваны, кіраваў работамі накіраваны з Масквы ваенны інжынер П. Р. Грыгарэнка[2]. У сваіх успамінах у кнізе «В подполье можно встретить только крыс…» ён так апісвае гэта:
На працу спецыяліста прыйшлі паглядзець кіраўнікі беларускага ўрада, сярод якіх былі М. Гікала, М. Галадзед, А. Чарвякоў. Для зручнасці яны размясціліся на балконе левага крыла Дома ўрада. Каб бачнасць была добрая, узрыў прызначылі на шэсць гадзін раніцы, на досвітку[3]. Праз некаторы час участак, дзе знаходзіўся храм, расчысцілі і назвалі плошчай імя Мяснікова. На ёй паставілі камень з надпісам, што тут будзе збудаваны помнік Мяснікову[3]. АрхітэктураТвор манументальнай архітэктуры візантыйскага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Мела складаную шматаб’ёмную ярусную кампазіцыю. Яе дамінантай з’яўляўся вялікі цыліндрычны (16-гранны) светлавы барабан пад сферычным купалам. Барабан завяршаў высокі чацверыковы аб’ём сяродкрыжжа, які меў бакавыя паўкруглыя светлавыя эркеры пад сферычнымі пакрыццямі. 3 франтальнага боку храм вылучала шмат’ярусная званіца, верхні ярус-звон якой быў адкрыты арачнымі праёмамі, меў цыліндрычную форму і завяршаўся паўсферычным купалам. Больш нізкім цыліндрычным купальным барабанам завяршаўся аб’ём трапезнай. Яруснасць агульнай кампазіцыі ўзмацнялася больш нізкімі прыбудовамі капліц да трапезнай, рызніц да апсіды, якія пластычнай формай сваіх пакрыццяў узмацнялі маляўнічую кампазіцыю. Абліцаваныя светлай цэглай фасады мелі паласатую муроўку з радоў чырвонай цэглы, чляніліся бакавымі вокнамі-трыфорыумамі і 23 аконнымі праёмамі, у апсідзе 5 круглымі люкарнамі, у барабанах 5-купалля 40 аконных праёмаў. Мела 6 уваходаў у магутных арачных парталах-рундуках. Акрамя галоўнага быў прыдзел у імя мітрапаліта маскоўскага свяціцеля Аляксія у інтэр’еры меліся 3 іканастасы (2 прыдзельных)[4]. Зноскі
Літаратура
|