Канстанцін III (узурпатар)
Флавій Клаўдзій Канстанцін (лац.: Flavius Claudius Constantinus), таксама вядомы ў гістарыяграфіі як Канстанцін III — рымскі імператар-узурпатар у 407—411 гадах. Канстанцін быў простым салдатам. У 407 годзе, абвешчаны імператарам у Брытаніі, ён падняў паўстанне супраць заходняга рымскага імператара Ганорыя ў Галіі і Іспаніі. Частка Галіі неўзабаве перайшла пад яго кантроль, а яго сын Канстант II захапіў Іспанію. Апроч таго, Канстанцін прымусіў Ганорыя прызнаць сябе і свайго сына імператарамі, аднак кіраваў нядоўга: мяцеж палкаводца Геронція падарваў яго ўладу, і ён быў разгромлены палкаводцам Ганорыя Канстанцыем, пасля чаго пакараны смерцю. Пасля вываду войскаў Канстанціна з Брытаніі Рым страціў кантроль над гэтай правінцыяй[1]. БіяграфіяПрыход да ўлады31 снежня 406 года некалькі плямён варвараў, у тым ліку вандалы, бургунды, аланы і свевы, фарсіравалі Рэйн (магчыма, непадалёк ад Маганцыяка) і захапілі рымскія абарончыя збудаванні, пачаўшы паспяховае ўварванне на тэрыторыю Заходняй Рымскай імперыі[2]. Ад гэтак сур’ёзнага ўдару імперыі так і не ўдалося акрыяць. Рымскія ўлады не змаглі выгнаць ці знішчыць захопнікаў, большасць якіх урэшце асталявалася ў Іспаніі і Паўночнай Афрыцы; апроч таго, не было спынена прасоўванне франкаў, бургундаў і вестготаў у Галіі, якое адбывалася ў той жа час[3]. Важным фактарам, што ўплываў на паспяховасць супрацьстаяння варварам, аказалася адсутнасць адзінства сярод саміх рымлянаў: толькі аб’яднаная імперыя з поўнай падтрымкай насельніцтва змагла б знайсці ў сабе сілы спыніць уварванне і захаваць свае межы ранейшымі[3]. Падчас гэтага нашэсця правінцыя Брытанія была ахоплена паўстаннямі[4], якія падрыхтавалі глебу для з’яўлення некалькіх узурпатараў, са смерцю якіх пачалося ўзвышэнне Канстанціна ў пачатку 407 года[5]. Спачатку ў 406 годзе брытанскія легіёны, незадаволеныя няздольнасцю заходняга імператара Ганорыя і яго палкаводца Стыліхона абараніць востраў, абвясцілі імператарам нейкага салдата Марка , неўзабаве забітага іншым прэтэндэнтам, мясцовым жыхаром Грацыянам . Грацыян таксама быў забіты праз чатыры месяцы, у 407 годзе[1]. Вайскоўцы рымскай Брытаніі асцерагаліся ўварвання германцаў, да таго ж дзяржава імкліва распадалася, і яны роспачна мелі патрэбу ў пачуцці абароненасці. Таму салдаты выбралі лідарам чалавека, названага ў гонар знакамітага імператара пачатку IV стагоддзя Канстанціна I Вялікага, які сам узышоў на трон у выніку вайсковага перавароту, быўшы ўсяго толькі простым салдатам, але меў, па ўсёй бачнасці, некаторыя здольнасці[6]. Пра паходжанне Канстанціна III нічога не вядомае[6], а на выбар салдатаў значны ўплыў зрабіла яго імя[7]. Адразу пасля прызнання імператарам Канстанцін пачаў актыўныя дзеянні. Ён пераправіўся праз Ла-Манш на кантынент, высадзіўся ў Баноніі[3] і, паводле дапушчэнняў гісторыкаў, адвёў з Брытаніі ўсе мабільныя войскі, тым самым пазбавіўшы правінцыю абароны і паспрыяўшы аддзяленню Брытаніі ад Рымскай імперыі[6]. У Баноніі Канстанцін прабыў нядоўга[8]. Адказныя за абарону Галіі прэфект прэторыя Ліменій і варвар Харыябад, па ўсёй бачнасці, неўзабаве беглі, не зрабіўшы ўзурпатару асаблівага супраціўлення[8]. Пасля ўступу ў Галію ўлада Канстанціна была хутка прызнана ў Іспаніі і на рэйнскім узбярэжжы[6]. Тады імператар Ганорый падрыхтаваў супраць узурпатара армію пад камандаваннем гоцкага палкаводца Сара[6]. Два военачальнікі Канстанціна, рымлянін Юстыніян і франк Небіягаст , якія камандавалі авангардам яго арміяй, былі пабіты Сарам[9]. Спачатку Сар разграміў Юстыніяна (апошні сам загінуў у баі), а потым абсадзіў у Валенцыі Небіягаста, якога потым падманам забіў[10]. Тым не менш Канстанцін паслаў іншую армію на чале з Эдобіхам і Геронціем ; Сар быў змушаны адступіць, пакінуўшы ўсе свае трафеі багаудам , якія кантралявалі праходы праз Альпы, каб атрымаць дазвол прайсці ў Італію[11]. Канстанцін забяспечыў абарону рэйнскіх меж і паставіў гарнізон на шляхі з Галіі ў Італію[12]. У Галіі ён разграміў некаторыя германскія плямёны, а з іншымі склаў мірныя дагаворы[1]. У Арылаце, Лугдуне і Аўгусце Трэвіраў Канстанцін заснаваў манетныя двары[1]. У маі 408 года ён зрабіў сваёй сталіцай Арылат[13] і прызначыў Апалінарыя (дзеда пісьменніка і паэта Сідонія Апалінарыя ) прэфектам прэторыя Галіі[14]. Вестка пра захоп Галій прыйшла ў Рым, калі Ганорый знаходзіўся ў сталіцы, а Стыліхон — у Равене[15]. У той час імператар і яго военачальнік рыхтаваліся арганізаваць паход разам з гоцкім уладцам Аларыхам у Ілірыю, якую мелі намер адабраць ва ўсходняга імператара Аркадзія, але паўстанне Канстанціна сарвала іх планы[15]. Прызнанне імператарамУлетку 408 года, калі рымскія войскі былі сабраны ў Італіі для падрыхтоўкі да контратакі ўзурпатара, у Канстанціна былі іншыя задумы. Асцерагаючыся, што некалькі лаяльных сваякоў імператара Ганорыя ў Іспаніі, якая была радзімай і апорай дынастыі Феадосія[13], могуць арганізаваць напад з гэтай правінцыі, тым часам як войскі пад камандаваннем Сара і Стыліхона нападуць на яго з Італіі, у выніку чаго ён апынецца ў акружэнні, узурпатар вырашыў здзейсніць удар па Іспаніі[16]. Канстанцін выклікаў свайго старэйшага сына Канстанта з манастыра, дзе той жыў, узвёў яго ў ранг цэзара[17] і адправіў з вайсковым магістрам Геронціем у Іспанію. Іншага свайго сына, Юліяна, узурпатар зрабіў набілісімам[18][6]. Ёсць здагадка, што Юліян і Канстант прынялі свае імёны пасля абвяшчэння іх бацькі імператарам, а да гэтага ў іх былі іншыя імёны[6], таму што такія імёны насілі імператары з дынастыі Канстанціна, да якіх у Брытаніі працягвалі ставіцца з павагай[19]. Стрыечнікі Ганорыя былі пераможаны Канстантам без асаблівых цяжкасцей; двое з іх — Дыдым і Верэніян — трапілі ў палон, два іншых — Феадосіёл і Лагодый — беглі ў Італію і Канстанцінопаль[3]. Потым Канстант, пакінуўшы жонку ў сваёй штаб-кватэры Цезаравгусце пад апекай Геронція, вярнуўся ў Арылат[20]. У той жа час (13 жніўня 408 года) падначаленая Ганорыю рымская армія падняла паўстанне ў Тыцыне, за якім адбылося забойства імператарам патрыцыя Стыліхона 22 жніўня[3]. З прычыны гэтага мяцяжу і інтрыг пры імператарскім двары военачальнік Сар адмовіўся ад камандавання заходнім войскам; Ганорый у Равене застаўся без значнай вайсковай падтрымкі. Сітуацыю ўскладняла тое, што гоцкая армія пад кіраўніцтвам Аларыха, якая знаходзілася ў Этрурыі, стала практычна некантралюемай[3]. Таму, калі пасланцы Канстанціна прыбылі на перамовы ў Равену, Ганорый, які асцерагаўся готаў, ахвотна прызнаў Канстанціна сваім суправіцелем, а ў 409 годзе прызначыў яго консулам нароўні з сабой[20]. Хоць у Канстанцінопалі Феадосій II не паўтарыў прыклад Ганорыя, ён не стаў пярэчыць супраць таго, што Канстанцін з Канстантам славілі на манетах «Перамогу чатырох аўгустаў» (лац.: VICTORIA AAAVGGGG.), то бок заходняга і ўсходняга імператараў і іх саміх[1]. Паход у ІталіюУ 409 годзе магутнасць Канстанціна дасягнула найвышэйшай кропкі. Аднак ужо да верасня гэтага года варварскія плямёны, якія прарвалі абарону рэйнскай мяжы[21] і правялі наступныя два гады, рабуючы ўсе землі, што ляжалі на іх шляхі праз Галію, дасягнулі Пірэнеяў. Там яны разграмілі гарнізон Канстанціна і ўварваліся ў Іспанію[6]. Тым часам як Канстанцін збіраўся адправіць свайго сына Канстанта назад у правінцыю, каб аднавіць стабільнасць у рэгіёне, прыйшла вестка, што яго военачальнік Геронцій, які перамог варвараў, збунтаваўся і абвясціў свайго набліжанага (магчыма, сына) Максіма імператарам[9]. Нягледзячы на ўсе высілкі Канстанціна, яго боязі наконт нападу з боку Іспаніі апраўдаліся ўжо ў наступным годзе, калі Геронцій уварваўся ў Галію пры падтрымцы сваіх саюзнікаў-варвараў[22]. Прыкладна ў той жа час саксонскія піраты здзейснілі набег на Брытанію, якую Канстанцін пакінуў без якой-небудзь абароны[23]. Рымскія жыхары Брытаніі і Арморыкі, незадаволеныя тым, што Канстанцін забыўся пра іх і не здолеў усцерагчы правінцыю ад вонкавых нападаў, паўсталі супраць улады ўзурпатара і выгналі яго ўрадоўцаў[24]. Спадзеючыся ўмацаваць сваю рэпутацыю, якая пахіснулася, Канстанцін III вырашыўся на адчайную авантуру: летам 410 года ён рушыў на Італію з астатнімі ў яго войскамі[21], перайшоў праз Альпы і ўступіў у Лігурыю — напэўна, пасля перамоў з магістрам конніцы Алабіхам, які хацеў замяніць Ганорыя больш здольным кіраўніком[6]. Аднак паход завяршыўся паразай, бо Алабіх быў пакараны смерцю Ганорыем па падозранні ў здрадзе, і Канстанціну давялося адступіць у Галію пад канец лета 410 года[6]. Становішча Канстанціна рабілася ўсё больш ненадзейным; яго войска, якое вяло баявыя дзеянні супраць Геронція, пацярпела паразу пры Віене ў 411 годзе, пасля чаго яго сын Канстант ІІ быў схоплены і пакараны смерцю[9]. Прэфект прэторыя Канстанціна Дэцым Русцік , які змяніў Апалінарыя на год раней, адмовіўся падначальвацца ўзурпатару, а потым узяў удзел у новым паўстанні Іявіна ў Рэйнскай вобласці[25]. Геронцій вымусіў Канстанціна і яго сына Юляна атуліцца ў Арылаце, а потым абсадзіў горад[6][1], аднак Канстанцін паспеў адправіць свайго палкаводца Эдобіха ў Паўночную Галію і за Рэйн, даручыўшы яму сфармаваць новую армію[26]. Параза і пакаранне смерцюУ той жа час знайшоўся военачальнік, які падтрымаў Ганорыя: гэта быў будучы імператар Канстанцый III, які падышоў да Арылата, звярнуў армію Геронція ва ўцёкі, а потым сам усталяваў блакаду горада[21]. Канстанцін імкнуўся зацягнуць аблогу, спадзеючыся на вяртанне Эдобіха, які збіраў новую армію ў Паўночнай Галіі, наймаючы салдатаў з ліку франкаў і алеманаў[23], аднак на падыходзе да горада Эдобих пацярпеў паразу, паддаўшыся на простую вайсковую хітрасць Канстанцыя[27]. Слабая надзея абложанага імператара на дапамогу даканцова знікла, калі апошнія верныя яму войскі, што ахоўвалі рэйнскую мяжу, адмовіліся яго падтрымаць і высунулі свайго прэтэндэнта на трон — Іявіна. Канстанцін быў змушаны здацца[3]. Перад адкрыццём варот ён быў пасвечаны ў святары ў мясцовым храме[28]. Нягледзячы на абяцанне бяспекі і духоўны сан палоннага, Канстанцый пазбавіў зрынутага імператара волі і загадаў зняць яму галаву ў трыццаці мілях ад Равены 18 верасня 411 года[5][6][29]. Хоць Геронцій здзейсніў самагубства ў Іспаніі[30], а кароль вестготаў Атаульф праз два гады здушыў паўстанне Іявіна[27][31], рымскае валадарства больш так ніколі і не ўсталявалася ў Брытаніі пасля смерці Канстанціна III: па словах гісторыка Пракопія Кесарыйскага, «з гэтага моманту яна заставалася пад уладай тыранаў»[32]. Галія з тых часоў распалася на падуладныя Рыму землі і мноства германскіх каралеўстваў[1], хоць Канстанціну атрымалася на некаторы час стабілізаваць рэйнскую мяжу Заходняй імперыі[33]. Дзеі Канстанціна нам вядомыя толькі з варожа наладжаных у адносінах да яго крыніц. Асоба Канстанціна, што прадстаўляецца ў гэтых крыніцах, вядома, адмоўная, але ён, мабыць, адрозніваўся ад двух сваіх кароткачасовых папярэднікаў. Імператар, па ўсёй бачнасці, павінен быў валодаць валявым характарам, каб зрабіць усё тое, што ён зрабіў, і ваяваць цягам некалькіх гадоў супраць розных ворагаў[34]. Мэтай палітыкі Канстанціна было захаванне адзінства імперыі, ва ўсякім разе, адзінствы сваіх тэрыторый да Альп[34]. У легендахІмя Канстанціна засталося ў легендах брытаў — так, Гальфрыд Монмуцкі ў сваёй «Гісторыі каралёў Брытаніі» прысвячае яму некалькі разделаў. Паводле яго аповеда, пасля смерці Грацыяна Вольнаадпушчаніка Брытанію ахапіў крызіс, і лонданскі архібіскуп Гветэлін адправіўся ў Брэтань прасіць дапамогі ў мясцовага караля Алдраена. Аднак Алдраен не пажадаў асабіста кіраваць адразу і Брэтанню, і Брытаніяй, таму паслаў свайго брата Канстанціна замест сябе[35]. Канстанцін прыняў кіраванне і разграміў скотаў, піктаў і нарвежцаў, якія ўварваліся ў Брытанію раней. Потым ён быў абвешчаны каралём у Цырцэстрыі, пасля чаго ўзяў шлюб з мясцовай рымлянкай. Паводле паведамлення Гальфрыда Монмуцкага, ад гэтага шлюбу нарадзіліся трое сыноў: Канстант, Амвросій Аўрэліян і Утэр Пендрагон[36]. Праз дзесяць гадоў Канстанцін быў забіты:
Пасля смерці Канстанціна паміж яго сынамі бліснула вайна за ўладу, якая доўжылася датуль, пакуль каралём не стаў Канстант, неўзабаве пасля гэтага таксама забіты[37]. Крыніцы
ЛітаратураПершасная літаратура
Даследаванні
Спасылкі |