Кляштар марыявітак (Мінск)Кляштар марыявітак — колішні рымска-каталіцкі сакральны комплекс у Мінску. Дзейнічаў у 1771—1850 гадах. Знаходзіўся на Францысканскай вуліцы. У шэрагу публікацый[1][2][3] сустракаецца памылковая лакалізацыя кляштара на Траецкай Гары, дзе напраўдзе знаходзіўся касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і шпіталь сясцёр міласэрнасці. ГісторыяУ Менску жыў і памёр заснавальнік кангрэгацыі марыявітак віленскі ксёндз Юзаф Турчыновіч-Сушыцкі (1697—1773)[1]. Кляштар каталіцкай кангрэгацыі марыявітак — «дом марыявітак», заснаваны 26 чэрвеня 1771 года жонкай старосты паройскага Кунегундай з Матушэвічаў Рушчыц, якая ахвяравала на яго пляц на Францысканскай вуліцы. У канцы XVIII ст. Менск заставаўся ледзь не адзіным горадам, дзе інтэнсіўна пашыралася дзейнасць сясцёр-марыявітак. Кангрэгацыя не патрабавала пажыццёвай адмовы ад свецкага жыцця і аб’ядноўвала набожных жанчын, якія хацелі прысвяціць сябе пропаведзі хрысціянства сярод іўдзеяў. Паводле візітацый пачатку XIX ст., на тэрыторыі кляштара быў вялікі драўляны жылы дом на падмурку, які законніцы здавалі ў арэнду, драўляная афіцына (пабудаваная ў 1817 годзе), дзе яны самі жылі, стайня і вазоўня, хлеў, іншыя гаспадарчыя пабудовы і невялікі гарод. Тэрыторыю кляштара аддзяляў ад Францысканскай вуліцы драўляны паркан з брамай, завершанай каванай манаграмай Імя Дзевы Марыі[4]. Пры кляштары працавала школа, у якой выхаванак навучалі мовам, дамаводству і арыфметыцы. Была невялікая бібліятэка з 26 кніг. У кляштары стала жыло 3—4 законніцы, якія не мелі капліцы і хадзілі на набажэнствы ў касцёл езуітаў. У 1850 годзе расійскія ўлады закрылі кляштар марыявітак[5], а яго пляц разам з будынкамі прадалі пад гарадскую забудову[6]. Зноскі
Літаратура
|