Лабэншчына (археалагічны помнік)
Лабэншчына, Лабеншчына — археалагічны помнік, гарадзішча культуры позняй штрыхаванай керамікі каля в. Лабэншчына (Мінскі раён). Гарадзішча датуецца канцом I-га тысячагоддзя да н. э.—III ст. н. э. За 0,4 км на захад ад вёскі, на левым беразе ручая Крыніца (левы прыток р. Свіслачы), на стрэлцы доўгага мыса, утворанага 2 ярамі і поймай ручая. Пляцоўка — авальнай формы, памерамі 42х68 м, вышынёй 12—14 м. З усходняга напольнага боку 3 дугападобныя валы і 2 равы, з паўночна-заходняга — 2 валы і роў. Вышыня знешніх валоў 0,5—0,7 м, унутранага ўсходняга — 2,2 м. Адкрыў у 1926 годзе А. Дз. Каваленя. У 1927 годзе А. М. Ляўданскі заклаў траншэю 1х62 м, у якой выявіў рэшткі печы-домніцы, шматлікія абломкі штрыхаванай керамікі, жалезныя вырабы (шылы, нажы, сярпы, шпількі), гліняныя прасліцы. У 1950—1952 гадах А. Р. Мітрафанаў даследаваў 900 м². Вызначана, што на пачатковай стадыі існавання паселішча было слаба ўмацаваным, паўднёвыя і ўсходнія часткі пляцоўкі выкарыстоўваліся для пражывання. На рубяжы эр паселішча загінула ў пажары, пасля чаго было істотна перабудавана: пляцоўка пашыралася за кошт скідання культурнага слоя на схілы, з’явіліся драўляна-земляныя ўмацаванні. Выяўлены рэшткі 5 наземных жытлаў слупавой кансрукцыі. Два з іх, лепшай захаванасці, мелі памеры 4,5х9,5 м і 4х8,3 м. Ацяпляліся ачагамі круглай або авальнай формы, абкладзенымі па краях гліняным валікам ці камянямі. Памеры ачагоў 0,9х1,35—1,1х1,4 м. У ніжніх гарызонтах культурнага слоя пераважаў гаршкападобны посуд з высокім прамым, адагнутым вонкі венчыкам, круглым ці плоскім дном. Яго паверхня цалкам пакрыта беспарадкавай штрыхоўкай, на шыйцы ў шэрагу выпадкаў маюцца ямкавыя ўцісканні. У верхніх адкладах культурнага слоя дамінавалі рабрыстыя гаршчкі, тыповыя для культуры позняй штрыхаванай керамікі. для іх характэрна вертыкальная ці дыяганальная штрыхоўка ніжэй рабра пасудзіны, арнаментацыя ў выглядзе вертыкальных альбо гарызантальных зашчыпаў, ямкавых і пазногцевых уцісканняў на рабры, пракрэсленых ліній на венчыку. Выяўлены жалезныя нажы (9 штук: 3 цэлых і 6 абломкаў), шылы, сякеры і сякерападобныя прылады працы, наканечнікі кап’я і дроціка, шпора. Дэталі касцюма прадстаўлены спражкамі і посахападобнымі ўпількамі. Сярод упрыгажэнняў — бронзавыя трапеца- і вочкападобныя падвескі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, гліняныя пацеркі, амулеты з іклаў мядзведзя. Вырабы з косці сустракаюцца рэдка (сякерка з рога лася, шпількі, грэбень з цыркулярным арнаментам на спінцы). Прысутнічаюць шматлікія і разнастайныя гліняныя прасліцы, частка з якіх арнаментавана; грузікі дзякава тыпу з гліны і тыглі. Наканечнік пояса з бронзы адносіцца да сярэдзіны — 2-й паловы I тысячагоддзя. Літаратура
Спасылкі
|