Людовік (герцаг Бургундскі)
Людовік, герцаг Бургундскі (фр.: Louis duc de Bourgogne; 16 жніўня 1682 — 18 лютага 1712) — дафін Францыі з 1711 года, сын Людовіка Вялікага Дафіна і Марыі Ганны Баварскай, старэйшы ўнук Людовіка XIV. Атрымаў выхаванне ў духу каталіцкай набожнасці апошніх гадоў кіравання Караля-Сонца. З 1702 года дзед увёў герцага Бургундскага ў Дзяржаўны савет (да гэтага часу яго малодшы брат Філіп ужо стаў каралём Іспаніі Філіпам V). На прынца ўплывала прыдворная «набожная партыя» (devots), і ён сам неўзабаве завёў уласную групоўку, куды ўваходзілі яго настаўнік Фенелон, герцагі дэ Бавіе і дэ Шэўроз, а таксама Луі дэ Сен-Сімон (вядомы мемуарыст). Кружок падтрымліваў ідэю «асветнага абсалютызму» і дваранскай алігархіі з вялікай колькасцю кансультатыўных арыстакратычных «саветаў», якія адначасова абмяжоўвалі самаўпраўнасць караля і адціскалі ад стырна ўлады буржуазію. Заўчасная смерць герцага Бургундскага перашкодзіла планам яго кружка здзейсніцца, аднак некаторых падобных тэндэнцый незалежна працягвалі прытрымлівацца рэгент — Філіп II Арлеанскі і яго пераемнікі. Пры рэгенцтве нядоўгі час праіснавала полісінодыя, сістэма калектыўнага кіравання, а на працягу 1715—1789 года буржуазія сістэматычна абмяжоўвалася ў правах займаць дзяржаўныя пасады (у адрозненне ад умеранага дэмакратызму, уласцівага ў гэтай справе Людовіку XIV). Пасля смерці бацькі ў 1711 годзе герцаг Бургундскі стаў спадчыннікам прастола і дафінам, аднак ужо ў лютым 1712 года сканаў разам са сваёй жонкай Марыяй-Адэлаідай Савойскай ад эпідэміі адзёру. Ад гэта хваробы праз месяц памер і іх старэйшы сын, 4-гадовы герцаг Брэтонскі. Малодшае двухгадовае дзіця, герцаг Анжуйскі, выжыў і пасля смерці прадзеда стаў у 1715 годзе каралём Людовікам XV. Зноскі
Спасылкі
|