Ліпкі (аэрадром)
Лі́пкі (ICAO: UMMI) — аэрадром сумеснага базіравання, размешчаны ў Мінскай вобласці Беларусі. Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне Мінска, але за межамі гарадской рысы. Выкарыстоўваецца авіяцыяй МНС Рэспублікі Беларусь, мінскім парашутным клубам ДТСААФ и авіяцыяй агульнага прызначэння. ГісторыяВаенны аэрадром Ліпкі быў адкрыты ў 1980 годзе. Першапачаткова на ім базіраваліся 66-я і 248-я асобныя змяшаныя авіяэскадрыллі. 66-я ЗАЭ мела два самалёты Ан-26, адзін Іл-22, а таксама верталёты: адзін Мі-26, адзін Мі-17, адзін Мі-6, два Мі-24ХР (хімічнай разведкі), восем транспартных Мі-8Т і адзін Мі-8ТП для перавозкі камандавання. У складзе 248-й АЗАЭ ляталі два Ан-12, восем Мі-8 і два Ту-134 у кампаноўцы «салон» для перавозкі камандавання Беларускай ваеннай акругай[1]. З распадам СССР аэрадром згубіў ваенную значнасць. У 1990-я гады частка паветраных судоў перабазіравалася на авіябазу ў Мачулішчах, частка была спісаная, частка перададзеная ў МНС. 21 жніўня 2002 года Міністэрства абароны РБ перадала аэрадром у распараджэнне МНС[2]. У 2016 годзе аэрадром выкарыстоўваўся для рэпетыцыі парада ў гонар дня незалежнасці[3]. У 2017 годзе была праведзена рэканструкцыя аэрадрома, у якую было ўкладзена каля 10 мільёнаў долараў. Была адноўлена ўзлётна-пасадачная паласа, усталявана светласігнальнае абсталяванне, якое дазваляе выконваць узлётна-пасадачныя аперацыі ў любы час сутак. З’явіліся новыя верталётныя пляцоўкі і рулёжныя дарожкі, аўтаматычная метэастанцыя, ангар з ацяпленнем. Былі збудаваны база для падрыхтоўкі спартоўцаў і ваенных лётчыкаў, авіямадэльная майстэрня і тры корды для правядзення спаборніцтваў па авіямадэльным спорце, інфраструктура для наведвальнікаў[4][5][6]. Улетку 2017 года ў Ліпкі пераехаў мінскі авіяцыйна-спартовы клуб ДТСААФ, які да гэтага базіраваўся на аэрадроме Баравая (гэты аэрадром у будучыні мае зачыніцца)[4]. Пасля прыняцця рашэння пра закрыццё аэрапорта Мінск-1 у Ліпкі адтуль перамясцілася частка авіяцыі агульнага прызначэння[7]. Тэхнічныя характарыстыкіАэрадром мае клас E паводле класіфікацыі ІКАА і сертыфікаваны для прыёму самалётаў масай не болей за 5,7 тон і размахам крыла да 23,9 м і верталётаў з сертыфікацыйнай масай да 66 тон[8]. Фактычная даўжыня УПП складае 2200 метраў, аднак станам на 2020 год для ўзлётна-пасадачных аперацый выкарыстоўваецца яе адрэзак даўжынёй 750 метраў. Паласа абсталяваная для заходу на пасадку паводле ПВП у любы час сутак. На аэрадроме маецца некалькі верталётных пляцовак[8]. Па папярэдніх заяўках на аэрадроме можа ажыццяўляцца пашпартны і мытны кантроль[5] Зноскі
|