Макар Краўцоў
Краўцо́ў Мака́р (сапр. Мака́р Мацве́евіч Касцевіч (Косцевіч); 18 жніўня 1891, Баброўня, цяпер Гродзенскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь — пасля 1939) — беларускі паэт, публіцыст, перакладчык, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху. Аўтар слоў гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Дзядзька беларускага паэта Міхася Васілька. БіяграфіяСкончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю ў 1910 годзе, настаўнічаў на Гарадзеншчыне, удзельнік Першай сусветнай вайны, ваяваў у расійскім войску на Паўднёва-Заходнім фронце. Дэлегат Усебеларускага з’езда ад салдацкага камітэта 44-га армейскага корпуса Паўднёва-заходняга фронту ў снежні 1917 года. У 1918 годзе ўвайшоў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР), сябра Рады БНР, настаўнічаў у менскіх беларускіх школах. У пачатку 1919 годзе на Гарадзеншчыне — упаўнаважаны Міністэрства беларускіх спраў пры літоўскім урадзе, ствараў беларускія органы ўлады ў Сакольскім павеце. Пазней вяртаецца ў Менск, працуе пры Літаратурна-выдавецкім аддзеле Наркамасветы ЛітБел ССР. Са снежня 1919 года ўваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі (БВК) пры польскай адміністрацыі, узначальвае культурна-асветны аддзел[1]. Аўтар вядомага верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» (апублікаваны 30 кастрычніка 1919 г. у газеце «Беларусь» пад назвай «Ваяцкі гімн»). У часе Слуцкага збройнага чыну 1920 года прызначаны загадчыкам друкарні паўстанцаў у Клецку[1]. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе ў верасні 1921 года. З 1921 года жыў і працаваў у Вільні. Удзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. У 1926 годзе арыштаваны польскімі ўладамі. Сябра Галоўнай управы Таварыства беларускай школы ў 1936—1937 года. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР з кастрычніка 1939 года працаваў у рэдакцыі газеты «Віленская праўда». У канцы 1939 года арыштаваны разам з іншымі дзеячамі беларускага вызваленчага руху (Антонам Луцкевічам, Янкам Пазняком, Сяргеем Буслом, Вінцэнтам Грышкевічам, Удзімірам Самойлам і іншымі). Дакладныя звесткі пра абставіны смерці Краўцова Макара не высветлены. Паводле некаторых сведчанняў, ён быў закатаваны ў часе допытаў у савецкай турме ў Беластоку[2]. ТворчасцьЛітаратурную дзейнасць пачаў у 1918 годзе. Выступаў пад псеўданімамі Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Светазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр. М., М.К. У друку выступаў як Краўцоў Макар. Друкаваўся ў газетах «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», часопісах «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і іншых. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Жылкі, Канстанцыі Буйло, Цёткі і іншых. Аўтар успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нацыянальна-вызвольнага руху Івана Луцкевіча, Аляксандра Астрамовіча, Пётры Крачэўскага, Алеся Гаруна, а таксама пра Усебеларускі з’езд 1917 года. Пераклаў на беларускую мову творы Мікалая Гогаля, Максіма Горкага, Міхаіла Зошчанкі, Аляксандра Купрына, Міхаіла Лермантава, Адама Міцкевіча, Льва Талстога, Генрыка Сянкевіча, Тараса Шаўчэнкі і інш. Пераклаў з польскай мовы Версальскі трактат[3]. Аўтар слоў гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Выбраныя пераклады на беларускую мову[4]:
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|