Мора ўнутры
«Мора ўнутры» (ісп.: Mar adentro) — фільм Алехандра Аменабара. Заснаваны на рэальных падзеях аповед пра два апошнія гады жыцця галісійца Рамона Сампедра, на працягу амаль 30 гадоў змагаўся за права на ўласную эўтаназію. Назва фільма — словы з аднайменнага верша, напісанага галоўным героем і ўключанага ў яго кнігу «Лісты з пекла» (Cartas desde el Infierno). Уладальнік прэмій «Оскар», «Залаты глобус», «Гоя» і іншых. СюжэтФільм распавядае пра жыццё паралізаванага іспанца Рамона Сампедра (Хаўер Бардэм). Рамон вырашае памерці, і наймае адваката — Хулію (Белен Руэда). Яна спачувае Рамону і спрабуе дамагчыся для Рамона дазволу на эўтаназію. Аднойчы ў дом Рамона выпадкова заходзіць Роза (Лола Дуэн’яс) і гутарыць з ім. У далейшым Роза і Хулія з’яўляюцца бліжэйшым сяброўскім асяроддзем Рамона. Па-рознаму ставяцца да рашэння Рамона памерці члены яго сям’і: бацька, брат, жонка брата і пляменнік. Хтосьці кажа, што гэта слабасць, хтосьці лічыць, што Рамон мае права выбару. Фільм асвятляе і стаўленне царквы да рашэння Рамона. Пасля некалькіх сустрэч Рамон пачынае адчуваць каханне да Хуліі, але яна пакутуе на невылечнае захворванне і пасля інсульту губляе здольнасць самастойна перасоўвацца. Яны разам вырашаюць скончыць жыццё самагубствам, як толькі выйдзе першы асобнік кнігі з вершамі Рамона пад назвай «Лісты з пекла». Аднак Хулія аказваецца не гатовая зрабіць гэты крок. Роза ўсімі сіламі спрабуе выклікаць у Рамона жаданне жыць, але яе ўласнае жыццё далёкае ад дасканаласці. У ходзе гутарак з ёй Рамон аказвае ёй магутную маральную падтрымку. Роза улюбляецца ў Рамона, але ён пераконвае яе, што той, хто яго сапраўды любіць, дапаможа яму памерці. На судзе Рамону адмаўляюць у праве на добраахвотную смерць. Тады менавіта Роза, зразумеўшы яго, дапамагае зладзіць самагубства. Рамон выпівае раствор цыяністага калію праз трубачку, каб суддзі не вінавацілі нікога ў яго смерці. Рамон, нягледзячы на жаданне смерці, раскрывае сваім сябрам і блізкім каштоўнасць і сэнс жыцця. Стан Хуліі працягвае пагаршацца. Калі ёй паведамляюць, што Рамон пакінуў ёй лісты, яна ўжо не можа ўспомніць гэтага чалавека. Зноскі
|