Міхаіл Алелькавіч
Міхаіл Алелькавіч (1425 — 30 жніўня 1481) — князь слуцкі і капыльскі (1455—1481), вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Паходзіў з роду Гедзімінавічаў, сын Алелькі Уладзіміравіча, атрымаў пасля смерці бацькі ва ўдзел Слуцкае і Капыльскае княствы. У лістападзе 1470 года Міхаіл Алелькавіч прыбыў[3] у Вялікі Ноўгарад як намеснік вял.кн. літоўскага Казіміра Ягелончыка, але ў сакавіку 1471 года пакінуў Вялікі Ноўгарад, каб пераняць Кіеўскае княства — удзел памерлага брата Сямёна Алелькавіча. Аднак вял.кн. Казімір не аддаў Міхаілу яго отчыны і дзедзіны, быццам яго дзед Уладзімір Альгердавіч «пробѣгал» Кіеў у свой час, калі ад'язджаў да Масквы — княства было пераўтворана ў Кіеўскае ваяводства, першым ваяводам прызначаны М. Гаштольд. Міхаіл Алелькавіч узначаліў апазіцыйныя колы ў ВКЛ, якія хацелі пазбавіць Казіміра Ягелончыка ўлады. У канцы 1470-х Міхаіл Алелькавіч арганізаваў змову супраць вял. кн. літоўскага, падключыў да яе князёў Ф. І. Бельскага, І. Ю. Гальшанскага, І. Глінскага, вёў перамовы з вял.кн. маскоўскім Іванам III і гаспадаром малдаўскім Стэфанам III[4] пра падтрымку. У 1481 г. змоўшчыкі хацелі забіць Казіміра Ягелончыка, а ў выпадку няўдачы планавалі аддзяленне ад ВКЛ усходняй часткі «по Березину» з пратэктаратам над ёю Маскоўскай дзяржавы (Гл.далей: змова князёў ВКЛ). Аднак змова была выкрыта і ў красавіку 1481 года змоўшчыкаў арыштавалі. Міхаіл Алелькавіч быў абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе і пакараны смерцю. Меў сына Сямёна.
Зноскі
Літаратура
|