Савецка-польскі дагавор (1945)
Дагавор аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы паміж СССР і Польшчай, Савецка-польскі дагавор 1945 г. падпісаны 16 жніўня 1945 у Маскве намеснікам Старшыні СНК СССР В. М. Молатавым і Старшынёй Савета Міністраў Польскай Рэспублікі Э. Асубка-Мараўскім замест савецка-польскага пагаднення ад 27 ліпеня 1944 г. паміж СНК СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення, якое мела падрыхтоўчы характар. ЗместУ адпаведнасці з Дагаворам аб сяброўстве, узаемнай дапамозе і пасляваенным супрацоўніцтве ад 21 красавіка 1945 г. прадугледжвалася ўрэгуляванне пытання аб савецка-польскай граніцы ў духу сяброўства і згоды. Дзяржаўная граніца паміж СССР і Польшчай была ўстаноўлена ў адпаведнасці з рашэннямі Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі 1945 г. уздоўж «лініі Керзана» з адхіленнямі ад яе на карысць Польшчы ў некаторых раёнах на 5—8 км. Пры гэтым дадаткова Польшчы саступаліся: тэрыторыя на ўсходзе ад «лініі Керзана» да рэк Заходні Буг і Салокія, на поўдзень ад г. Крылаў з водступам на карысць Польшчы максімальна на 30 км (тэрыторыя Украіны); частка тэрыторыі Белавежскай пушчы на ўчастку Няміраў—Ялаўка на ўсход ад «лініі Керзана», уключаючы Няміраў, Гайнаўку, Белавежу і Ялаўку, з водступам на карысць Польшчы максімальна на 17 км (тэрыторыя Беларусі). Паводле дагавора ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобласці з г. Беластокам і 3 раёны Брэсцкай вобласці (частка Белавежскай пушчы). Польскі бок перадаваў БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. Згодна з дагаворам ад Беларусі адразалася тэрыторыя плошчай 14,3 тыс. км² з насельніцтвам каля 638 тыс. чал. (паводле польскага перапісу 1946 г. ). Там пражывала 61 % католікаў, 23 % праваслаўных, 15 % іўдзеяў (даныя 1921 г.). Дагавор ратыфікаваны Краёвай Радай Нарадовай 31 снежня 1945 і Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР 13 студзеня 1946 г. Ён прадугледжваў стварэнне змешанай камісіі па дэмаркацыі граніцы з месцазнаходжаннем у Варшаве, якая пачала працу ў маі 1946 і закончыла дэмаркацыю граніцы ў красавіку 1947 г. 20 жніўня 1945 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову аб перадачы Польшчы большасці зямель Беластоцкай вобласці. У 1946—1955 гг. мяжа паміж БССР і Польшчай паводле рашэння савецкага ўрада перасоўвалася на ўсход 4 разы. Польшчы былі перададзены некалькі дзясяткаў вёсак Сапоцкінскага, Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў, жыхары якіх у пераважнай большасці былі католікамі. Юрыдычная характарыстыка дагавораПадрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора былі ажыццёўлены без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў БССР. Ён не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах дзяржаўнай улады Беларусі, чые нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы непасрэдна закранаў. Дагавор парушаў палажэнні Канстытуцыі СССР 1936 г. і Канстытуцыі БССР 1937 г., якія патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на змяненне яе граніц. 3 пункту гледжання міжнароднага права дагавор уяўляў сабой чарговы падзел тэрыторыі Беларусі, якая паводле рашэнняў Сан-Францыскай канферэнцыі 1945 г. была ўключана ў склад першапачатковых членаў ААН. Паводле дагавора аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 23 чэрвеня 1992 г. бакі пацвердзілі існуючыя паміж імі граніцы, вызначаныя дагаворам ад 16 жніўня 1945 г. Літаратура
|