Стокард Чэнінг
Стокард Чэнінг (англ.: Stockard Channing, нар. 13 лютага 1944) — амерыканская актрыса тэатра, кіно і тэлебачання, найбольш вядомая па ролі старшакласніцы Бэці Рыца ў мюзікле «Брыялін». Уладальніца прэмій «Эмі» і «Тоні» БіяграфіяСьюзан Антонія Уільямс Стокард (англ.: Susan Antonia Williams Stockard) нарадзілася ў Нью-Ёрку і па матчынай лініі мае ірландскія карані. У 1963 годзе, будучы яшчэ дзевятнаццацігадовай студэнткай каледжа, яна выйшла замуж за прадпрымальніка і скульптара Уолтэра Чэнінга (1940—2015), пасля чаго, аб’яднаўшы сваё імя з імем мужа, стала Стокард Чэнінг. Акцёрскую кар’еру яна пачала ў тэатральнай кампаніі Бостана, пасля чаго стала з’яўляцца і на падмостках Нью-Ёрка, а ў 1971 годзе дэбютавала на Брадвеі. На вялікім экране дэбютавала ў фільме «Бальніца» (1971), а пасля некалькіх нязначных роляў на кінаэкранах дабілася папулярнасці ў фільме «Лёс» (1975) з Джэкам Нікалсанам у галоўнай ролі. У 1978 годзе 33-гадовая Стокард Чэнінг сыграла з пачынаючым акцёрам Джонам Траволтай і зоркай кантры і поп-музыкі Алівіяй Ньютан-Джон у экранізацыі брадвейскага мюзікла «Брыялін». Нягледзячы на свой узрост, актрыса выдатна зладзілася з роляй старшакласніцы — нефармальнага лідара дзяўчын у школе, дзе разгортваецца дзеянне. Яе голас гучыць у дзвюх музычных кампазіцыях да фільма. Пасля няўдач у кіно і на тэлебачанні ў пачатку 1980-х гадоў актрыса вярнулася ў тэатр, дзе ў 1985 годзе ўдастоілася прэміі «Тоні» за ролю ў п’есе «Адзін дзень са смерці Джо па мянушцы Сідзень». Ізноў дамагчыся поспеху на вялікім экране ёй атрымалася ў 1993 годзе, калі за ролю ў фільме «Шэсць ступеняў адчужэння» Чэнінг была намінаваная на «Оскар» і «Залаты глобус». Зноскі
|