Харун ар-Рашыд
Хару́н ар-Рашы́д, ці Гару́н ар-Рашы́д (Харун Справядлівы; араб. هارون الرشيد بن محمد بن المنصور Hārūn ar-Rašīd ben Muḥammad ben al-Manṣūr; люты 766, Рэй (ці 27 сакавіка, 763) — 24 сакавіка 809, Тус) — арабскі халіф, кіраўнік Абасідскага халіфата ў 786 (з 14 верасня) — 809 гадах. Папулярны герой арабскага фальклору. Стаў халіфам і кіраваў з дапамогай візіраў з сям’і Бармакідаў, якія былі прадстаўнікамі іранскай феадальнай арыстакратыі, а пасля іх адхілення ў 803 годзе стаў кіраваць аднаасобна. Кіраванне халіфа Харуна ар-Рашыда адзначылася эканамічным і культурным росквітам, ён заснаваў у Багдадзе вялікі ўніверсітэт і бібліятэку, заахвочваў заняткі навукамі, паэзіяй і музыкай. Да Харуна ар-Рашыда быў набліжаны паэт Абас ібн аль-Ахнаф, прадстаўнік пакалення, які адмовіўся ад кананізаваных форм даісламскай паэзіі. Пры Харуне ар-Рашыдзе у Халіфаце дасягнулі значнага развіцця сельская гаспадарка, рамёствы, гандаль і культура (пераважна літаратура), але разам з тым азначыліся прыкметы яго распаду (антыўрадавыя паўстанні ў Дэйлеме, Сірыі і іншых абласцях). Халіф працягваў барацьбу з Візантыяй, распачатую да яго. Памёр у 809 годзе ў час ваеннага паходу супраць паўстаўшых жыхароў Маверанахра (паўстанне Рафі ібн Лейса ў Сярэдняй Азіі). ЗноскіЛітаратура
|