Юрый Феліксавіч Ільініч
Юрый Феліксавіч Ільініч (1533—1569, Бярэсце) — магнат Вялікага Княства Літоўскага, граф на Міры, апошні ўладальнік Мірскага замка з роду Ільінічаў. Сын Шчаснага Фелікса Ільініча, унук Юрыя Іванавіча Ільініча, першага будаўніка Мірскага замка. Пасля смерці бацькі ў 1540 годзе, а неўзабаве і маці Соф’і Радзівіл, іх адзіны васьмігадовы сын Юрый застаўся сіратою і ўладальнікам велізарнай маёмасці. Апекуном да малалетняга Ілыніча быў прызначаны яго дзядзька — Мікалай Радзівіл Чорны, у будучым — вялікі канцлер літоўскі. Выхоўваўся пры двары Мікалая Радзівіла, магчыма, як і яго патрон, вызнаваў кальвінізм. У 1553 годзе Радзівіл Чорны, едучы ў пасольства да аўстрыйскага двара Фердынанда Габсбурга, бярэ з сабой дваццацігадовага Юрыя Ільініча. У выніку візіту Ільініч 10 жніўня таго ж года атрымлівае графскі тытул як уладальнік замка. Фрагмент даравальнай граматы прыводзіць у сваіх «Вандроўках» Уладзіслаў Сыракомля, памылкова датуючы яе 1555 годам: «Яго замак Мір і ўсю адміністрацыйную акругу з усёй маёмасцю мы ўзводзім на ступень графства, гэта званне надаём самому Юрыю Ільінічу, яго дзецям, нашчадкам і законным спадчыннікам разам з усімі іх дзецьмі абодвух полаў, цяперашнімі і тымі, якія народзяцца, ад сённяшняга дня і ва ўсе будучыя часы, называючы іх ад гэтага графства замка Мір графамі». Не маючы жонкі і дзяцей, Юрый Ільініч большую частку жыцця правёў пры нясвіжскім двары Радзівілаў; калі ж у 1565 годзе Мікалай Чорны памёр, Ільініч зрабіўся апекуном яго дзяцей. Маючы слабае здароўе і ў прадчуванні блізкай смерці, Ільініч 25 жніўня 1568 года складае завяшчанне, па якому галоўным спадчыннікам згаслага роду Ільінічаў робіцца старэйшы сын Радзівіла Чорнага — Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. У 1569 годзе Юрый Ільініч памірае ў Бярэсці. Мірскае графства разам з замкам пераходзіць пад уладу Радзівілаў. ЗноскіЛітаратура
|