Ігар Аляксандравіч Марзалюк
І́гар Алякса́ндравіч Марзалю́к (нар. 11 верасня 1968, Краснаполле, Магілёўская вобласць) — беларускі гісторык і археолаг, палітык, прыхільнік і прапагандыст рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі[3]. Член-карэспандэнт НАН Беларусі (2019), доктар гістарычных навук (2003), прафесар. БіяграфіяПаводле словаў самога Марзалюка, па кудзелі ён паходзіць з «польскай каталіцкай шляхты» Мсціслаўскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага і ганарыцца сваімі польскімі каранямі[4]. Пра сваю культурную ідэнтычнасць Ігар Марзалюк адзначыў у 2013 годзе:[5]
У 1992 годзе скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Завочна скончыў аспірантуру. У 1996 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Магілёў у XII—XVIII стст. (па матэрыялах археалагічнага даследавання і пісьмовых крыніц)» (навук. кіраўнік — Г. В. Штыхаў). Працаваў археолагам у Магілёўскай архітэктурна-рэстаўрацыйнай фірме «АРТ-М». З 1996 па 1999 год старшы выкладчык кафедры філасофіі, а з 1999 па 2002 гг. — дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя А. А. Куляшова. У 1990-х гадах быў членам апазіцыйнай да Аляксандра Лукашэнкі партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, насіў значок з бела-чырвона-белым сцягам[6]. У 2003 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы насельніцтва беларускіх зямель у X—XVII стст.». Называў сябе самым маладым доктарам гістарычных навук[7] (насамрэч такім быў Дзяніс Дук). У 2004—2016 гадах загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя А. А. Куляшова. З восені 2016 года — дэпутат, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па навуцы, культуры і адукацыі. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь V склікання (2012—2016, пастаянная камісія па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы). З 2016 — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы. 27 жніўня 2020 годзе паведаміў, што ў яго здарыўся мікраінсульт. Праблемы са здароўем, заявіў Марзалюк, праявіліся пасля атрыманых пагроз: «Як тут не хвалявацца, калі адраджэнцы ў тэлеграме жадаюць смерці, смерці сям’і, пагражаюць забойствамі… Калі гэта дэмакратыя, то супраць такой дэмакратыі я гатовы ісці са зброяй у руках». Перад тым у СМІ з’явілася відэа, дзе Марзалюк ідзе хістаючыся па горадзе[8]. У 2024 годзе стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VIII склікання ад Магілёўскай-Ленінскай акругі № 84. Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, член Савета Палаты прадстаўнікоў[9]. Сям’яЖанаты з Аленай Марзалюк, старшай навуковай супрацоўніцай Магілёўскага гістарычнага музея. Сын — Альгерд (нар. 2002)[6]. Працоўная і навуковая дзейнасцьЗаймаўся археалагічнымі раскопкамі на Магілёўшчыне, вёў даследчыцкую работу ў архівах Магілёва, Мінска, Вільнюса. Удзельнічаў у навуковых канферэнцыях і чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі ў Польшчы, Германіі і Чэхіі. Узначальвае абласную грамадскую арганізацыю «Магілёўскае краязнаўчае таварыства». Аўтар даследаванняў па гісторыі Магілёва, у т.л. кнігі «Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах» (1997, у сааўтарстве з А. Р. Агеевым і І. А. Пушкіным; 2-е выд. перапрац. і дап. 1999). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Гісторыя рэлігіі Беларусі (10—18 ст.)» (1997), манаграфіі «Магілёў у 12—18 ст. Людзі і рэчы» (1998). У ліпені 2014 Марзалюк паведаміў, нібы знайшоў «берасцяную грамату»[10]. Але вучоныя не прызнаюць гэты прадмет граматай, бо на ім не відаць ніводнай літары. Палітычная дзейнасць
Неаднаразова выказваўся ў падтрымку «Дэкрэта аб дармаедстве»[11]. 9 сакавіка 2017 г. прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў чыноўнікаў і дэпутатаў (у тым ліку, мясцовых саветаў), каб яны актыўней працавалі з насельніцтвам адносна выканання прэзідэнцкага дэкрэта № 3[12]. 15 сакавіка 2017 г. у Магілёве падчас несанкцыянаванага пратэсту людзей (500—700 чал.[13]) супраць прэзідэнцкага дэкрэта № 3, Ігар Марзалюк як мясцовы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу актыўна выступаў перад прысутнымі пратэстуючымі, абяцаючы, што «рэзка будзе пашыраны пералік людзей, якія маюць права не плаціць збор» і да 25 сакавіка 2017 г. з дэкрэта № 3 «усю дурасць прыбяруць»[14]. Магілёўскі праваабаронца Аляксандр Хамратаў звярнуўся ў суд Ленінскага раёна г. Магілёва па тлумачэнні, чаму Ігар Марзалюк не прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, бо Марзалюк, паводле слоў Хамратава, нанёс яму «маральную шкоду» і ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу[15]. Ленінскі РАУС г. Магілёва адмовіў у прэтэнзіях, бо ў дзеяннях дэпутата Марзалюка «адсутнічае склад правапарушэння». У адказ на запыт, чым адрозніваюцца паводзіны пратэстуючых на несанкцыянаваным мітынгу і дэпутата парламента, Упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама паведаміла, што «ў абавязкі органаў унутраных спраў не ўваходзіць тлумачэнне дзейнага заканадаўства і юрыдычная кансультацыя», таму дэпутат Марзалюк не быў прыцягнуты да адказнасці[15]. У пачатку красавіка 2017 г., у адказ на зварот да яго магілёўскіх праваабаронцаў аб дапамозе ў вызваленні і рэабілітацыі асуджаных удзельнікаў акцыі, Ігар Марзалюк паведаміў, што накіраваў запыт начальніку УУС Магілёўскага аблвыканкама «з просьбай інфармавання аб прычынах затрымання» ўдзельнікаў праведзенага 15 сакавіка ў Магілёве «Маршу недармаедаў». У сваім адказе Марзалюк таксама піша, што калі затрыманыя парушылі заканадаўства, то адміністрацыйнае спагнанне, накладзенае на іх, правамернае, і меры па іх вызваленні і рэабілітацыі не могуць быць прынятыя. Адказ Марзалюк даў на рускай мове, нягледзячы на тое што заканадаўства аб зваротах грамадзян абавязвае даваць адказ на мове звароту, у гэтым выпадку беларускай[13]. 19 красавіка 2019 года, падчас штогадовага паслання прэзідэнта Беларусі вельмі эмацыйна адрэагаваў на словы прэзідэнта аб суверэнітэце рэспублікі: ён плакаў, энергічна ківаў і апладзіраваў[16]. 6 мая 2019 года дэпутат ўрачыста адкрыў немудрагелістыя металічныя парэнчы на тэрыторыі гарадскога парку напярэдадні Дня Перамогі[17][18]. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі (2020) выказаўся наконт перадвыбарнай кампаніі часткі альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на статус кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, назваўшы іх вестунамі грамадзянскай вайны, якім не патрэбна спакойная сацыяльная эвалюцыя, не патрэбна моцная, па сапраўднаму суверэнная беларуская дзяржава.
Тады ж, напярэдадні выбараў, назваў затрыманых у Мінску байцоў групы «Вагнер» «засланымі прафесійнымі забойцамі і правакатарамі»[20]. 15 сакавіка 2021 года ўвайшоў у склад Канстытуцыйнай камісіі, якая ў мэтах ажыццяўлення рэзалюцыі шостага Усебеларускага народнага сходу распрацоўвала прапановы па змяненні Канстытуцыі Беларусі і забяспечвала іх «усенароднае абмеркаванне»[21]. Гістарычныя поглядыУ 2019 годзе ў артыкуле «Настаўніцкай газеты» ахарактарызаваў паўстанне 1863—1864 гадоў выключна польскім, а Кастуся Каліноўскага назваў носьбітам польскага нацыяналізму[22]. У сакавіку 2019 года ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» выказаўся пра асобу Кастуся Каліноўскага: «Ёсць фігуры, якія могуць быць культавымі для нейкай субкультуры. Але чалавек, які называе, скажам, праваслаўе „сабачай верай“ (калі ў нас 80 % праваслаўных), ці можа такі чалавек быць нацыянальным героем краіны?»[23][24]. У красавіку 2019 года падтрымаў знос крыжоў у Курапатах: «У межах зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці, паводле беларускага заканадаўства, без дазволу Міністэрства культуры нельга ўзводзіць спаруды… У нас перад Вялікаднем прынята наводзіць парадак на месцах смутку, на месцах, дзе сапраўды загінулі людзі»[25]. 9 лістапада 2020 года ў эфіры Сталічнага тэлебачання сцвярджаў, што «… казкі пра беларускіх князёў з павязкамі — гэта легенда аўстрыйская, пра аўстрыйскі чырвона-бела-чырвоны, украдзеная беларускімі нацыяналістамі ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя і ўведзеная ў іх кніжачку. Калі казаць пра бел-чырвона-белы, то ён узнік у 1917 годзе. Чырвоная паласа з’явілася для таго, каб сімвалізаваць лютаўскую рэвалюцыю. На жаль, самая вялікая трагедыя гэтага палотнішча бел-чырвона-белага — гэта тое, што яго сапраўды выкарыстоўвалі беларускія нацыяналісты-калабарацыяністы, якія бралі ўдзел у супрацоўніцтве з нацыстамі». Сцвярджаў таксама, што лозунг «Жыве Беларусь», "… калі мы кажам не пра словаспалучэнне, а пра прывітанне, то мы адкрываем статут Саюза беларускай моладзі і бачым, што калі вы ніжэй па статусу, вы падыходзіце да старэйшага і вітаецеся: «Жыве Беларусь», прычым выкідваеце руку — зігуеце. А вам у адказ ваш начальнік лаканічна адказвае: «Жыве»[26]. У 2022 годзе адзначалася тэндэнцыйнасць выказванняў Ігара Марзалюка пра Наталлю Арсенневу[27] і рэакцыю беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў на «вызваленчы паход Чырвонай арміі» 1939 года ў Заходнюю Беларусь[28]. Паводле палітолага Вольфа Рубінчыка, пачынаючы з 2010-х гадоў Марзалюк — больш прапагандыст, чым даследчык[27]. У 2023 годзе ў перадачы дзяржаўнага тэлебачання падаў непраўдзівыя звесткі пра нібыта ўжыванне беларускага бела-чырвона-белага сцяга ў злачынствах Другой сусветнай вайны. Марзалюк паказаў вядомае фота з акругі Галіцыя на мяжы з Румыніяй, знятае 11 траўня 1943 года, якое змяшчае выяву здзекаў нацыстаў з яўрэяў перад расстрэлам, пры гэтым у аднаго з нацыстаў на чорна-белым фота павязка з трох ліній. Па словах жа Марзалюка, гэта фота з Беласточчыны, а на руцэ ў карнікаў бела-чырвона-белы сцяг[29]. Грамадзянская пазіцыяУ 2016 годзе ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» выказаўся ў гамафобным духу[30]:
У лютым 2023 года на дзяржаўным тэлеканале СТБ выказаўся за «пазітыўную дыскрымінацыю» рускай мовы на карысць беларускай. Прапанаваў выкладаць гуманітарныя прадметы ў школах па-беларуску. За што быў раскрытыкаваны прарасейскімі актывістамі рэжыму Лукашэнкі[31]. УзнагародыУзнагароджаны ордэнам Пашаны (2019)[32], медалём «За працоўныя заслугі», нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі», ганаровымі граматамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Савета Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, медалём «За ўмацаванне парламенцкага супрацоўніцтва» Савета Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў[33]. Выбраная бібліяграфія
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|