Інгэ I Гарбаты
Інгэ Харальдсан, або Інгэ I Гарбаты (стар.-сканд.: Ingi krókhryggr; 1135 — 3 лютага 1161) — кароль Нарвегіі на працягу амаль усяго свайго кароткага жыцця. Адзіны законны сын Харальда IV і ўнучкі шведскага караля Інгэ Стэнкільсана (у гонар якога і названы). Яго кіраванне было адзначана бесперастаннай барацьбой з пазашлюбнымі сынамі Харальда і іх нашчадкамі. Пасля смерці Харальда IV падгадаваны Інгэ быў абвешчаны каралём разам са сваім адзінакроўным братам, Сігурдам II. Іх апекунам удалося адолець некалькіх прэтэндэнтаў на прастол — Магнуса IV і Сігурда Слембэ. У 1142 годзе ў Нарвегіі з'явіўся трэці кіраўнік — Эйстэйн Магнусан, які называў сябе сынам Харальда; яму адышла траціна Нарвежскага каралеўства. З імем Інгэ Харальдсана звязана заснаванне Нідараскага біскупства — зародка самастойнай Нарвежскай царквы. У 15-гадовым узросце Інгэ старшынстваваў на Бергенскім з'ездзе знаці і духавенства. Яго палітычная самастойнасць выклікала зайздрасць Сігурда і Эйстэйна, якія сталі рыхтаваць яго звяржэнне. З 1155 года ў Нарвегіі пачаўся перыяд зацяжных грамадзянскіх войнаў, якія падтачылі асновы нацыянальнай дзяржаўнасці. На першым этапе Эйстэйн і Сігурд былі зрынуты прыхільнікамі Інгэ. З 1157 года пры падтрымцы шырокіх пластоў сялянства на прастол стаў прэтэндаваць пазашлюбны сын Сігурда — будучы Хокан II Шыракаплечы. Сутычка з яго прыхільнікамі каля Осла каштавала Інгэ жыцця. Зноскі
Спасылкі |