Утвораны 31 жніўня 1954 года ў выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка, Рудабелка і Рудня з атрыманнем статуса райцэнтра. Вёска Рудабелка вядомая з сярэдзіны XV ст. як вялікакняжацкае ўладанне, здавалася ў заставу (арэнду) Радзівілам, Вішнявецкім і іншыс. З 1685 года зрабілася прыватнай уласнасцю Радзівілаў. У канцы XVIII ст. належала памешчыку Дамініку Лапе, які заснаваў тут маёнтак Карпілаўка і ў першай палове XIX ст. правёў буйныя меліярацыйныя мерапрыемствы. У 1863 годзе аткрыта народнае вучылішча. У 1918—1920 гадах існавала «Рудабельская рэспубліка» (захаванне савецкай улады на тэрыторыі, акупаванай спачатку нямецкімі, а потым — польскімі войскамі). 28 чэрвеня 1939 года быў створаны Акцябрскі раён Палескай вобласці з цэнтрам у Карпілаўцы.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны — адзін з цэнтраў Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны (існавала савецкая ўлада, працавалі школы, выдаваліся газеты). У пачатку красавіка 1942 года ў ходзе карнай аперацыі немцаў усе 3 вёскі (Карпілаўка, Рудабелка і Рудня) амаль цалкам спаленыя, знішчана больш за 2,5 тысяч жыхароў. Вызвалены 27 чэрвеня 1944 года.
Прафесійна-тэхнічнае вучылішча сельскай гаспадаркі, раённая гімназія, 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкія спартыўная і музычная (адкрыта 01.09.1969) школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, Цэнтр гісторыі і культуры (з 14.11.1995), карцінная галерэя (з 1990 года), 2 бібліятэкі, кінатэатр, райбальніца, 2 аптэкі, раённы вузел сувязі, друкарня, заапарк. Выдаецца раённая газета «Чырвоны Кастрычнік» (з 1939 года). 23.11.1996 года адкрыта праваслаўная Свята-Пакроўская царква, будуецца рымска-каталіцкі касцёл.
Архітэктура і славутасці
Планіроўка
Планіроўка квартальная, выцягнутая з поўдня на поўнач. Рака падзяляе пасёлак на паўночную і паўднёвую часткі. Асноўным планіровачным ядром з’яўляецца цэнтральная плошча, вакол якой размешчаны адміністрацыйныя будынкі, гандлёвы цэнтр і асноўныя месцы адпачынку. На ўсходзе ў апошнія дзесяцігоддзі склаўся мікрараён, забудаваны 3- і 5-павярховымі жылымі дамамі. У 1987—93 гадах у асноўным на поўначы пасёлка ўзведзена 189 мураваных, катэджнага тыпу дамоў, у якіх размясціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месц пасля Чарнобыльскай аварыі 1986 г. На месцы былой лесапілкі ў цэнтры пасёлка будуецца новы квартал (з 2010 года). Карта пасёлка
Помнікі
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан на вуліцы Савецкая. У 59 магілах пахаваны 272 воіны Чырвонай Арміі (загінулі ў чэрвені 1944 года пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў) і 41 партызан (загінулі ў Вялікую Айчынную вайну). У 1959 годзе пастаўлены помнік — скульптура воіна (рэканструяваны ў 1984 годзе).
Магіла ахвяр фашызму на вуліцы Бумажкова. Пахаваны астанкі 643 жыхароў, якіх 2 красавіка 1942 года спалілі жывымі карнікі ў памяшканні клуба спіртзавода. У 1959 годзе пастаўлены абеліск.
Магіла ахвяр фашызму на вуліцы Гастэлы. Пахаваны астанкі 486 жыхароў былой вёскі Карпілаўка, якіх 3 красавіка 1942 года расстралялі, а потым спалілі карнікі. У 1959 годзе пастаўлены абеліск.
Магіла ахвяр фашызму на вуліцы Савецкая, каля сярэдняй школы № 1. Пахаваны астанкі 700 жыхароў, якіх 2 красавіка 1942 года расстралялі, а потым спалілі карнікі. У 1972 годзе на магіле пастаўлены помнік — скульптура жанчыны ў жалобе.
Магіла ахвяр фашызму. За 0,5 км ад пасёлка, каля дарогі на Азарычы. Пахаваны астанкі 800 жыхароў былой вёскі Рудня, якіх 2 красавіка 1942 года спалілі карнікі. У 1975 годзе ўстаноўлены 2 стэлы.
Мемарыяльная дошка ў гонар партызан. Партызанская плошча, на будынку раённага Савета дэпутатаў. Устаноўлена ў 1959 годзе ў памяць аб знаходжанні ў Рудабелцы цэнтра партызанскай зоны.
Мемарыяльная дошка на месцы базіравання Акцябрскага падпольнага райкома КП(б)Б і штаба 123-й партызанскай брыгады імя 25-годдзя БССР. Устаноўлена ў 1959 годзе на будынку № 40 па вуліцы Савецкай.
Помнік Ц. П. Бумажкову. Устаноўлены ў 1961 годзе на вул. Савецкай перад кінатэатрам.
Помнік «Барацьбітам за савецкую ўладу» на Цэнтральнай плошчы.
Сцяна прысвячэння — помнік Героям Савецкага Саюза — воінам-землякам і воінам, атрымаўшым гэта званне за вызваленне Акцябрскага раёна. Цэнтральная плошча.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
↑Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
↑Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004.
Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9ISBN 985-11-0302-0
Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.