Акіта (прэфектура)
Акіта[5] — прэфектура ў паўночнай частцы Японіі, знаходзіцца ў рэгіёне Тахоку. Адміністрацыйны цэнтр прэфектуры — горад Акіта. Плошча прэфектуры — 11 636,28 км², насельніцтва — 1 038 364 чалавекі (1 жніўня 2014), шчыльнасць насельніцтва — 89,24 чал./км². Асновай эканомікі з’яўляецца сельская гаспадарка, машынабудаванне, гандаль, турызм. На тэрыторыі прэфектуры размешчаны горы Сіракамі, пакрытыя першабытнымі самшытавымі лясамі, аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Прэфектура знаходзіцца далёка ад асноўных палітыка-эканамічных цэнтраў Японіі, што спрыяла кансервацыі многіх формаў японскай матэрыяльнай і духоўнай культуры, якая знікла пад націскам сярэднявечнай кітаізацыі або вестэрнізацыі новага часу. ГеаграфіяПрэфектура Акіта размешчана ў паўночнай частцы вострава Хонсю, на паўночным захадзе рэгіёну Тахоку. Мяжуе на поўначы з прэфектурай Аомары, на ўсходзе — з прэфектурай Іватэ, а на поўдні — з прэфектурамі Міягі і Ямагата. На захадзе Акіта абмываецца водамі Японскага мора. Па плошчы тэрыторыі прэфектура займае 6-е месца ў краіне сярод іншых прэфектур. У прэфектуры Акіта пераважае гарысты рэльеф. Высокія горы на ўсходзе, пакрытыя іглічнымі і змяшанымі лясамі, паступова змяняюцца пагоркамі на захадзе. Асноўнымі горнымі масівамі з’яўляюцца горы Оу, Дэва, Тайхэй, Сіракамі і пагоркі Сасаморы. Самы высокі пункт прэфектуры — гара Цёкай. У цэнтральнай частцы прэфектуры, у ніжнім цячэнні ракі Амона, знаходзіцца раўніна Акіта. Уздоўж паўночнага і паўднёвага ўзбярэжжа ляжаць раўніны Насіра і Хандзё. У горнай мясцовасці ляжаць нізіны Одатэ, Такасі, Карын і Ёкотэ. Па раўнінах і нізінах працякаюць рэкі, якія ўпадаюць у Японскае мора. Найбуйнейшымі з іх з’яўляюцца Ёнэсіра, Амона і Коёсі. На заходнім узбярэжжы прэфектуры знаходзіцца паўвостраў Ога, у падставы якога ляжыць возера Хатырагата. У свой час яно было другім па велічыні возерам Японіі, але ў 1967—1977 гадах яго часткова асушылі. Таксама ў прэфектуры Акіта размешчана возера Товада — унікальны вадаём у кратары вулкана, Тадзава — самае глыбокае возера Японіі глыбінёй 423,4 м, і буйное возера Тайхэй. Зноскі
|