Артур Кап
Артур Кап (1878—1952) — эстонскі кампазітар і педагог, аркестравы дырыжор і дзеяч асветы. Заслужаны дзеяч мастацтваў ЭССР (1945). Лаўрэат Сталінскай прэміі другой ступені (1950). БіяграфіяНарадзіўся 16 (28) лютага 1878 года ў Суурэ-Яані Фелінскага павета Ліфляндскай губерні Расійскай імперыі (цяпер павета Вільяндзімаа Эстоніі). Яго бацька Ёазеп Кап быў арганістам і дырыжорам. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю па класе аргана Л. Гаміліуса (1898) і па класе кампазіцыі М. А. Рымскага-Корсакава (1900). Пасля заканчэння кансерваторыі пераехаў у Астрахань, дзе ўзначаліў мясцовае аддзяленне Рускага музычнага таварыства. У 1904—1920 гадах — дырэктар Астраханскага музычнага вучылішча (цяпер Астраханскі музычны каледж імя М. П. Мусаргскага). У 1920 годзе Кап быў запрошаны ў якасці дырыжора опернага тэатра «Эстонія» і разам з сям’ёй пераехаў у Талін. У 1920—1924 гадах — дырыжор тэатра «Эстонія», з 1920 года вёў педагагічную работу (у 1925—1943 — прафесар Талінскай кансерваторыі). Аўтар араторыі «Ёў» (1930), кантаты «Да сонца», 5 сімфоній, арганных канцэртаў, сімфанічных сюіт. Унёс вялікі ўклад у развіццё харавой музыкі. Сярод яго вучняў былі Г. Эрнесакс, Э. Ааў. Артур Кап памёр 14 студзеня 1952 года ў Суурэ-Яані. Пахаваны на мясцовых могілках. 5-я сімфонія-кантата Артура Капа «Сімфонія свету» (1949—1951) была завершана яго сынам і вучнем — кампазітарам Эўгенам Капам (1908—1996). Вучнем Артура Капа быў і яго пляменнік Вілем Кап (1913—1964). Зноскі
|