Баранавіцкая аперацыя (1916)
Баранавіцкая аперацыя, або Скробава-Гарадзішчанская аперацыя — наступальная аперацыя войскаў расійскага Заходняга фронту пад камандаваннем генерала ад інфантэрыі А. Е. Эверта пад час Першай сусветнай вайны, праведзеная 3 ліпеня (20 чэрвеня) — 25 (12) ліпеня 1916 года. Хада аперацыіПачатакПасля нямецкага наступу 1915 года расійскія войскі распачалі вялікае адступленне ад самай Варшавы. Уначы з 23 на 24 верасня 1915 года расійскія аддзелы пакінулі Баранавічы. Апоўдні наступнага дня ў горад увайшлі нямецкія часткі арміі генерала Войрша. Фронт затрымаўся на рацэ Шчара, каля 6 км на ўсход ад Баранавіч. Нямецкае войска адразу ж па спыненні наступу распачало будаўніцтва абарончых умацаванняў, названых пасля «нямецкімі акопамі». У Баранавічах размяшчаўся штаб адрэзку нямецкага ўсходняга фронту, які аднойчы наведваў кайзер Вільгельм II. У чэрвені 1916 распачаўся расійскі наступ па аўстрыйскім фронце, які прынёс вялікі поспех і быў пасля названы Брусілаўскім прарывам. На паўночным баку наступлення баранавіцкі ўчастак з нямецкага фронту быў найменш умацаваны. Абарону яго выконвалі не кадравыя часткі, а Сілезскі ландверны корпус — гэтак званыя апалчэнцы. (Ландвер — гэта назва рэзерву 2-й чаргі прызыву, у якім стаялі на ўліку пасля вайсковай службы да 39 год). Участак даўжынёю 136 км трымалі толькі тры нямецкія і дзве аўстрыйскія дывізіі, маючы, аднак, значныя сілы артылерыі і добрыя ўмацаванні. Таму расійскае камандаванне вырашыла нанесці сюды галоўны ўдар, каб падтрымаць і развіць Брусілаўскі наступ на аўстра-венгерскім фронце. 1-я атакаПершая атака на аўстра-нямецкія пазіцыі распачалася а 5 гадзіне раніцы, у аўторак 13 чэрвеня 1916 г.[1] Праводзілі іх 3-я і 4-я рускія арміі. Моцны артылерыйскі абстрэл нямецкай 4-й ландвернай дывізіі між Скарчава і чыгункай Варшава-Масква цягнуўся 12 гадзін. Нямецкія часткі перачакалі яго ў бетонных бліндажах. А 19 гадзіне рускі корпус грэнадзёраў і 81 дывізія пяхоты ўдарылі на ўчастку між Калдычэўскім возерам і чыгуначнай лініяй Мінск-Баранавічы. Мэтай быў прарыў нямецкага фронту і ўдар на Баранавічы. Немцы адкрылі загараджальны агонь па наступаючых рускіх ланцугах. Некаторым расійскім часткам пашчасціла ўварвацца ў нямецкія акопы, аднак іх амаль адразу ж выбівалі адтуль. Пасля сямі безвыніковых атак бой сціх. Найбольш гарачы бой разгарэўся каля Сталовіч. Пра страты кажа такі факт, што адно з умацаванняў недалёка ад Торчыцаў было названа немцамі «Руская магіла». Тамака немцы здолелі спыніць рускіх за 10 крокаў ад акопаў — пачалося жахлівае супрацьстаянне з выкарыстаннем ручных гранат. Рускае камандаванне, маючы колькасную перавагу, не здолела правільна скарыстацца рэзервамі. За гэты дзень загінула ці трапіла ў палон каля 7000 расійскіх салдат. Грэнадзёрскі корпус быў амаль цалкам знішчаны. Захоплена было толькі адно нямецкае ўмацаванне «Балотны холм» на захадзе вёскі Старыя Войкавічы. Аднак ранкам 14 чэрвеня пасля артабстрэлу і штыхавой атакі немцы здолелі адбіць і яго. Пасля на баранавіцкім участку ўсё сціхла. Немцы з новым імпэтам пачалі аднаўляць свае ўмацаванні, ствараць штучныя перашкоды, нацягваць новыя шэрагі калючага дроту. Рускія ж праводзілі перагрупіроўку войска, падрыхтоўку прылад для хуткага фарсіравання рэчкі Шчара. Падцягвалася цяжкая артылерыя. Новы наступ рыхтаваўся з улікам памылак. Яго мэтай быў «Брэст-Літоўск праз Баранавічы», дзеля падтрымкі Брусілаўскага прарыву. 2-я атака2 ліпеня а 7 раніцы распачалася руская артпадрыхтоўка[2]. У гэты час рускія здолелі навесці цераз р. Шчару і р. Сэрвач масткі. На ўчастку Выгада — Карчова распачаўся наступ 4-й расійскай арміі ген. Рагозы, у склад якой уваходзілі, акрамя грэнадзёраў, Х, XIX, XXV корпусы пяхоты, узмоцненыя 11 сібірскай дывізіяй і 112 дывізіяй пяхоты. Ля Высокага і Скробава расійскія салдаты захапілі 1-ю лінію аўстрыйскіх умацаванняў. Было ўзята ў палон каля 3000 нямецкіх і аўстра-венгерскіх салдат. 3 ліпеня расійская артылерыя пачала абстрэл 2-й лініі абароны праціўніка. 4 ліпеня зацятая бойка трывала каля вёсак Дарава, Літва і Гірава. Але захапіць 2-ю нямецкую лінію здолелі толькі на Дараўскім участку. Уночы пайшоў моцны лівень, што ператвараў акопы і рвы ў бурлівыя патокі. Гэтым скарысталіся немцы і імкліваю атакаю ў 7 гадзін раніцы выбілі рускіх з «Дараўскай высаты». 5 ліпеня рускія паспрабавалі прабіць аўстрыйскія часткі на ўчастку Цырын — Выгада, але таксама былі адкінуты[3]. Пасля гэтага баі на нейкі час сціхлі. Па словах ген. Рагозы, 6 ліпеня планаваліся артпадрыхтоўка і новы штурм у накірунку Баранавіч, але гэткі спосаб быў прызнаны паспешным і неэфектыўным, таму дзеля перагрупіроўкі атака была адкладзена на 7 ліпеня. Асноўныя атакі былі накіраваны на аўстрыйскія пазіцыя Цырын — Карчова і Крашын — Адахаўшчына. Аўстрыякі лічыліся менш стойкімі, і на іх участках рускія мелі найбольшы поспех. Немцы ж падмацавалі аўстрыйцаў баварскай кавалерыйская дывізіяй[4]. Наступ распачаўся ў другой палове дня 7 ліпеня, у некаторых месцах даходзіла да рукапашных боек. Да вечара рускія захапілі цэнтр 1-й лініі аўстрыйскага XII корпуса недалёка вёскі Скробава. Зацятая бойка трывала тут да 16 гадзіны 9 ліпеня[5][6]. 14 ліпеня а 17 гадзіне генерал Войрш распачаў контрнаступ. Пасля моцнага артабстрэлу каля Скробава распачалася нямецкая атака. Пры навальніцы і залеве немцы вярнулі сабе колішнюю сваю 1-ю лінію абароны. Спробы рускіх адбіць акопы назад былі безвыніковымі. Зноў над фронтам усталявалася зацішша. Немцы і аўстрыйцы аднаўлялі і ўмацоўвалі пашкоджаныя пазіцыі, рускія рыхтаваліся да новага наступу. 3-я атака25 ліпеня ў раёне Агінскага канала на поўначы вёскі Выгада распачалася новая расійская атака[7]. На невялікім адрэзку меркаванага прарыву (3 км) быў нанесены артылерыйскі ўдар. Пасля ў атаку пайшлі 55 і 67 дывізія 35 корпуса і 52 дывізія 3 Каўказскага корпуса. Абарону трымала 201 нямецкая дывізія. Было адбіта некалькі хваляў атакі. Пад вечар рускім пашчасціла захапіць участак у 150 метраў, але далей прабіцца не атрымалася. Да раніцы немцы здолелі адбіць і гэты ўчастак. 26 ліпеня атака працягваецца на адцінках Адахаўшчына — Скарчава і Дарава — Лабузы. У 7 гадзін 30 хвілін у атаку ўздымаецца 9 руская дывізія, але нясе вялікія страты, так і не здабыўшы нямецкіх умацаванняў. Уночы польскі легіён на нейкі час умацоўваецца на «Балотным халме», але да раніцы немцы выбіваюць і яго[8]. 27 ліпеня безвыніковыя атакі пачынаюцца каля вёскі Лабузы і вёскі Дарава[9]. Гэты жахлівы крывавы наступ скончыўся нічым толькі пад раніцу 29 ліпеня[10][11]. Гэты дзень лічыцца заканчэннем аперацыі, пазней названай Скробава-Гарадзішчанскай ці Баранавіцкай. Больш на баранавіцкім участку актыўных баявых дзеянняў не адбывалася да канца Першай сусветнай вайны. Страты расійскага войска ацэньваюцца ў 40 тысяч забітых і 60 тысяч параненых. Страты нямецкіх войск пад камандваннем ген. Войрша — каля 8 тысяч забітымі і параненымі, пры гэтым 16-я аўстрыйская дывізія мусіла адысці з фронту з-за панесеных ёю вельмі вялікіх страт. На яе ўчастку адбыліся найбольш крывавыя баі. Расійскі наступ на баранавіцкім участку быў няўдалы, бо не дасягнуў пастаўленых мэтаў. Аднак ён затрымаў групу Войрша, якая нават была ўзмоцнена між першай і другой атакамі. Гэтыя сілы не маглі быць ужытыя праціўнікам у іншым месцы. На сённяшні дзень пра месцы зацятых баёў напамінаюць толькі нешматлікія нямецкія могілкі (расійскія амаль не захаваліся), бетонныя нямецкія бліндажы і доты, а таксама рэшткі акопаў, што засталіся ў навакольных лясах. Зноскі
Літаратура
|