Белая (прыток Камы)
Бе́лая (башк.: Ағиҙел, татар.: Агыйдел, руск.: Белая) — рака ў Расіі, на Паўднёвым Урале і Перадураллі, левы прыток ракі Кама. Працякае па тэрыторыі Башкартастана і на мяжы з Татарстанам. Даўжыня ракі 1430[2][3] км. Плошча вадазбору 142 000[2][3] км². Сярэдні расход вады 970[3] м³/с (840 м³/с каля горада Бірск[1]). Бярэ пачатак у балотах на ўсходзе ад гары Ірэмель (Паўднёвы Урал). У верхняй частцы Белая цячэ ў нізкіх забалочаных берагах. Ніжэй пасёлка Цірлянскага даліна рэзка звужаецца; на асобных участках схілы яе стромкія, абрывістыя, пакрытыя лесам. Ніжэй упадзення правага прытоку ракі Нугуш, па меры выхаду на раўніну, даліна паступова пашыраецца. Пасля ўпадзення ракі Уфа Белая ўяўляе сабою тыпова раўнінную раку. Працякаючы па шырокай пойме, багатай старыцамі, рака ўтварае шмат лукавін і разбіваецца на рукавы. Жыўленне галоўным чынам снегавое. Замярзае ў другой дэкадзе лістапада, выкрываецца ў сярэдзіне красавіка. Суднаходная на адлегласці 534 км ад вусця (да вусця ракі Сім)[2]. Асноўныя прытокі Белай: Нугуш, Сім, Уфа, Бір, Танып, Ашкадар, Уршак, Дзёма, Кармасан, Чэрмасан, База, Сюнь. У басейне ракі каля 800 азёр (самае вялікае — Аслыкуль)[1]. Гарады: Беларэцк, Салават, Ішымбай, Сцерлітамак, Уфа, Бірск. Зноскі
Літаратура
Спасылкі |