Бенгальская мова
Бенга́льская мова (саманазва: বাংলা; трансл. Bāṇlā, вымаўл. [ˈbaŋla]) — мова бенгальцаў, распаўсюджаная на паўночным усходзе Індыйскага субкантынента, з'яўляецца адной з самых пашыраных моў свету. Бенгальская — сёмая мова свету па колькасці носьбітаў (каля 193 млн чал.)[2]. Бенгальскую мову часта называюць «бенгалі», што з'яўляецца транслітарацыяй яе англійскага наймення. Самі носьбіты называюць сваю мову «бангла», ці (радзей) — «бонго-бхаша». Бенгальская мова з'яўляецца дзяржаўнай мовай Бангладэш і мовай штата Бангла (Заходняя Бенгалія) ў Індыі. Канстытуцыя Індыі замацавала за ёй статус адной з афіцыйных моў Індыі[3]. Па-бенгальску размаўляюць таксама ў індыйскіх штатах Асам, Біхар і Арыса. Выдзяляюцца дзве асноўныя дыялектныя групы: заходняя (асноўны дыялект раёна Набадвіпа) і ўсходняя (асноўны дыялект раёна Дакі), а таксама адасоблены дыялект Чытагонга[4]. Характэрныя асаблівасці моўнага ладу агульныя і для суседніх моў — орыя і асамскай мовы. ПісьменнасцьПісьменнасць бенгальскай мовы — бангакхор, якая (як і дэванагары, гурмукхі і іншыя пісьмёны Індыі) паходзіць ад пісьма брахмі. КласіфікацыяБенгальская мова адносіцца да ўсходняй падгрупы індаарыйскай групы індаіранскай галіны індаеўрапейскай моўнай сям'і. Бенгальская блізкая да асамскай мовы і мовы орыя. Лінгвістычныя рысыГеаграфічна яна з'яўляецца адной з самых усходніх з індаеўрапейскіх моў і на працягу многіх стагоддзяў кантактавала з мовамі іншых моўных сямей (сіна-тыбецкай, аўстразійскай і дравідыйскай), з-за чаго бенгальская мова значна адрозніваецца ад іншых моў сям'і, праяўляючы і ў фанетыцы, і ў граматыцы рысы, якія адрозніваюць яе ад роднасных новых індаарыйскіх моў. Фанетыка, фаналогіяУ фанетыцы мовы згублена фаналагічнасць (сэнсаадрознівальная роля) даўжыні галосных, сібілянты (свісцячыя) фанетычна прадстаўленыя адным варыянтам, знятае проціпастаўленне паміж губна-губнымі і губна-зубнымі зычнымі, фанетычна спрошчаныя або мадыфікаваныя спалучэнні зычных з глайдамі . Таксама варта адзначыць гармонію галосных (рэдкую для індаеўрапейскіх моў), наяўнасць насавых галосных, супрацьпастаўленых ненасавым галосным, прыдыхальных зычных — непрыдыхальным зычным, гемінацыю (падваенне) зычных, оканне. Марфалогія, сінтаксісСамымі яркімі граматычнымі адрозненнямі бенгальскай мовы ад роднасных ёй індаарыйскіх моў з'яўляецца страта дапасавальных катэгорый роду і ліку, утварэнне новых сінтэтычных асабовых дзеяслоўных форм, страта эргатыўнай канструкцыі пры захаванні рада семантычных рыс, уласцівых мовам ненамінатыўнай кантэнсіўнай тыпалогіі. Граматычны лад мае аглюцінатыўны характар словаўтварэння і словазмянення, распаўсюджаныя службовыя словы, рэдуплікацыя і размяшчэнне побач граматычна і семантычна звязаных адзінак. Постпазіцыя галоўнага слова ў словазлучэнні і службовага элемента ў марфалагічных і сінтаксічных утварэннях. Словаўтварэнне праз суфіксацыю і словаскладанне. Прэфіксацыя ў лексіцы санскрыту. Словазмяненне субстантыўных імён і займеннікаў па склонах і ліках, дзеясловаў — па часах і асобах у індыкатыве і імператыве. Адсутнічае катэгорыя роду[5]. Адрозніваюцца катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці, пэўнасці-няпэўнасці, якія адлюстроўваюцца ва ўтварэнні форм скланення і ў выкарыстанні азначальна-паказальных афіксаў — часціц, што далучаюцца да імён і займеннікаў. Наяўнасць катэгорыі ветлівасці (субардынацыі). Развітая сістэма часавых форм. Распаўсюджанасць словазлучэнняў з службовымі дзеясловамі (дзеяслоўна-дзеяслоўных і дзеяслоўна-іменных). Адсутнасць адмоўных форм займеннікаў і прыслоўяў. ГісторыяГісторыя бенгальскай мовы прасочваецца па пісьмовых помніках з 10—12 ст. Выдзяляецца тры перыяды[4]:
Цяпер мова прадстаўлена дзвюма літаратурнымі формамі[4]: «шадху-бхаша» і «чоліт-бхаша» (або чолці). Першая, архаічная, закансервавала старыя марфалагічныя формы, якія выйшлі з ужытку ў якасці гутарковай, сфарміравалася на аснове заходняга дыялекту Набадвіпа і да 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя была адзінай літаратурнай формай. Неабходнасць яе вывучэння, побач з сучаснай літаратурнай формай «чолці-бхаша», дыктуецца тым, што і дагэтуль на «шадху-бхаша» складаюцца афіцыйныя дакументы (у прыватнасці — Канстытуцыя Бангладэша), выдаецца навуковая літаратура. Акрамя таго, цяпер рэдакцыйныя артыкулы ва ўсіх значных газетах пішуцца на «шадху-бхаша». Дыялектнай базай сучаснай літаратурнай формы «чолці-бхаша» стала гаворка Калкаты, найвялікшага горада бенгаламоўнага абсягу. Суіснуючы са старой літаратурнай формай спачатку толькі як гутарковая, а потым, намаганнямі вялікага бенгальскага пісьменніка Рабіндраната Тагора і яго сучаснікаў, узведзеная ў ранг літаратурнай мовы, гэтая форма паступова выцесніла сваю папярэдніцу, звёўшы яе ўжыванне да ўжо згаданых галін. Цяпер якраз «чолці-бхаша» з'яўляецца асноўным аб'ектам вывучэння бенгалістаў. Побач з літаратурнымі формамі, бенгальская мова прадстаўлена шэрагам дыялектаў, найбуйнейшымі з якіх з'яўляецца калкацкі, або заходні (што стаў асновай «чолці-бхаша»), дакскі, або ўсходні (асноўны дыялект Бангладэша), а таксама чытагонскі (дыялект найбуйнейшага партовага горада Бангладэша — Чытагонга), яны настолькі моцна адрозніваюцца ад літаратурнай мовы, што бенгальцы з іншых рэгіёнаў сцвярджаюць, што з цяжкасцямі разумеюць іх. З 1947 года, гэта значыць з моманту падзелу бенгаламоўнага абсягу і ўключэння заходняй і ўсходняй яго частак у розныя дзяржаўныя адзінкі (Індыю і Пакістан), працэс разыходжання заходняга і ўсходняга дыялектаў узмацніўся. Барацьба за статус бенгальскай мовы прывяла да ўзброенага процістаяння, а пазней да аддзялення Усходняга Пакістана і ўтварэння незалежнай дзяржавы Бангладэш. Стаўшы дзяржаўнай мовай Бангладэша (былога Усходняга Пакістана да 1975), усходняя норма мовы ўсё менш арыентуецца на традыцыйна больш прэстыжную калкацкую гаворку (будучы адарванай ад яе індыйска-бенгальскай мяжой), дыялектныя адрозненні становяцца нарматыўнымі. Пры вывучэнні бенгальскай мовы даводзіцца ўлічваць фанетычную, лексічную, а часам і граматычную своеасаблівасць усходнебенгальскага дыялекту. Такім чынам, пры глыбокім вывучэнні бенгальскай мовы прыходзіцца вучыць, па сутнасці, тры, хоць і блізкія, але ўсё ж розныя мовы, бо моўная сітуацыя ў Індыі і Бангладэшы такая, што нельга пакідаць па-за ўвагай ніводнай з трох яе форм. У літаратуры і кіноБенгальская мова з’яўляецца захавальнікам і носьбітам вялікай бенгальскай культуры. Ужо самы старажытны захаваны тэкст на бенгальскай мове «Чар’ячар’ятыка», датаваны 10—11 стагоддзямі н.э., прыцягнуў да сябе ўвагу навукоўцаў-індолагаў не толькі як першы помнік на новаіндыйскай мове, але і як выдатны твор літаратуры і як апошні створаны на тэрыторыі Індыі помнік будыйскай культуры. Сучасная бенгальская мова склалася к канцу 18 ст. Першая друкаваная кніга па-бенгальску з’явілася ў 1778 годзе. Гімн Бангладэша, гімн Індыі, гімн Шры-Ланкі і Нацыянальная песня Індыі першапачаткова былі складзены на бенгальскай мове. Імёны бенгальскіх пісьменнікаў, паэтаў, філосафаў увайшлі ў скарбніцу не толькі індыйскай, але і сусветнай культуры. Адны з іх: Рабіндранат Тагор і Свамі Вівекананда . Не меншую, чым літаратура і філасофія, славу набыло ў свеце і бенгальскае кіно. Шырока вядомыя бенгальскія рэжысёры Рытвік Гхатак , Сацьяджыт Рай, Мрынал Сен, Гаўтам Гхош , Будадэў Дасгупта і іншыя. Зноскі
Літаратура
СпасылкіУ Вікіслоўніку спіс слоў бенгальскай мовы змяшчаецца ў катэгорыі «Бенгальская мова»
|