Бенджамін Гарысан
Бенджамін Гарысан (Ха́рысан; англ.: Benjamin Harrison, 20 жніўня 1833 — 13 сакавіка 1901) — 23-і прэзідэнт ЗША (1889—1893), унук прэзідэнта Уільяма Генры Гарысана. Нарадзіўся ў Норт-Бэндзе, Агая, а ў 21 год пераехаў у Індыянапаліс, штат Індыяна. Падчас грамадзянскай вайны ваяваў на баку ЗША ў чыне брыгаднага генерала ў XX корпусе Камберлендскай арміі. Пасля заканчэння вайны няўдала балатаваўся на пасаду губернатара Індыяны. У 1880 годзе быў абраны ў Сенат ЗША. Высоўваючы кандыдатуру ў прэзідэнты ў 1888 годзе, Гарысан выказаўся ў сваёй пракламацыі за заступніцкую мытную сістэму і супраць іміграцыі пралетарыяў. Ён набраў менш галасоў выбаршчыкаў, чым яго апанент, прэзідэнт Гровер Кліўленд. Адметнымі рысамі яго прэзідэнцтва лічацца прыняцце тарыфу Мак-Кінлі і Акта Шэрмана, а таксама федэральныя выдаткі, якія ўпершыню дасягнулі аднаго мільярда долараў. Дэмакраты ў Сенаце рэзка крытыкавалі гэтыя выдаткі. Актыўна абараняў выбарчыя правы афраамерыканцаў. З эканамічнага пункту гледжання праўленне Гарысана аказалася няўдалым; упартая барацьба вакол мытнага тарыфу не прывяла да паспяховага вырашэння. Пры Гарысане ў Белым доме было праведзена электрычнасць, ён быў першым прэзідэнтам, які запісаў свой голас на фанограф, і апошнім прэзідэнтам, які насіў бараду ў час знаходжання на пасадзе. У час яго прэзідэнцтва былі ўтвораны наступныя штаты: Паўночная і Паўднёвая Дакота, Мантана, Вашынгтон (1889), Айдаха і Ваёмінг (1890). Крыніцы
|