Джэральд ФордДжэральд Рудальф Форд (англ.: Gerald Rudolph Ford, Jr., 14 ліпеня 1913 — 26 снежня 2006) — 38-ы прэзідэнт ЗША (1974—1977). Нарадзіўся ў Амаха, штат Небраска, под імем Леслі Лінч Кінг-малодшы ў сям’і бінзэсмена Леслі Лінч Кінга-старэйшага і студэнткі Дораці Аер Гарднер. Праз два тыдні пасля яго нараджэння яго маці, з-за алкагалізму і дамашняга гвалту мужа, збегла з сынам да сваіх бацькоў у горад Гранд-Рапідс, Мічыган, дзе будучы палітык і вырас. У 1917 Гарднер выйшла замуж за Джэральда Форда, які неафіцыйна ўсынавіў Леслі і вырасціў яго як свайго сына пад сваім імем (Форд-малодшы афіцыйна змяніў яго ў 1935). Скончыў Мічыганскі ўніверсітэт (1935) і Ельскі ўніверсітэт (1941). Падчас навучання ў Мічыгане граў у камандзе па амерыканскаму футболу і атрымаў запрашэнні перайсці ў прафесіянальную лігу ад Грын-Бей Пэкерс і Дэтройт Лаянз, але адмовіўся, бо жадаў працягнуць адукацыю ў юрыдычнай сферы. Пасля завяршэння Ельскай юрыдычнай школы вярнуўся ў Гранд-Рапідс, дзе пачаў юрыдычную практыку. У 1942—1946 гг. служыў у ВМФ (удзельнік Другой сусветнай вайны на Ціхім акіяне). У 1948 нечакана перамог дзеючага прадстаўніка ад 5-й акругі Мічыгана на рэспубліканскіх партыйных выбарах і быў абраны ў Палату Прадстаўнікоў, дзе пазнаёміўся з Рычардам Ніксанам, з якім яны пасля сталі сябрамі. У 1949—1973 гг. член Палаты Прадстаўнікоў ад Рэспубліканскай партыі, у 1963 абраны старшынёй Рэспубліканскай канферэнцыі ў Палаце Прадстаўнікоў, а з 1965 года лідар фракцыі рэспубліканцаў у палаце. У 1963—1964 гг. быў членам камісіі Уорэна, якая расследавала забойства Джона Кенэдзі. У час палітычнага крызісу («Уотэргейт») пасля адстаўкі віцэ-прэзідэнта Спіра Агню з-за абвінавачванняў у карупцыі быў прызначаны на яго пасаду (зацверджаны на пасадзе Кангрэсам 6 снежня 1973), а пасля адстаўкі Рычарда Ніксана 9 жніўня 1974 г. стаў прэзідэнтам ЗША — адзіным чалавекам, які атрымаў гэту пасаду без удзелу ў выбарах. Адным з першых рашэнняў новага прэзідэнта стала памілаванне яго папярэдніка за любыя правапарушэнні, якой той мог зрабіць, — памілаванне выклікала значнае падзенне рэпутацыі Форда, але з цягам часу стала лічыцца верным рашэннем, якое дапамагло краіне хутчэй аправіцца ад Уотэргейта. Новым віцэ-прэзідэнтам быў прызначаны лідар ліберальнага крыла рэспубліканцаў, былы губернатар штата Нью-Ёрк Нелсан Рокфелер. Працягнуў курс папярэдняй адміністрацыі, у т.л. на разрадку міжнароднай напружанасці, правёў Уладзівастокскі саміт з лідарам СССР Леанідам Брэжневым для распрацоўкі новага пагаднення аб скарачэнні ядзерных арсеналаў у 1974. Вясной 1975 скончыў В’етнамскую вайну, загадаў правесці эвакуацыю амерыканскіх грамадзян і прыняць паўднёвав’етнамскіх бежанцаў. У мае 1975 накіраваў корпус марской пяхоты на вызваленне захопленага чырвонымі кхмерамі ў Кампучыі судна Маягуэс, а ў жніўні прыняў удзел у падпісанні Заключнага акта НБСЕ ў Хельсінкі. Адмовіўся выдаткаваць фінансавыя сродкі на выратаванне Нью-Ёрка ад банкруцтва — дапамога была перадана толькі пасля значнага скарачэння расходаў горада. На выбарах 1976 г. сутыкнуўся з моцным суперніцтвам у партыйных выбарах з боку кансерватараў на чале з Рональдам Рэйганам, якога перамог з невялікай перавагай, а потым прайграў прэзідэнцкія выбары губернатару Джорджыі дэмакрату Джымі Картэру. Памёр 26 снежня 2006 ў сваім доме ў Ранча-Міраж у Каліфорніі, пахаваны ў Прэзідэнцкім музеі Джэральда Форда ў Гранд-Рапідс. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|