Бобр (рака)
Бобр — рака ў Талачынскім, Крупскім і Барысаўскім раёнах Беларусі, левы прыток Бярэзіны (басейн Дняпра). Даўжыня 124 км. Вадазбор 2190 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 14,9 м³/с. Агульнае падзенне 69,4 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,56 ‰. НазваНягледзячы на відавочную сувязь з бел. бабёр, рачная назва Бобр можа быць і балцкага паходжання. На гэта паказвае назва ракі Бабруя (> Бабруйка), што ўцякае ў Бярэзіну ніжэй за ўток Бабра. У ёй корань Babr- (< Bebr-) звязаны з літоўскім babras, bebras «бабёр» і пашыраны балцкім гідранімічным фармантам -j-. Гэты ж корань у літоўскіх гідронімах Babrūngas, Babrūnė, Babrinis, Babrūtė[1][2]. Далей да індаеўрапейскага кораня *bhe-bhros «бабёр»[3]. Такога ж бессуфіксальнага ўтварэння, што і назва Бобр, таксама нараўская Бебжа (< Bebrza < Bebra), верхнедняпроўская Бебря, літоўская Bebrė[4][5]. ГідраграфіяПачынаецца на Аршанскім узвышшы каля в. Рафалова (Талачынскі раён), цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Па берагах паселішчы баброў, у пойме меліярацыйныя каналы. Даліна трапецападобная, шырыня 1—2 км. Пойма няроўная, месцамі забалочаная, шырыня 300—500 м. Рэчышча звілістае, свабодна меандруе, шырыня ракі ў межань 6—25 м, у вусці каля 40 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. ПрытокіСправа: Нача, Стражніца; Злева: Можа, Еленка, Пліса, Асака. На рацэГарады: Крупкі; Гарадскія пасёлкі: Бобр. Зноскі
Літаратура
|