Бярэзінскі біясферны запаведнік
Бярэзінскі біясферны запаведнік — беларускі дзяржаўны запаведнік, створаны ў 1925 годзе. Вялікі комплекс хваёвых лясоў, якія перамяжаюцца з верхавымі і нізіннымі балотамі і поймамі рэк. Прыродныя ўмовы запаведніка характарызуюцца некранутым абліччам лясоў і вялікіх сфагнавых балот. Тут захаваліся ўнікальныя ў Еўропе балотныя масівы, агульная плошча якіх складае 50700 гектараў. У паўночнай і цэнтральнай, больш узвышаных частках запаведніка, пераважаюць пераходныя і верхавыя балоты, сярод якіх размешчаны пакрытыя хваёвым лесам мінеральныя астравы. У паўднёвай частцы запаведніка знаходзяцца буйныя масівы нізінных балот (у тым ліку і ўся пойма Бярэзіны). Сярод лясоў дамінуюць хвойнікі, якія ўтвараюць буйныя масівы. Больш за палову хваёвых лясоў забалочана альбо прымеркавана да верхавых і пераходных балот. Водныя рэсурсыТэрыторыя запаведніка адносіцца да басейнаў рэк Бярэзіна і часткова Эса, якія, у сваю чаргу, адносяцца да Чарнаморскага і Балтыйскага басейнаў адпаведна. Водападзел між імі праходзіць па паўночна-ўсходняй частцы запаведніка. Увогуле, рачная сетка тэрыторыі прадстаўлена 69 рэкамі, галоўнай сярод якіх з’яўляецца Бярэзіна. Яна бярэ пачатак у 45 кіламетрах ад паўночнай аканечнасці запаведніка, даўжыня яе ў межах запаведніка складае 110 км. Рэчышча ракі звілістае, у яе даліне знаходзіцца многа старыц і пойменных азёр. Неабходна адзначыць і буйнейшы прыток Бярэзіны — раку Сергуч даўжынёй у 35 км. Веснавая паводка пачынаецца ў другой палове сакавіка — першай палове красавіка і працягваецца 20-40 дзён. Усе азёры запаведніка адносяцца да эўтрофнага тыпу і знаходзяцца на стадыі інтэнсіўнага зарастання. Самае буйное з іх — возера Палік (712 гектараў) — уяўляе сабой натуральнае пашырэнне рэчышча Бярэзіны на паўднёвай ускраіне запаведніка. На тэрыторыі запаведніка знаходзіцца паўднёвы адрэзак штучнай бярэзінскай воднай сістэмы, якая злучае рэкі Бярэзіна і Заходняя Дзвіна. Гэта сістэма адыгрывае пэўную гідралагічную ролю тым, што падтрымлівае ўсталяваны водны рэжым навакольнай тэрыторыі і не аказвае істотнага ўздзеяння на балотныя сістэмы запаведніка. АховаУ Бярэзінскім запаведніку праведзена дыферынцыяцыя тэрыторыі на ўчасткі з розным рэжымам аховы. Усяго створана 6 зон: абсалютна запаведная, буферная, эксперыментальна-гаспадарчая, экскурсійная, ахоўная і гідралагічная. Абсалютна запаведная зона складае 47,2 % ад агульнай плошчы запаведніка. Гаспадарчая дзейнасць (сельская гаспадарка) дазволена ў эксперыментальна-гаспадарчай зоне (7000 гектараў). Вакол запаведніка праходзіць ахоўная зона шырынёй 2 кіламетры, якая належыць лясгасам, калгасам і саўгасам. У гэтай зоне забаронены тыя віды гаспадарчай дзейнасці, якія могуць аказаць адмоўны ўплыў на прыродныя комплексы запаведніка. У гідралагічнай зоне, якая працягнулася вакол запаведніка кальцом шырынёй 5 км, забаронены пошукавыя і меліярацыйныя работы. ФаўнаРазнастайнасць прыродных умоў тэрыторыі абумовіла багацце расліннага і жывёльнага свету. Фаўністычны спіс Бярэзінскага запаведніка ўключае 230 відаў птушак, з якіх 179 адзначана на гнездаванні. Пераважна гэта лясныя і водна-балотныя віды, у меншай ступені — віды адкрытых тэрыторый і населеных пунктаў. На тэрыторыі запаведніка адзначана 56 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Акрамя іх у запаведніку гняздуецца значная колькасць чапляў-бугаёў (Botaurus stellaris) (10-15 самцоў), звычайны на гнездаванні драч (Crex crex) — від, які знаходзіцца пад глабальнай пагрозай знікнення. На тэрыторыі запаведніка адзначана 56 відаў млекакормячых, 8 з якіх — зубр еўрапейскі (Bison bonasus), буры мядзведзь (Ursus arctos), барсук (Meles meles), рысь звычайная (Felis linx), сажалкавая начніца (Myotis dasicneme), вячэрніца малая (Nyctalus leisleri), кажанок паўночны (Vespertilio nillsoni) і соня садовая (Eliomus quercinus) — занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Бярэзінскі біясферны запаведнік — адзінае месца ў Еўропе, дзе на адной тэрыторыі жыве вялікая еўрапейская пяцёрка буйных млекакормячых: лось (Alces alces), зубр (Bison bonasus), мядзведзь (Ursus arctos), воўк (Canis lupus) і рысь (Felis linx)[1]. З 5 відаў паўзуноў і 11 відаў земнаводных ахове належыць рапуха чаротная (Bufo calamita). ФлораСучасная флора запаведніка ўключае больш 2000 відаў раслін, у тым ліку 798 сасудзістых, 37 відаў занесены ў Чырвоную кнігу. Увогуле па Беларусі назіраецца прыкладная раўнавага паміж халадаўстойлівымі і цеплалюбівымі формамі раслін з невялікай перавагай апошніх, на тэрыторыі ж Бярэзінскага запаведніка менавіта халадаўстойлівыя віды атрымалі найбольшае развіццё. У запаведніку выяўлены тры новыя для Беларусі віды раслін: сухацветка прыземістая (Omalotheca supina), (знаходзіцца далёка за паўднёвай мяжой арэала), асака заліўная (Carex paupercula), пузырнік судэцкі (Cystopteris sudetica) (рэліктавы від, у запаведніку існуе ізаляваная папуляцыя). ІнфраструктураМузей прыроды багаты панарамамі з чучаламі жывёл, у тым ліку птушак і рыб, якія жывуць на тэрыторыі запаведніка. На тэрыторыі запаведніка працуюць таксама Музей мёду, Музей міфаў. Экалагічная сцежка працягласцю 3,5 км абсталявана яскравымі адукацыйнымі стэндамі. Абапал яе стаяць скульптуры багоў і герояў славянскай міфалогіі — Вялеса, Лесавіка і інш.[2] ЗноскіЛітаратура
Спасылкі
|