Верым, можам, пераможам!«Верым, можам, пераможам!» — беларускі палітычны і спартыўны лозунг. З’явіўся ў 2006 годзе, як перайначаная версія іншага беларускага дэмакратычнага слогана «Хочам! Можам! Пераможам!». Актыўна выкарыстоўваўся хакейнымі і футбольнымі фанатамі, а таксама стаў адным з асноўных пратэстных лозунгаў у 2006 і 2020 годзе. ГісторыяЛозунг быў прыдуманы палітыкам Паўлам Севярынцам. Ён замяніў першы дзеяслоў іншага дэмакратычнага лозунгу «Хочам! Можам! Пераможам!», які гучаў на вуліцах Беларусі з 2001 года[1]. Упершыню слоган прагучаў 19 сакавіка 2006 года на Кастрычніцкай плошчы у Мінску падчас прэзідэнцкіх акцый пратэсту[2]. Акрамя палітычных маніфестацый, лозунг таксама выкарыстоўваўся фанатамі падчас чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе . Кампанія «Кока-Кола» выкарыстоўвала слоган у рэкламнай акцыі, а балельшчыкі скандавалі яго перад хакейным матчам Беларусь — Латвія[3]. Лозунг стаў адной з самых папулярных крычалак фанатаў хакейнага клуба «Дынама» Мінск[4]. Футбольныя балельшчыкі таксама скандавалі «Верым, можам, пераможам!» на трыбунах «Барысаў-Арэны» ў 2016 годзе[5]. Відазмененая версія слогана «Любім, можам, пераможам!» фігуравала на першым перадвыбарчым пікеце Святланы Ціханоўскай у Мінску[6]. Выраз часта з’яўляўся на акцыях пратэсту і перформансах 2020 года[7][8]. Са жніўня 2020 па люты 2021 года лозунг неаднаразова з’яўляўся ў выглядзе надпісаў на плотах[9]. А таксама фігураваў на знакамітай трансфарматарнай будцы на «Плошчы Перамен»[9]. 24 верасня 2020 года мастак Уладзімір Цэслер правёў у Кіеве выстаўку пратэстных плакатаў, якая называлася «Верым! Можам! Пераможам!»[10]. Слоган стаў адным з самых папулярных хэштэгаў пратэстнай актыўнасці ў сацыяльных сетках 2020—2021 года[11]. АналізСлоган можна аднесці да традыцыйных беларускіх лозунгаў, якія гучалі да масавых пратэстаў 2020 года[12]. Яго можна назваць прэцэдэнтным (аўтарскім), створаным падчас пратэстаў, але які атрымаў шырокі распаўсюд і вядомасць у грамадстве[12]. Лозунг з’яўляецца рэлевантным беларускай мове (фіксуецца скандаванне толькі на беларускай мове). Яго пераклад на іншую мову можа значна зніжаць пазнавальнасць і нават прагматычную прэсупазіцыю[12]. У ходзе з «у асноўным рускамоўнымі» пратэстамі 2020 года беларускамоўны лозунг успрымаўся як сімвал дзяржаўнасці, этнічнай і культурнай прыналежнасці, а таксама апазіцыі цяперашняму прарасійскаму ўраду[13]. Зноскі
Літаратура
|