Вудзі Ален
Ву́дзі А́лен (англ.: Woody Allen; сапраўднае імя — А́лен Сцю́арт Кёнігсберг, англ.: Allen Stewart Königsberg; нар. 1 снежня 1935) — амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр, кінапрадзюсар, драматург, пісьменнік і музыкант. БіяграфіяАлен нарадзіўся 1 снежня 1935 года ў Брукліне (Нью-Ёрк). Сваю творчую кар’еру ён пачынаў з напісання гэгаў у духу братоў Маркс. Некаторы час ён задавольваўся роляй літаратурнага «негра», які піша жарты для папулярных комікаў — Боба Хоўпа і Бадзі Хэкета. У 1957 годзе Алена «падвысілі» да рэдактара тэлешоў, дзе ён адначасова сачыняў тэксты і выступаў як акцёр. Тады і з’явіўся псеўданім Вудзі Ален. У 1966 годзе Вудзі выпусціў сваю першую карціну — «Што здарылася, Тыгровая Лілея?» Наступнай стала пародыя на фільмы аб рабаўніках банкаў «Хапай грошы і бяжы». 1970-я сталі для Алена «дзесяцігоддзем пародый». Так і з’явіўся жанр «інтэлектуальная камедыя». З самога пачатку сваёй рэжысёрскай дзейнасці Ален аддаваў перавагу здымаць у галоўнай ролі самога сябе — і стварыў сабе ў кіно лёгка вядомы імідж акулярыстага яўрэя, неўратычнага нью-ёркца і інтэлігента, які вечна рэфлексуе з яўнай патрэбай у псіхааналітыцы. У 1977 за карціну «Эні Хол», дзе ўпершыню паспрабаваў не спарадыраваць, а проста іранічна зірнуць на ўласнае жыццё, Вудзі Ален атрымаў адразу тры «Оскары» — за лепшую мужчынскую ролю, якую сам жа і сыграў, за лепшую жаночую ролю (Даян Кітан) і лепшы сцэнарый. З тых часоў ён неаднаразова намінаваўся на галоўную ўзнагароду Амерыкі. Ален добра вядомы і як пісьменнік. Ён рэгулярна публікаваў у «Нью-Ёркер» з’едлівыя і дасціпныя фельетоны і нават выпусціў некалькі кніг. Аўтар п’ес «Не піце ваду» (1966), «Плавальная лямпачка» (1981) і іншых, зборнікаў апавяданняў «Зводзячы лікі» (1966), «Без пер’я» (1975). Яго фільмы трывала звязаныя з яго асабістым жыццём: кожная яго новая пасія аб’яўлялася музай і рабілася галоўнай актрысай наступнага, а то і нават некалькіх фільмаў. Жанаты ён быў усяго тройчы, прычым яго другая жонка Луіза Ласэ нават падала на яго ў суд пасля разводу, а трэцяя — Сун-І Прэвін — некаторы час лічылася яго прыёмнай дачкой. Зноскі
Спасылкі
|