Конрад IV Гогенштаўфен
Конрад IV Гогенштаўфен (ням.: Konrad IV von Hohenstaufen; 25 красавіка 1228, Андрыя, Апулія, Італія — 21 мая 1254, каля Лавела, Базіліката, Італія) — кароль Германіі (з 1237 года; самастойна — з 1250 года), Кароль Іерусаліма (з 1228 года), кароль Сіцыліі (з 1250 года), герцаг Швабіі (з 1235 года). Конрад быў адзіным сынам імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха II Гогенштаўфена і яго другой жонкі Іаланты (Ізабелы) Іерусалімскай, якая памерла пры яго нараджэнні; ад яе Конрад атрымаў у спадчыну права на трон Іерусаліма. БіяграфіяПасля звяржэння старэйшага брата Генрыха быў выбраны і каранаваны рымскім каралём (1237); кіраваў у адсутнасць бацькі Германіяй. З 1240 года Конрад актыўна пачаў умешвацца ў імперскую палітыку і агітаваць князёў падтрымаць свайго бацьку. Калі Інакенцій IV, на Ліёнскім саборы ў 1245 годзе, абвясціў Фрыдрыха зрынутым, Конрад змагаўся з ландграфам цюрынгенскім Генрыхам Распэ, якога прыхільнікі абвясцілі імператарам. Генрых разбіў Конрада IV у 1246 годзе пад Франкфуртам, але захварэў пры аблозе Ульма і памёр 16 лютага 1247 года. Тады Конраду IV прыйшлося змагацца з абраным на яго месца Вільгельмам Галандскім, які пасля смерці Фрыдрыха II, разбіў Конрада IV у бітве пры Опенгейме ў 1251 годзе. Напачатку 1252 года Конрад IV з’явіўся ў Італію, падпарадкаваў Капую, узяў і сурова пакараў Неапаль (1253) і зацвердзіўся на поўдні паўвострава. Папа Інакенцій IV узвёў супраць яго фармальнае абвінавачванне ў ерасі і адлучыў яго ад царквы. У падрыхтоўцы да паходу ў Верхнюю Італію Конрад IV памёр ад малярыі ў ваенным лагеры каля Лавела 21 мая 1254 года. Сэрца і яго вантробы пахавалі ў Мельфі. Цела Конрада было адвезена ў кафедральны сабор Месіны, але маланка стукнула ў сабор, і ўстаноўленае для развітання цела караля згарэла яшчэ перад пахаваннем. Сям’я і дзеці1 верасня 1246 года Конрад IV ажаніўся са сваёй чацвераюраднай сястрой — Елізаветай Вітэльсбах (1227 — 9 кастрычніка 1273). Яна была дачкой пфальцграфа і герцага Баварскага Атона II Яснавяльможнага (7 красавіка 1206 — 29 лістапада 1253) і Агнесы (1201—1267) — стрыечнай цёткі імператара Фрыдрыха II. Пазней Елізавета выйшла замуж за Мейнхарда II (1238 — 1 снежня 1295), графа Горыцы (1257—1271), графа Ціроля (з 1257 года), герцага Карынтыі і Крайны (з 1286 года). Ад гэтага шлюбу нарадзілася адзінае дзіця — сын, які ўвайшоў у гісторыю пад імем Канрадзіна (25 сакавіка 1252 — 29 кастрычніка 1268), кароль Іерусаліма (як Конрад III) (1254—1268), кароль Сіцыліі (як Конрад II) (1254—1258), герцаг Швабіі (як Конрад IV) (1254—1268). Зноскі
Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).
|