Людвік Канстанцін Пацей
Людвік Канстанцін Пацей (1664 — 30 студзеня 1730) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Падскарбі вялікі літоўскі (1703—1709), гетман польны (1709) і вялікі літоўскі (з 1709), адначасова кашталян (1709—1722) і ваявода віленскі (з 1722). Быў старостам пунскім, барцянскім, ратынскім, шарашоўскім і стаклішскім. Маршалак Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ў 1714, кавалер Ордэна Белага Арла. БіяграфіяПрадстаўнік шляхецкага роду Пацеяў герба «Вага», старэйшы сын Леанарда Габрыэля, ваяводы віцебскага, і Рэгіны з Агінскіх. Пачаў служыць у літоўскім войску ў 1684, хоць сам сцвярджаў, што змагаўся ў бітве пад Венай. Трымаў земскія урады берасцейскага земскага пісара (1689—1697) і падкаморага (1697—1698), пазней быў стражнікам вялікім літоўскім (1698—1703). Абіраўся паслом на соймы, належаў да супраціўнікаў гегемоніі рода Сапегаў у Вялікім Княстве. Удзельнік канфедэрацыі супраць Сапегаў (1696). Быў адным з ініцыятараў ураўнання правоў літоўскай (беларускай) шляхты з польскай на сойме 1697. Камандаваў аддзелам у бітве пад Алькенікамі (18 лістапада 1700), пасля перамогі над Сапегамі атрымаў значнае багацце ад захопленых магнацкіх маёнткаў. Усталяваў кантакты з расійскімі дыпламатамі. Вызначыўся ў Паўночнай вайне (1700—1721), калі на чале 3-тысячнага войска адбіваў шведскія напады на Вільню, захапіў Тыкоцін, перамог пад Канецполем Станіслава Ляшчынскага. Пры падтрымцы цара маскоўскага Пятра I фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу ў Вялікім Княстве Літоўскім. Быў адным з арганізатараў Віленскай канфедэрацыі (1716). Падтрымліваў кантакты з Расіяй, знаходзіўся ў апазіцыі да Аўгуста Моцнага, але потым замірыўся з ім. У канцы жыцця выступаў супраць спроб узмацніць каралеўскую ўладу. У гісторыі пакінуў след як здраднік, алкаголік і злодзей, аднак добры военачальнік-кавалерыст. Згодна з Мацеем Рыбінскім, у 1722 годзе Пётр I на падпітку выклікаў Людвіка Пацея на паядынак, дзе Пацей перамог яго. Першы раз ажаніўся ў 1700 з Анеляй Загароўскай, другі — у 1717 з Эмерэнцыянай Варшыцкай. У другім шлюбе меў дачку Людвіку Мар'яну, жонку літоўскага падстолія Францішка Бажэнцкага. Літаратура
ЗноскіСпасылкі
|