Мардовія
Мардовія, Рэспу́бліка Мардовія (руск.: Мордовия, Республика Мордовия, па-макшанску і па-эрзянску: Мордовия, Мордовия Республикась) — суб’ект Расійскай Федэрацыі і рэспубліка ў яе складзе[3], размяшчаецца ў паўднёва-ўсходняй частцы еўрапейскай часткі краіны, ўваходзіць у склад Прыволжскай федэральнай акругі. Адміністрацыйны цэнтр — горад Саранск, знаходзіцца ў цэнтры рэспублікі. Мяжуе з чатырма вобласцямі (Ніжагародскай — на поўначы, Разанскай — на захадзе, Пензенскай — на поўдні, Ульянаўскай — на паўднёвым усходзе) і адной рэспублікай Расіі — Чувашыяй. Тэрыторыя суб’екта поўнасцю знаходзіцца ўнутры тэрыторыі Расіі і не выходзіць да мяжы з іншымі дзяржавамі. ГісторыяСтаражытнасцьПершыя археалагічныя знаходкі ў Мардовіі прыпадаюць на перыяд ад неаліту. Фіна-ўгорскія народы, да якіх належаць макшане і эрзяне, упершыню згадваюцца на гэтай тэрыторыі ў VI ст. Пазней гэтыя тэрыторыі знаходзіліся пад уплывам Кіеўскае Русі або Волжскай Булгарыі, тым не менш, мардоўскія кіраўнікі часам здзяйснялі свае выправы на Мурам і Волжскую Булгарыю. СярэднявеччаПа заваёве вызначаных тэрыторый у Азіі і Еўропе татара-манголамі тэрыторыі сучаснай Мардовіі таксама трапілі ў склад іх уладанняў, кіраўніцтва Залатой Арды было зацверджана ў 1241 годзе. Землі Мардовіі былі падпарадкаваныя ўлусу Мухша. З распадам Залатой Арды ў 1430-х гадах частка тэрыторыі Мардовіі трапіла ў склад Казанскага ханства, астатнія землі трапілі ў склад Маскоўскай дзяржавы. Расійскае кіраўніцтваПасля далучэння Іванам IV Казані ў 1552 годзе, у склад расійскіх уладанняў увайшлі і тэрыторыі з мардоўскім насельніцтвам. Мясцовая эліта хутка засвоіла рускую мову і звычаі, аднак у сельскай мясцовасці культура макшанаў і эрзянаў працягвала захоўвацца. У сярэдзіне XVIII ст. рускія пачалі зварачаць мардву ў хрысціянства, аднак часткі мясцовых рэлігійных абрадаў захаваліся як частка мясцовай культуры. З ХІХ ст. пачаў ажыццяўляцца пераклад некаторых кніг на мардоўскія мовы (у прыватнасці, эрзянскую), аднак яны збольшага мелі толькі рэлігійны характар. У перыяд 1920-х гг. у РСФСР пачало ставіцца пытанне пра ўтварэнне аўтаномій народаў Паволжа і Прыўралля. Між тым, у выпадку з мардоўскімі народамі ўзнікла праблема дакладнага вылучэння рэгіёнаў з пераважнай дзеляй фіна-ўгорскага насельніцтва. З 1925 па 1928 гады на тэрыторыі Пензенскай, Ніжагародскай, Саратаўскай і Ульянаўскай губерняў было створана больш за трыццаць мардоўскіх валасцей. У 1928 годзе ў складзе новаўтворанай Сярэдне-Волжскай вобласці была створаная Саранская акруга, пазней пераназваная ў Мардоўскую. У склад акругі, у прыватнасці, увайшлі тэрыторыі Ніжагародскай, Пензенскай, Сімбірскай губерняў з мардоўскім насельніцтвам. У 1930 годзе статус акругі быў зменены на аўтаномную вобласць, яе тэрыторыя пачала зазнаваць змены шляхам перадачы з тэрыторыі аўтаномнай вобласці этнічна рускіх рэгіёнаў і перадачы ў яе склад рэгіёнаў з мардоўскім насельніцтвам. Першапачаткова адміністрацыйны цэнтр аўтаномнай вобласці планаваўся ў горадзе Цемнікаў (паўночны захад Мардовіі), аднак праз адсутнасць чыгункі гэты статус атрымаў Саранск, які і захоўвае яго нацяпер. 20 снежня 1934 года статус аўтаномнай вобласці быў падвышаны да АССР, праз два гады яна была выведзена са складу Сярэдне-Волжскага края і стала адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай РСФСР. Найноўшая гісторыяУ 1990 годзе Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю пра дзяржаўны статус, згодна з якім Мардоўская АССР ператваралася ў Мардоўскую ССР, у студзені 1994 яго жа рашэннем зацверджаная назва «Рэспубліка Мардовія». 30 красавіка 1995 года Дзяржаўным Сходам рэспублікі былі ўсталяваныя новыя герб і сцяг[4], 21 верасня гэтага ж года Канстытуцыйным Сходам была прынятая Канстытуцыя. НасельніцтваПаводле звестак Расстату на 2013 год, насельніцтва рэспублікі склала 818 566 чал.[5] У тым ліку, шчыльнасць насельніцтва склала 31,33 чал./км², дзеля гарадскага насельніцтва — 61,33%[5]. Нацыянальны склад размяркоўваецца наступным чынам: рускія — 53,4%; мардва (макшане і эрзяне разам) — 40,0%; таксама татары — 5,2%. Расійскае кіраўніцтва гістарычна не адрознівала фіна-ўгорскае насельніцтва гэтага рэгіёна, падаваючы для іх агульную назву — «мардва» (руск.: мордва). З прычыны працяглага знаходжання Мардовіі ў складзе Расіі гэта найменне паступова распаўсюдзілася і на ўласна прадстаўнікоў макшанаў і эрзянаў, у выніку чаго яны нярэдка вызначаюць сваю нацыянальнасць як мардвін, а свае родныя мовы (макшанская і эрзянская) як мардоўскую. Макшане складаюць большасць у некаторых раёнах усходу рэспублікі (Ацюр'еўскі — 90,27%; Тарбееўскі — 62,55%; Старашайгаўскі — 59,48%; Зубава-Палянскі — 52,14%; Кавылкінскі — 51,72%), эрзяне — у некаторых раёнах на захадзе (Качкураўскі — 92,14%; Дубёнскі — 86,4%; Ацяшаўскі — 84,72%; Большаігнатаўскі — 83,47%; Ардатаўскі — 57,85%; Большабярэзнікаўскі — 56,84%). У астатніх раёнах, у тым ліку і ў Саранску, большасць складаюць рускія. СімволікаВядомыя асобы
Зноскі
Спасылкі
|