Місаіл (Пструх)
Місаіл Пструх, свецкае імя невядома, таксама сустракаецца Пструг, Пястручы, Пяструцкі, Пструцкі (пачатак XV ст., Чарэя — пасля 1480) — вялікалітоўскі праваслаўны царкоўны дзеяч, епіскап смаленскі (да 1454—1480), нарачоны мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі (1475—1480). Сын баярына Івана Чарэйскага, які меў яшчэ чатырох сыноў і прынамсі адну дачку — «паноў Чарэйскіх»[1]. Да 1454 года Місаіл ужо быў епіскапам смаленскім. У 1454 годзе разам з братам Міхаілам Пстругам заснаваў Траецкі манастыр у Чарэі. У 1456 годзе вярнуў з Масквы ў Смаленск абраз Маці Божай Адзігітрыі Смаленскай, звезены ў 1404 годзе апошнім смаленскім суверэнам князем Юрыем Святаславічам. Спачатку выступаў супраць прыхільніка царкоўнай уніі, свайго папярэдніка мітрапаліта Рыгора Балгарына, пазней сам падтрымаў ідэю ўніі. Каля 1475 года нарэчаны мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі, рэзідэнцыю трымаў у Наваградку. Не вядома як адбылося яго нарачэнне, напэўна, на саборы епіскапаў з удзелам вялікалітоўскай арыстакратыі. Магчыма, мітрапаліт Місаіл быў ініцыятарам паслання Папе Сіксту як «сусветнаму папе» ў 1476 годзе, падпісаў яго разам з архімандрытамі манастыроў Кіева-Пячэрскага — Іванам, і Віленскага Траецкага — Макарыем, а таксама 13 вялікалітоўскімі арыстакратамі, у пасланні выказвалася гатовасць прыняць унію, скарга на вялікалітоўскае і польскае каталіцкае духавенства, якое крыўдзіць «рускую царкву» і вінаваціць праваслаўных у ерасі, просьба ўраўняць праваслаўных з каталікамі, ухваленне Фларэнційскага сабора і філіокве. Папа не адказаў на пасланне. Кіраваў Кіеўскай мітраполіяй з тытулам епіскапа смаленскага, канстанцінопальскі патрыях не ўхваляў яго сувязяў з Рымам і не пасвяціў у мітрапаліты, а яшчэ пры жыцці Місаіла пасвяціў у мітрапаліты кіеўскія Спірыдона (Сатану). Апошні раз згадваецца ў 1480 годзе, напэўна, неўзабаве памёр. Зноскі
Літаратура
|