Уільям Хогарт
Уільям Хогарт (англ.: William Hogarth; 10 лістапада 1697, Лондан — 26 кастрычніка 1764, там жа) — англійскі мастак, ілюстратар, гравёр і тэарэтык мастацтва. Аказаў уплыў на Джэймса Гілрэя. Біяграфічныя звесткіНарадзіўся ў сям’і Рычарда Хогарта, школьнага настаўніка лацінскай мовы, і Ганны Гібанс. Вучыўся ў Хёглі ў гравера Э. Геймбла. З 1720 наведваў заняткі ў Акадэміі Джэймса Торнхіла, у тым самым годзе пачаў самастойна працаваць як прафесійны мастак. Першымі працамі Хогарта былі кніжныя ілюстрацыі. Двумя гадамі пазней пачаў пісаць алеем групавыя партрэты невялікага фармату і з таго часу пастаянна займаўся як жывапісам, так і гравюрай. У 1729 ажаніўся з Джэйн Торнхіл, дачкой славутага мастака Джэймса Торнхіла. У 1757 Георг II, кароль брытанскі, прызначыў Хогарта сваім галоўным жывапісцам. ТворчасцьУільям Хогарт лічыцца заснавальнікам англійскай нацыянальнай школы жывапісу.[11] Яго творы адлюстроўвалі жыццё розных слаёў грамадства, станоўчыя і адмоўныя бакі адносін паміж людзьмі. Мастак заўсёды імкнуўся не проста паказаць падзею, а выказаць, калі не прама, то ўскосна свае адносіны да рэчаіснасці. Творчыя інтарэсы Хогарта былі разнастайнымі. Ён займаўся жывапісам, ствараў станковыя гравюры ілюстрацыі да кніг, пісаў тэарэтычныя трактаты, дзе адстойваў дэмакратычныя ідэалы ў мастацтве, выступаў супраць акадэмічнам эклектыкі і шаблоннасці. Асноўную частку мастацкай спадчыны У. Хогарта складаюць цыклы жывапісных палотнаў і гравюр. Яны часта паўтараюць адно аднаго, што тлумачыцца першапачатковым з’яўленнем жывапісных выяў, па якіх пазней мастак выконваў гравюры. Менавіта так адбылося з першай серыяй карцін, створаных У. Хогартам у 1731 пад загалоўкам «Кар’ера прастытуткі». У шасці кампазіцыях паказана жыццё маладой асобы ад часу яе прыезду з вёскі ў Лондан да арышту як жанчыны лёгкіх паводзін. Кожную сцэну можна разглядаць і як самастойную, і як частку агульнага цыклу. Жывапісныя выявы мастака загінулі. Засталіся толькі аўтарскія гравюры. На іх падставе можна меркаваць, што У. Хогарт звяртаўся да шматслоўных дэталяў, уважліва перадаваў каларытныя падрабязнасці, якія не засланялі галоўнага — выкрыцця заганных нораваў тагачаснага грамадства. У 1735 У. Хогарт напісаў і выгравіраваў яшчэ адну серыю — «Кар’ера мота» (A Rake’s Progress), дзе расказаў аб лёсе маладога чалавека — марнатраўца-распусніка. Павучальны тон гэтай серыі карцін знайшоў далейшае развіццё ў самым вядомым цыкле палотнаў і гравюр «Модны шлюб» (Marriage à-la-mode, 1743—45). Як і ў папярэдніх творах, мастак стварыў драматычнае апавяданне. Перад гледачом паўстаюць малады збяднелы граф і яго жонка, дачка багатага гандляра. Шлюб па разліку для іх заканчваецца трагічна. Да позняга перыяду творчасці У. Хогарта адносяцца яшчэ дзве серыі гравюр — «Лянота і руплівасць» (Industry and Idleness, 1747—48), «Выбары ў парламент» (Humours of an Election, каля 1754), а таксама асобныя лісты — «Завулак Джына» і «Вуліца Піва» (абодва — 1751). У гэтых работах мастака пераважаюць празмерная павучальнасць: карыкатурнасць бачання рэчаіснасці, што не ідзе на карысць праўдзіваму адлюстраванню жыцця, сапраўднай вобразнасці. Акрамя сюжэтных жывапісных твораў У. Хогарт пісаў партрэты. Умоўна іх можна падзяліць на дзве часткі. Першую складаюць падрыхтоўчыя работы да жывапісных палотнаў, другую — самастойныя партрэтныя выявы. Аднак дакладнага падзелу паміж імі не існуе. Партрэты У. Хогарта вельмі лаканічныя. Акружэнне, аксесуары зведзены ў іх да мінімуму, што не замінае, а, наадварот, дазваляе мастаку быць уважлівым да ўнутранага свету асобы, паказаць яе характар. Адным з ранніх твораў мастака з’яўляецца «Партрэт капітана Корэма» (1739), заснавальніка дзіцячага прытулку ў Лондане. У. Хогарт выяўляе ўжо не маладога чалавека з адкрытым тварам і простымі манерамі, якога цяжка аднесці да вышэйшых колаў грамадства. Нават адпаведныя прыёмы пабудовы, уласцівыя параднаму партрэту, не мяняюць гэтага ўражання. Работа «Слугі» (1740-я), «Партрэт сястры мастака Ганны» (кан. 1740-х), «Аўтапартрэт» (1740-я), «Дзяўчына з крыветкамі» (1740-1750-ыя) адносяцца да лепшых у мастацкай спадчыне жывапісца і графіка. Своеасаблівая накіраванасць творчасці У. Хогарта, якая выказалася ў бытавым жанры, не атрымала далейшага развіцця ў мастацтве Англіі. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|