Юрый Жывіца
Ю́рый (Яго́р) По́пка (7 кастрычніка 1912, хутар Высокі Груд Пружанскага павета, Расійская імперыя — 29 красавіка 1990, Ляймен, Германія) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, нацыяналіст, выдавец, пісьменнік. Псеўданімы: Б. Жубровіч, Юрый Жывіца, Сымон Іванюковіч, Ягор Чарнагалоў. БіяграфіяНарадзіўся на хутары Высокі Груд Гарадзечанскай воласці (Пружанскі павет). Бацька — Сымон Попка з вёскі Брады, маці — Ганна Іванюковіч з Прылуччыны. Меў чатырох старэйшых сясцёр: Марылю (памерла ў маладым узросце), Антаніну, Юлю і Серафіму. З пачаткам Першай сусветнай вайны сям'я выехала ва Украіну, у Харкаўскую губерню. Адсюль бацька з'ехаў у Мурманск на працу. Пасля сканчэння вайны вярнуліся ў Высокі Груд. Юрый захапіўся беларускасцю падчас навучання ў польскай гімназіі, набываў беларускія газеты, календары. У 30-я гады скантактаваўся з беларускімі студэнтамі Віленскай гімназіі. У час нямецкай акупацыі ўзначальваў аддзел працы і сацыяльнага забеспячэння ў Пружанах, заснавальнік і старшыня Пружанскага аддзялення Беларускага камітэта ў Беластоку (1943—1944). Аддзяленне размяшчалася на рагу Царкоўнай і Гімназіяльнай вуліц. За час яго дзейнасці былі адкрытыя беларуская васьмікласная школа ў Пружанах (заняла будынак былой польскай гімназіі), школы ў Арабніках, Чахцы, Агародніках, Купічах, Дабучыне. 27 чэрвеня 1944 года Юрый Попка браў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе ў Мінску[1]. 11 ліпеня 1944 у сувязі з надыходам Чырвонай арміі выехаў на захад. Працаваў на фабрыцы ў Цвітаве, у баўэра ў Шусенрыдзе?! (каля Бібераху-на-Рысе, зямля Бадэн-Вюртэмберг). Пасля адкрыцця лагераў УНРРА пераехаў у Біберах-Бергергаўзен, пасля ў Віндсберг. Актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці беларускай эміграцыі ў Германіі. Член замежнага сектару Беларускай незалежніцкай партыі[2], кіраўнік нацыяналістычнай арганізацыі «Згуртаванне беларускіх патрыётаў». У 1952—1954 — кіраўнік палітычна-прапагандысцкага аддзела Галоўнага штаба Беларускага Вызваленчага Фронту (пад псеўданімам Б. Жубровіч). У 1971 годзе пераехаў у Ляймен (Бадэн), дзе заснаваў ва ўласнай кватэры на Гётэштрасэ, Беларускі музей. Адкрыццё адбылося 15 сакавіка 1982 года з удзелам мясцовых беларусаў і мэра Лаймена Г. Эрхбара. Экспанаты для яго былі сабраны з усяе Заходняе Германіі: паясы, убранне, лапці, лыжкі, посуд, кнігі[3]. Выстаўленыя ўзнагароды заснавальніка, атрыманыя ад кіраўніцтва БЦР на эміграцыі, мандат і пасведчанне дэлегата II Усебеларускага кангрэса (1944), творы і перыядычныя выданні, якія выходзілі пад рэдакцыяй Юрыя Попкі і інш. У 1987 на могілках у раёне Лаймена Санкт-Ільгене яго стараннямі быў усталяваны помнік загінулым у 1939—1945 беларусам. Заснаваны ім Інстытут беларусаведы (Institut der Bjelorussischen Kulturwissenschaften або Bjelorussisches Institut) меў на мэце заахвочванне даследаванняў па гісторыі Беларусі. Тут выдаваліся кнігі Попкі і іншых эміграцыйных беларускіх аўтараў, а ад 1986 года і друкаваны орган «Весткі Інстытута беларусаведы» (Berichte des Instituts der Bjelorussischen Kulturwissenschaften, кн. 1—8, выходзіў да 1993). Памёр у 1990 годзе. Пахаваны на могілках Санкт-Ільгена. На надмагіллі напісаны аповед жыцця памерлага: «Пасьля Другой усясьветнай вайны мая Радзіма была акупаваная ды падзеленая саветамі-расейцамі й палякамі. У знак пратэсту я не вярнуўся на сваю Радзіму. Аднак сваёй Бацькаўшчыне я застаўся верным. У маім сэрцы й маёй душы да апошніх дзён. На сваёй новай Радзіме, Нямеччыне, у Санкт-Ільгэне я выказваю ўдзячнасьць усім маім сябрам. Жыве Беларусь!»[4] Сваю маёмасць запаведаў «самастойнай беларускай дзяржаве»:
Пасля яго смерці экспанаты беларускага музея з кватэры пераведзеныя ў лайменскі краязнаўчы музей, які таксама знаходзіўся ў раёне Санкт-Ільген. Музея больш няма.[5] Літаратурная дзейнасцьПершы літаратурны твор «Восенню» надрукаваў у 1938 годзе ў часопісе «Шлях моладзі», першы артыкул «Пазнавайма родны край!» — тамсама ў 1939. У 1942—1944 — адзін з аўтараў штотыднёвай беларускамоўнай беластоцкай газеты «Новая дарога». Друкаваўся пад псеўданімам Юрый Жывіца. Ва ўласных творах адлюстраваў барацьбу беларускіх партызанаў і падпольнікаў за незалежнасць Беларусі ў ваенныя і пасляваенныя гады. На эміграцыі заняўся найперш выдавецкай дзейнасцю. У Рэгенсбургу ў 1947 распачаў выхад бюлетэню «Adradћeсnie» разам з Янкам Чарнецкім і Станіславам Грынкевічам[6]. Выдаваў таксама газеты і часопісы «Наш сцяг», «Вехі» (Пірмазенс-Віндсберг, 1956-1988, 34 нумары), «Беларуская праўда». Праз нейкі час рэдагаваў бюлетэні Беларускай Цэнтральнай Рады. Выдаваў часопіс «Напагатове» (1948), распаўсюджваў бюлетэнь «Весткі з Беларусі». Выдаў шмат кніг па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі, у т.л. працы У. Ігнатоўскага, А. Цвікевіча. Юрый Попка значыцца суаўтарам «Этнаграфічнае карты Беларусі», на якой да Беларусі аднесеныя Падляшша і ўся паўночная Чарнігаўшчына разам з Чарнігавым[7]. Бібліяграфія
Кнігі, выдадзеныя Інстытутам беларусаведы
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|