КатархейКатархей (грэч. «ніжэй старажытнага»), таксама гадэй[заўв 1], хэдзій, азой, прэархей, прыской[заўв 2] — геалагічны эон, інтэрвал геалагічнага часу, які папярэднічаў архею. Асадкавыя пароды з катархея невядомыя. Паводле сучасных уяўленняў, жыцця на Зямлі ў катархеі не было. Пачаўся з утварэння Зямлі — каля 4,6 млрд гадоў таму. Верхняя мяжа праводзіцца па часе 4,0 млрд гадоў таму. Такім чынам, гэты эон ахоплівае першыя 600 млн гадоў гісторыі нашай планеты. У сучаснай геахраналагічнай шкале ён не падзелены на эры і перыяды. Склад і будова першаснай ЗямліЗямля адразу пасля свайго ўтварэння была параўнальна халодным касмічным целам — тэмпература ў яе нетрах нідзе не перавышала тэмпературу плаўлення рэчыва. Яна мела дастаткова аднастайны склад, не існавала ні ядра, ні зямной кары. Мяркуюць, што 5-4 млрд. гадоў таму назад за кошт радыеактыўнага распаду Зямля атрымлівала ў 5-6 разоў больш цяпла, чым зараз; большая была колькасць метэарытаў і сонечнай энергіі, якая дасягала паверхні Зямлі, паколькі атмасфера адсутнічала. Усё гэта абумовіла ўнутраны разагрэў Зямлі і выклікала зонную плаўку. Легкаплаўкія кампаненты рухаліся ўгару хутчэй за тугаплаўкія. Пад уплывам плаўкі пачаў фарміравацца базальтавы слой зямной кары: на паверхні Зямлі ўзніклі кальцавыя структуры, запоўненыя базальтавай лавай. У папулярнай літаратуры распаўсюджана ўяўленне аб бурнай вулканічнай і гідратэрмальнай дзейнасці на паверхні Зямлі, якое не адпавядае рэчаіснасці. Вулканаў, што вывяргалі б на паверхню маладой Зямлі патокі лавы, фантанаў газаў і пароў вады ў тыя часы не было, як і не існавала ні гідрасферы, ні шчыльнай атмасферы[1]. Тая ж невялікая колькасць газаў і вадзяной пары, якія выдзялялася пры падзенні метэарытаў, паглыналася порыстым рэгалітам. РэльефРэльеф нагадваў спярэшчаную метэарытамі паверхню Месяца, аднак быў згладжаны з-за моцных і практычна бесперапынных прыліўных землетрасенняў і складзены толькі манатонна цёмна-шэрым першасным рэчывам, пакрытым зверху тоўстым пластом рэгаліту. Эвалюцыя сістэмы Зямля-МесяцСуткі ў пачатку катархея доўжыліся 6 гадзін і былі прыблізна роўныя перыяду абарачэння Месяца, аднак апошні вельмі хутка ўзрастаў. У пачатку катархея Месяц знаходзіўся на мяжы Роша, гэта значыць на адлегласці каля 17 тыс. км ад Зямлі, але адлегласць паміж Зямлёй і Месяцам хутка павялічвалася (з хуткасцю каля 10 км/год). Да канца катархея хуткасць аддалення Месяца ад Зямлі знізілася да 4 см/год, а адлегласць паміж імі ў гэты час складала каля 150 тыс. км. Адначасова на Месяцы адбываліся такія ж геалагічныя працэсы, утвараліся месяцавыя моры, запоўненыя базальтавымі лавамі. У адрозненне ад Зямлі, энергетычныя рэсурсы Месяца параўнальна хутка страціліся з-за яго малой масы. Мяркуюць, што зараз тэмпература ў глыбіні Месяца роўна 100°С, тэрмічная эвалюцыя нязначна працягваецца ў яго нетрах. У наш час Месяц можна разглядаць як аналаг старажытнай Зямлі. Але эвалюцыя Зямлі пайшла далей, тады як Месяц амаль не змяніўся за апошнія 3-3,5 млрд. гадоў. Такім чынам, Месяц можна прыняць за своеасаблівую мадэль Зямлі на самым пачатку геалагічнай гісторыі яе развіцця. ЗаўвагіКрыніцы
Літаратура
|