Алентанскі бегемотАлентанскі бегемот (англ.: Allenton hippopotamus)— шкілет бегемота Hippopotamus amphibius, знойдзены ў англійскім селішчы Алентан, прыгарадзе Дэрбі, у 1895 годзе[1]. Побач з месцам выяўлення шкілета ўсталявана скульптура, трохмятровы (у даўжыню) шкілет захоўваецца ў Музеі і мастацкай галерэі Дэрбі[2]. Алентан (Allenton) — вёска за 5 км ад Дэрбі. У сакавіку 1895 года пры правядзенні земляных прац для пабудовы сцяны ў Crown Inn адчуўся благі пах, а следам былі выяўлены вялікія косткі[3]. Было вырашана ўкласці сродкі ў далейшыя пошукі і падзяліцца гэтай знаходкай з грамадскасцю. Раскопкі працягваліся на пляцы ў 4,5 кв. м., хоць дно раскопак пакрылася вадой, якая праступіла на глыбіні ў 1,8 м. Вада адпампоўвалася; за працай назіралі Бемроўз (H.H. Bemrose) і Дзілі (R.M. Deeley), які пазней напісаў справаздачу пра раскопкі[3]. Косткі былі перададзены ў Музей Дэрбі, на той момант ужо 16 гадоў як адкрыты[4]. Усяго было знойдзена 127 костак, якія галоўным чынам належалі гіпапатаму, але сустракаліся і тыя, што належалі насарогу і слану. Арнольд Бемроўз (Arnold Bemrose) выказаў здагадку, што дадзеныя косткі з'яўляюцца доказам існавання некалі вялікага моста паміж Брытаніяй і Еўропай, бо гэта было самым відавочным тлумачэннем знаходжання такіх костак[1]. Цяпер лічыцца, што косткі даказваюць, што 120 000 гадоў назад, у міжледніковы перыяд, клімат быў цяплей, і сярэдняя летняя тэмпература ў тых месцах была больш 18 градусаў па Цэльсіі, а ўзімку не было ярка выяўленых перыядаў замаразак[5]. Усе гэтыя косткі былі знойдзены на так званай Allenton Terrace — адклады жвіру, якія месцамі перавышаюць сучасны ўзровень ракі Дэрвент на 6 метраў. У ліпені 1973 года працоўныя знайшлі ў тых месцах і іншыя косткі, частка з якіх таксама выстаўлена ў Музеі і мастацкай галерэі Дэрбі — мядзведзя, аленя, быка, гіпапатама, насарога і слана. Знаходкі ўтрымоўвалі па 1-2 косткі, самай буйнай з іх апынуўся вялікі зуб гіпапатама[6]. У 2006 годзе для ўвасаблення ў скульптуры гісторыі рэгіёна ў Алентан быў запрошаны Майкл Дан Арчэр (Michael Dan Archer). Ён выкарыстоўваў лазернае сканаванне костак у музеі Дэрбі для далейшага іх атбітку. Скульптура ўяўляе сабой тры секцыі разарванага круга дастатковага памеру, каб сядзець на іх; на паліраванай іх паверхні змесцаваны чыгунныя копіі костак бегемота[2]. Зноскі
|