УА «Віцебская ордэна „Знак Пашаны“ дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны» (ВДАВМ, руск.: Витебская ордена «Знак почёта» государственная академия ветеринарной медицины) — адзіная ВНУ Беларусі ў галіне ветэрынарыі. Да 1994 года акадэмія была вядомая як «Віцебскі ордэна „Знак Пашаны“ ветэрынарны інстытут імя Кастрычніцкай рэвалюцыі». Знаходзіцца ў Віцебску, 1-я вуліца Даватара, 7/11.
Гісторыя
Заснавана як ветэрынарны інстытут у 1924 годзе на базе Віцебскага вышэйшага сельскагаспадарчага тэхнікума (заснаваны ў 1921), губернскага ветэрынарна-заалагічнага музея, ветэрынарнай бактэрыялагічнай лабараторыі (заснавана ў 1913). У тым жа годзе прысвоена імя Кастрычніцкай рэвалюцыі.
1 кастрычніка1994 года інстытут ператвораны ў акадэмію ветэрынарнай медыцыны.
Акадэмія знаходзіцца ў былым будынку Пазямельна-сялянскага банку, пабудаваным ў 1917 годзе (архітэктар Тарасаў) у псеўдарускім стылі. 2-павярховы будынак Е-падобны ў плане на цокальным паверсе, з 3 бакоў фланкаваны вежамі. Вежа на рагу вуліц Баўмана і Даватара вылучаецца маштабнасцю, мае выразнае карнізнае дзяленне машыкуляй і 3-ярусны шацёр з «цыбулінкай». Галоўны ўваход завяршаецца кілепадобным франтонам з мазаічным маёлікавым пано, у цэнтры якога стылізаваны герб Віцебскай губерні.
Пры акадэміі працуюць аспірантура і дактарантура па ветэрынарнай, сельскагаспадарчай і біялагічнай спецыяльнасцях, функцыянуюць саветы па абароне дысертацый на атрыманне вучонай ступені доктара і кандыдата навук па пяці навуковых спецыяльнасцях.
Сёння ў акадэміі працуюць 323 выкладчыкі, сярод іх 137 кандыдатаў і 23 дактары навук.
Навучаецца 4891 студэнтаў. Усяго на вочных факультэтах навучаецца 2550 студэнтаў, з іх 2161 на факультэце ветэрынарнай медыцыны, 389 — на зааінжынерным, 1295 — на завочным факультэце. На факультэце павышэння кваліфікацыі за год праходзяць перападрыхтоўку 2500 чалавек.
Уладзімір Піліпавіч Лемеш, з 1933 г. па ліпень 1941 г. выконваючы абавязкі загадчыка кафедры кармлення сельскагаспадарчай жывёлы, рэктар у 1944—1968 гг.
Фёдар Фёдаравіч Порахаў — дэкан факультэта ветэрынарнай медыцыны (1965—1969), загадчык кафедрай унутраных незаразных хвароб сельскагаспадарчай жывёлы (1964—1979), прафесар кафедры ўнутраных незаразных хвароб сельскагаспадарчай жывёлы і фармакалогіі (1979—1993)[3]