Кальварыя (прадмесце)Кальва́рыя, Кальвары́йскае прадмесце — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы горада, уздоўж шляху да Кальварыйскіх могілак і вакол іх. Архітэктурная дамінантай мясцовасці быў могілкавы касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які захаваўся да нашага часу. На захадзе ад Кальварыі месціцца прадмесце Цівалі, на поўначы — Міхалянка, на ўсходзе — Татарская Слабада, на поўдні — Тучынка[1][2]. ГісторыяУ XVIII ст. на ўзгорку, што размяшчаўся на Ракаўскім гасцінцы (раён цяперашняй вуліцы Кальварыйскай), адкрыліся каталіцкія могілкі. Назва могілак паходзіць з лацінскай мовы і перакладаецца, як чэрап, лысая гара, што для хрысціян разумеецца як Галгофа[3]. Ужо ў канцы XVIII — пачатку XIX стст. на гэтых могілках існаваў драўляны касцёл з «высокімі вежамі», які ў 1830 годзе разабралі з прычыны старасці[4]. У 1830 годзе мінскі гісторык і збіральнік даўніны Юрый Кабылянскі пабудаваў могілкавую ўваходную браму. У верхняй яе частцы знаходзіцца надпіс на польскай мове, з якога відаць, што пад адной з масіўных апораў пахаваная жонка гісторыка — Юзэфа. У 1839 годзе на могілках збудавалі капліцу (цяпер гэта Касцёл Узвіжання Святога Крыжа), у якой быў пахаваны знакаміты беларускі мастак Ян Дамель. За алтаром капліцы знаходзілася велічная фрэска — выява гары Іерусалімскай Кальварыі, крыжовай Галгофы. «У цэнтры гэтай фрэскі вялікі, у пазалачонай раме вобраз Хрыстоса, які лічыцца адным з найлепшых твораў Дамеля», — пісаў у сваім гістарычна-краязнаўчым нарысе «Мінск» вядомы паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвіг Кандратовіч)[5]. Паводле сведчанняў беларускага падарожніка Паўла Шпілеўскага яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. могілкі атачаў «арэхавы лес, багаты на грыбы і ягады»[6]. У «Спісе домаўладальнікаў… г. Мінска», які датычыцца 1866—1867 гадоў, згадваецца «Кальварыя (урочышча) — 6 дамоў»[4]. У сувязі з ростам горада ў пачатку XX ст. Кальварыя ўвайшла ў склад Мінска, у пятую паліцэйскую частку. Гэтую ж назву атрымала навакольнае прадмесце, праз якое праходзіла Кальварыйская вуліца[7]. За часамі БССР камуністы перайменавалі Кальварыйскую вуліцу ў гонар Іосіфа Апанскага — савецкага чэкіста, які ўвайшоў у гісторыю як змагар супраць беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. У 1993 годзе вуліцы Апанскага вярнулі гістарычную назву[8]. На пасяджэнні 6 мая 2009 года Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліцаў і іншых частак Мінска прыняла рашэнне па наданні безыменнаму скверу ў межах вуліцы Кальварыйская — праезд Кальварыйскі — могілкі «Кальварыя» назвы «Кальварыйскі»[9]. СучаснасцьНа Кальварыйскіх могілках да нашых дзён захавалася мураваная брама, помнік класіцызму, выкананая ў характэрнай традыцыі беларускага дойлідства, а таксама неагатычны Касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Ад назвы прадмесця і могілак пайшлі такія мінскія тапонімы, як Кальварыйская вуліца, Кальварыйскі праезд і Кальварыйскі сквер. Цікавыя факты
Галерэя
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|