Камароўка (Мінск)Камаро́ўка, Камаро́ўскае прадмесце — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы горада, за Траецкай Гарой і Залатой Горкай. Раней жыхары адрознівалі Старую Камароўку (раён цяперашніх плошчы Якуба Коласа, бульвара Уладзіміра Мулявіна і вуліцы Краснай) ад Новай Камароўкі (дзялянка паміж праспектам Машэрава і вуліцай Харужай)[1]. На паўднёвым захадзе ад Камароўкі месціцца Старажоўка, на захадзе — Пярэспа, на поўдні — Залатая Горка, на ўсходзе — Ваньковічаў Лес, на паўночным ўсходзе ад прадмесця знаходзіўся Гарадскі выган (Камароўскае балота)[2][3]. Этымалогія назвыІснуе некалькі версій паходжання назвы мясцовасці. Першая з іх звязаная з народнай легендай пра блазнаватага Федзьку Камара, які паквапіўся на скарб памерлага і патануў у багне[4]. Другая версія атаясамлівае назву мясціны з камарамі, якія насялялі тутэйшае балота. Трэцюю, навуковую, версію прапанаваў беларускі гісторык і археолаг Пётр Русаў. У сваім даследаванні ён давёў, што ў старажытных дакументах мясціну называлі «Камораўкай». У летапісных крыніцах слова «камара», «камора», «комора» пазначалі скляпы, скляпенні або памяшканні. Гэтак жа звалі кантору пры лясніцтве, а ў XV — XVIII стагоддзях — мытню[5]. ГісторыяПершае пісьмовае згадванне мясцовасці датуецца 1552 годам[5] (паводле іншых звестак Камароўскае балота пачынае згадвацца ў актах пачатку XVII ст.[6]). Некалі на месцы прадмесця існавала вёска Камароўка, якая да 1812 года належала князям Радзівілам (пасля таго, як Радзівілы выступілі на баку Напалеона ў вайне 1812 года вёска і прылеглыя тэрыторыі былі адабраныя ў іх расійскімі ўладамі і перапрададзеныя мінскаму абшарніку Станіславу Ваньковічу). Паводле беларускага падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага ў сярэдзіне XIX ст. Камароўка была адметная «сваімі гарамі, густым хваёвым лесам, і швейцарскім дамком, і маслабойнымі»[7]. У 1879 годзе вёска Камароўка (2 вярсты ад тагачаснага цэнтра горада — сучаснай плошчы Свабоды) — «каля 40 жыхароў». Да канца XIX ст. вёска ўвайшла ў межы Мінска, а яе назва распаўсюдзілася на ўсю паўночна-ўсходнюю частку горада. У пачатку XX ст. Камароўка ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку горада. Пачыналася на паўночны-захад ад Камароўскай вуліцы (цяпер праспект Машэрава) і амаль цалкам належала абшарніку П. С. Ваньковічу, чые продкі і сваякі былі вядомымі культурнымі дзеячамі. Праз прадмесце праходзілі Старавіленская, Вялікая Барысаўская (пазней Аляксандраўская, цяпер Максіма Багдановіча), Георгіеўская (Чычэрына), Плябанская (пазней Шырокая, цяпер Куйбышава), Бондараўская (Гікалы) — тамака сяліліся рамеснікі-бондары, Казакоўская (Пугачоўская) — назва пайшла ад прозвішча ўладальніцы гэтай дзялянкі зямлі абшарніцы Аўгусціны Казаковай), Міжтрактавая (не існуе), Турэцкая (Беламорская), Кітайская (Усходняя) вуліцы, Лагойскі (вуліца Якуба Коласа) і Барысаўскі (праспект Незалежнасці) тракты, дарога на Цну, Казакоўскі завулак[2][8][9]. У асноўным у прадмесці сяліліся рамеснікі і працоўныя. Многія насельнікі здымалі жытло. Гэтая мінская ўскраіна была адной з самых занядбаных. Санітарныя ўмовы пражывання былі даволі кепскімі. Апроч таго, мясцовасць была нізіннай, і пасля дажджоў вуліцы ператвараліся ў непраходнае балота. У 1910 годзе на Камароўскай плошчы на сродкі 120-га пяхотнага Серпухаўскага палка была пабудаваная Свята-Аляксееўская царква, у 1918 годзе храм згарэў[10]. У 1911 годзе дзеля вывучэння праблем асушвання балотных тэрыторый у прадмесці адкрылася Мінская балотная доследная станцыя. У 1925 годзе былі праведзеныя працы па асушванні Камароўскага балота. У 1929 годзе трамвайная лінія злучыла Камароўку з Таварнай станцыяй. У 1939 годзе на рагу гістарычных Лагойскага і Барысаўскага трактаў збудавалі будынак Інстытута фізкультуры (архітэктары. А. Ваяроў, А. Брэгман). У гады Другой сусветнай вайны ў раёне дзейнічала савецкая падпольная група. У сярэдзіне 1950–х гадоў пачаўся знос старых драўляных хат. Адбыўся пуск тралейбуса. У 1964 годзе быў пабудаваны Дом мэблі. У 1972 годзе на плошчы Якуба Коласа (да 1956 года Камароўскай) усталявалі помнік народнаму паэту. У 1979 годзе адкрыўся цэнтральны калгасны рынак — Камароўскі[11]. У 2001 годзе на плошчы перад Камароўскім рынкам адкрыўся шматступенны фантан, вакол якога былі ўсталяваныя бронзавыя скульптуры Уладзіміра Жбанава «Конь і верабей», «Пані з сабачкай» і «Фатограф». 6 мая 2009 года Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц і іншых частак Мінска на сваім пасяджэнні прыняла рашэнне па наданні безыменнаму скверу ў межах вул. В. Харужай — ГЦ «Люстэрка» — крама «Дом мэблі» назвы «Камароўскі»[12]. СучаснасцьДраўляная забудова прадмесця не захавалася, зберагліся толькі асобныя фрагменты прысядзібных садоў.[13] Тапонім застаўся замацаваны за раёнам горада, што размешчаны вакол Камароўскага рынку і Камароўскага сквера. Старыя адрасы
На Камароўскім полі (палігоне), якое знаходзілася прыблізна на месцы сучаснага рынка, 24 і 25 траўня 1911 года здзяйсняў палёты на аэраплане знакаміты расійскі авіятар Сяргей Утачкін (1876—1916) Галерэя
Зноскі
Літаратура
|