Насе́льніцтва Эсто́ніі па стане на 1 студзеня 2012 года склала 1 318 005 чалавек[1] і перманентна скарачаецца за кошт перавышэння смяротнасці над нараджальнасцю.
Статыстыка
Колькасць насельніцтва
Паводле звестак Дэпартамента статыстыкі Эстоніі, колькасць насельніцтва Эстоніі змяншаецца. Сітуацыя пагаршаецца тым, што на тле іншых еўрапейскіх краін з адмоўным натуральным прыростам насельніцтва Эстонія мае недастатковы прыток імігрантаў. Станоўчы прырост насельніцтва ў Эстоніі скончыўся ў 1990 годзе, пасля чаго колькасць насельніцтва зменшылася з 1 570 599 чалавек да 1 340 194 у 2011 (14,6 %).
У апошнія гады, што праўда, хуткасць змяншэння насельніцтва паступова змяншалася, і ў 2010 годзе нават быў дасягнуты дадатны каэфіцыент прыросту[5].
Узроставая структура
У 1970—1990 гадах узроставая структура насельніцтва была даволі стабільнай: каля 22 % яго складалі асобы ва ўзросце да 14 гадоў, 66 % — ад 15 да 65 гадоў, 12 % — 65 гадоў і старэйшыя[2]. З прычыны нізкай нараджальнасці пасля 1990 года працэнт маладога насельніцтва знізіўся да 15 %, а доля жыхароў пенсіённага ўзросту павялічылася да 17 % (2009). Доля асоб ва ўзроставай групе ад 15 да 64 нязначна павялічылася да 68 %.
Нараджэнні і смерці
У 1947—1989 гадах колькасць нараджэнняў перавышала лік смерцяў, аднак з 1990 сітуацыя змянілася ў бок адмоўнага натуральнага прыросту. Толькі ў 2010 годзе быў дасягнуты станоўчы каэфіцыент прыросту, аднак у цэлым колькасць насельніцтва стала змяншаецца.
У 1970—1990 гадах агульны каэфіцыент нараджальнасці (АКН) складаў крыху болей за 2 дзіцяці ад жанчыны[6]. Пасля здабыцця незалежнасці адбылося хуткае падзенне АКП. У 1998 годзе быў зафіксаваны найменшы яго ўзровень: 1,28 дзіцяці ад жанчыны. Цягам наступных гадоў АКП паступова ўзрастаў і ў 2009 складаў 1,63.
Дзіцячая смяротнасць
Каэфіцыент дзіцячай смяротнасці ў Эстоніі ў мінулыя дзесяцігоддзі адчувальна зменшыўся. У 1970 ён складаў 17,7 на 1000 нараджэнняў[7], у 1980 — 17,1, у 1990 — 12,3 і ў 2000 — 8,4. У 2009 быў зафіксаваны найніжэйшы КДС: 3,6.
Чаканая працягласць жыцця
Працягласць жыцця ў Эстоніі меншая, чым у большасці заходнееўрапейскіх краін. За савецкім часам сярэдняя працягласць жыцця складала 64—66 гадоў у мужчын і 73—75 гадоў у жанчын[8]. Пасля здабыцця незалежнасці яна зменшылася на некалькі гадоў. У 1994 годзе быў зафіксаваны яе найніжэйшы ўзровень: 60,5 гадоў у мужчын і 72,8 у жанчын. Пасля 1994 працягласць жыцця паступова павялічваецца і ў 2012 годзе складала 68,3 і 79,2 гадоў для мужчын і жанчын адпаведна[9]. Паводле звестак Еўрастата, сярод краін ЕС Эстонія і Славенія маюць найвышэйшы рост працягласці жыцця[10].
Міграцыя
У 1991—2010 гадах насельніцтва Эстоніі зменшылася на 230 000 чалавек, з якіх 82 000 за кошт перавышэння смяротнасці над нараджальнасцю, а 150 000 — за кошт адмоўнага сальда міграцыі. Эмігравалі ў асноўным этнічныя рускія, украінцы і беларусы. Гэта асабліва бачна па выніках перапісу 2000 года (гл. ніжэй). Звесткі за 2000—2009 гады таксама сведчаць пра перавышэнне эміграцыі над іміграцыяй, хоць і ў значна меншых маштабах, чым пад канец XX стагоддзя[4].
Нацыянальны склад
Этнічны склад насельніцтва Эстоніі значна вагаецца ад павета к павету. Па стане на 2008 год у трынаццаці з пятнаццаці паветаў Эстоніі эстонцы складалі больш за 80 % усяго насельніцтва. Найбольшая доля эстонцаў у паветах Хію (98,4 %) і Саарэ (98,3 %). А вось у паветах Іда-Віру і Хар’ю (які ўлучае сталіцу Эстоніі Талін) этнічныя эстонцы складаюць толькі 19,7 % і 59,6 % (Талін — 55 %) насельніцтва адпаведна. Доля рускіх у гэтых двух паветах складае адпаведна 71,2 % і 32,4 % (36,4 % у Таліне). Агульная доля рускіх у нацыянальным складзе Эстоніі складае 25,6 %[12].
Гэткае становішча склалася менавіта падчас савецкай акупацыі, паколькі нацыянальныя перапісы, якія двойчы праводзіліся ў міжваенны перыяд у незалежнай Эстоніі (1922 і 1934 гады), паказвалі, што эстонцы з’яўляюцца дамінуючым народам, у той час як усе астатнія нацыянальнасці складаюць 12 % насельніцтва Эстоніі.
У выніку вышэйпамянёнай савецкай палітыкі доля этнічных эстонцаў знізілася да 61,5 % у 1989 у параўнанні з 88 % у 1934[13]. Аднак у першую дэкаду па аднаўленні незалежнасці дзякуючы шырокамаштабнай эміграцыі рускіх, а таксама вываду з тэрыторыі Эстоніі расійскіх ваенных баз колькасць эстонцаў павялічылася да ўзроўню 68,7 % (2008), у той час як доля рускіх зменшылася з 30 % да 25,6 %, украінцаў — з 3,1 % да 2,1 %, беларусаў — з 1,8 % да 1,2 %[12][13].
Па стане на 2008 год найбуйнейшыя народы ў Эстоніі — эстонцы (68,7 %), рускія (25,6 %), украінцы (2,1 %), беларусы (1,2 %) і фіны (0,8 %). Гэтыя пяць народаў складаюць 98,4 % усяго насельніцтва[12].
Нацыянальны склад насельніцтва Эстоніі (1922—2011)
Эстонская мова выкарыстоўвае лацінскі алфавіт. Траціна стандартнай лексікі мовы выводзіцца даданнем суфіксаў да каранёвых словаў. Найстарэйшыя вядомыя прыклады пісьмовай эстонскай мовы сустракаюцца ў хроніках XIII стагоддзя.
Эстонская і фінская мовы вельмі блізкія, адносяцца да фінскай групы ўральскай моўнай сям’і. Тым не менш, гэтыя мовы не з’яўляюцца ўзаемна зразумелымі, хоць адукаваныя носьбіты могуць разумець пісьмовую мову іншага народа ў больш-менш вялікай ступені.