Ушачы
Уша́чы[2] (трансліт.: Ušačy; мясцовае: Вуша́ча) — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Ушацкага раёна, на р. Ушача. За 150 км на захад ад Віцебска і 36 км ад чыгуначнай станцыі Лепель. Вузел аўтамабільных дарог на Мінск, Віцебск, Полацк, Лепель, Глыбокае, Докшыцы. На заходняй ускраіне пасёлка возера Чаравечае. Насельніцтва 5 948 чал. (2017)[3]. НазваНазва Ушачы ад назвы ракі Ушача, якая балцкага паходжання. Гэты корань таксама ў трох гідронімах Уша (прыток Віліі, Нёмана, Бярэзіны). Корань Uš- з’яўляецца варыянтам кораня Us-. Абодва аднолькава ад індаеўрапейскага *aus- / *us- «блішчэць, ззяць», ад якога літоўскае aušra «зара», apy-ūšris «час перад світанкам», латышскае *Ūss (балцкае боства зары)[4][5]. Водныя назвы з коранем Us- / Uš- матываваныя блішчастасцю воднай паверхні. Назва ракі Ушача значыць «Блішчастая (рака)». ГісторыяВядомыя з XVI стагоддзя. Належалі полацкаму стольніку Ю. Кляноўскаму, з 1672 года — Д. Радзімінскаму-Францкевічу, Шчытам, затым Плятэрам. У 1716 годзе падваявода полацкі В. Жаба заснаваў касцёл і дамініканскі кляштар з шпіталем і школай. У 1758 годзе атрымалі магдэбургскае права. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Ушачы сталі цэнтрам той часткі Полацкага ваяводства, што засталася ў Рэчы Паспалітай. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе як заштатны горад, мястэчка, цэнтр Лепельскага павета Ушачы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. З 1805 года яны — цэнтр воласці ў Віцебскай губерні. У 1846 годзе ў мястэчку 95 жыхароў, 22 двары. Тут быў вадзяны млын, стаялі 2 карчмы. У 1880 годзе дзейнічалі вінакурны завод, млын, былі 2 царквы, касцёл, 18 крам, 3 яўрэйскія малітоўныя школы, з 1890 года працавала царкоўнапрыходская школа. Паводле перапісу 1897 года ў мястэчку 1268 жыхароў, 170 двароў, былі гарбарны і паташны заводы, млын, лячэбніца, аптэка, 16 крам, 8 шынкоў, заезныя дамы. У 1919 годзе Ушачы знаходзіліся ў складзе РСФСР, у 1924 годзе ўвайшлі ў БССР і сталі цэнтрам Ушацкага раёна Полацкай, у 1935—1938 гадах Лепельскай акруг. 27 верасня 1938 года Ушачам нададзены статус гарадскога пасёлка Віцебскай вобласці. У 1941 годзе ў пасёлку было 2,7 тыс. жыхароў, 600 двароў. У Вялікую Айчынную вайну 7 ліпеня 1941 года Ушачы акупіравалі нацысцкія захопнікі. Яны загубілі тут 735 чалавек. Ва Ушачах і раёне дзейнічала патрыятычнае падполле. У канцы верасня 1942 года партызаны разграмілі мясцовы варожы гарнізон і вызвалілі Ушацкі і суседнія з ім раёны ад гітлераўскіх захопнікаў. Была створана Полацка-Лепельская партызанская зона. У снежні 1943 — красавіку 1944 гадоў ва Ушачах дыслацыраваліся штабы Полацка-Лепельскай аператыўнай групы ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху, партызанскай брыгады імя В. Чапаева. Тут размяшчалася падпольная друкарня, дзейнічалі партызанскі тэлефонны вузел, электрастанцыя, лесазавод. 30 красавіка 1944 года Ушачы былі захоплены гітлераўцамі. Вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту 29 чэрвеня 1944 года. З 1944 года Ушачы былі ў складзе Полацкай, з 1954 года — Віцебскай абласцей. У 1962—1966 гадах уваходзілі ў Лепельскі раён. У 2011 годзе ў склад пасёлка ўвайшлі вёскі Гарадок і Пралетарый[6]. ЗабудоваЦэнтр пасёлка захаваў гістарычную планіроўку. Рака Ушача падзяляе пасёлак на 2 часткі. Левы бераг забудаваны пераважна індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. На правым беразе знаходзіцца адміністрацыйна-грамадскі цэнтр і асноўная жылая забудова. У цэнтры, які захаваў гістарычную планіроўку, пастаўлены 2—5-павярховыя дамы. Насельніцтва
ЭканомікаПрадпрыемствы лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці. Вытворчая зона размешчана на паўднёвы ўсход ад пасёлка. Тут працуюць камунальнае унітарнае прадпрыемства «Ушацкі камбінат прамысловых тавараў», адкрытае акцыянернае таварыства «Ушацкі льнозавод», унітарнае вытворчае прадпрыемства «Ушацкі агароднінасушыльны завод» і інш. Адукацыя і культураЁсць сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, Цэнтр пазашкольнай работы з дзецьмі. Дзейнічаюць Дом культуры, 2 бібліятэкі, Дом рамёстваў, дзіцячая школа мастацтваў. Працуюць 9 калектываў аматарскай мастацкай творчасці, 2 народныя: клубы «Ветэран» і народных майстроў, 1 узорны — дзіцячы хор школы мастацтваў. Створаны Ушацкі музей народнай славы ім. В. Е. Лабанка. Славутасці
Вядомыя асобы
Ва Ушачах пахаваны Народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч Барадулін (1935—2014). Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|