Паставы
Паста́вы[3] (трансліт.: Pastavy) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, на рацэ Мядзелцы, адміністрацыйны цэнтр Пастаўскага раёна. Знаходзіцца за 250 км на захад ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Вільнюс (Літва). Вузел аўтадарог на Браслаў, Глыбокае, Шаркаўшчыну, Мядзел, курортны пасёлак Нарач. Насельніцтва — 19882 чалавек (2017)[4]. НазваНазва Паставаў балцкага паходжання, яна звязаная з адпаведным гідронімам, які мае прамыя адпаведнікі сярод назвамі азёраў ва Усходняй Літве, што непасрэдна мяжуе з Пастаўскім раёнам: Pastovis, Pastovys, Pastovėlis. Яны звязаныя з літоўскім pastovis «глыбокае месца ў рацэ, дзе павольна цячэ вада», адсюль «стаячая вада, якая не цячэ»[5][6]. Існуе і іншае вытлумачэнне. Географ В. Жучкевіч звязваў назву з гняздом слоў з асновай «стаў», у тым ліку са значэннем «сажалка». Разам з тым ён згадваў і балцкую аснову stav-, не даючы ў выніку адназначнага адказу[7]. Дзеясловы стаяць, ставіць (ад іх ставок «сажалка») этымалагічна звязаныя са згаданым літоўскім pastovis (ад stovėti «стаяць»), таму вырашальную ролю мае геаграфічны кантэкст, які ў ваколіцах Паставаў балцкі. ГісторыяДагістарычны часПершыя людзі на тэрыторыі цяперашніх Паставаў з’явіліся ў эпоху позняга неаліту і ранняга бронзавага веку (кан. III — пач. II тыс. да н.э.), пра што сведчаць матэрыялы археалагічных раскопак у заходняй частцы горада, на беразе Задзеўскага возера. Вялікае Княства ЛітоўскаеУпершыню згадваецца ў 1409 годзе, калі вялікі князь літоўскі Вітаўт надаў Зяновію Братошычу, продку рода Зяновічаў, акт на заснаванне на месцы вёскі Пасаднік мястэчка з новай назвай Паставы[8]. У 1414 годзе Зяновій Братошыч атрымаў ад вялікага князя Вітаўта пацверджанне ўладання бацькоўскімі маёнткамі, сярод якіх згадваюцца Паставы з вялікімі абшарам да ракі Дзісны і мяжы Полацкага павета[9]. У 1516 годзе ўласнік Пастаў Юрый Зяновіч са сваімі сынамі зафундаваў касцёл Божай Маці[10] (перабудаваны ў 1760, пасля пажару 1840 года набажэнствы былі перанесены ў францішканскі касцёл). У апісанні Віленскага біскупства, здзейсненага прэлатам Янам Альбінам у 1522 годзе, згадваецца і касцёл у Паставах, але яшчэ як не кансэкраваны. Па просьбе святара Мікалая з Вайцешына сыны Юрыя Зяновіча ў 1522 пацвердзілі гэты фундуш[10]. У 1522 годзе маёнтак у Паставах падзелены на чатыры часткі паміж братамі Мікалаем, Міхалам, Юрыем і Янам Зяновічамі[11]. З гэтага часу пачынаецца раздробленасць вотчынных земляў. Розныя часткі мяняліся, прадаваліся, пераходзілі ў спадчыну і пасагі. Полацкі кашталян Юрый Мікалаевіч Зяновіч (каля 1510—1583) паводле Попісу 1567 года выстаўляў «коней» і са сваёй часткі маёнтка ў Паставах:
Рэч ПаспалітаяУ часы Лівонскай вайны (1558—1583) кароль і вял.кн. Стэфан Баторый адпраўляў адсюль плыты з артылерыяй да Полацка: у 1581 годзе з Вільні «венгерская пехота шла пешым шляхам да Пастаў, адсюль на лодках (navibus), разам з гарматамі і іншымі цяжкімі вайсковымі снарадамі, яна па рацэ прыбыла ў Дзісну»[13]. 1617 год — у Паставах на Востраве (Гарадзішча) Станіславам Бяганскім пабудаваны каталіцкі храм Беззаганнага зачацця Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў:
Да часткі Паставаў, якая належалі Бяганскім, адносіліся вёскі Касцені, Сіўцы, Чаранкі, Палуйкі. Пазней у Паставах пабудаваны двор Бяганскіх. Полацкі кашталян Мікалай Багуслаў Зяновіч меў толькі дзве дачкі (Ганну Соф’ю і Соф’ю), абедзве бацькоўскі пасаг у Паставах саступілі свайму кузэну з малодшай лініі Яну Зяновічу. У 1620 годзе Ян Зяновіч набывае ўсе часткі Пастаў ад сваіх братоў за 5306 коп літоўскіх грошаў. Акрамя таго, выкупляе часткі Пастаў ад Гойскага і Хржчонавіча. Паводле інвентара 1628, цэнтрам Паставаў была гандлёвая плошча (стаялі касцёл з плябаніяй, карчма, 6 двароў гандляроў і рамеснікаў). На вуліцах-дарогах, што вялі на Мядзел, Глыбокае і Друю, налічвалася 26 двароў. За ракой Мядзелкай размяшчалася прадмесце Зарэчча, якое мела 17 двароў. Былі таксама 2 пасады па 8 і 9 двароў. Агулам у Паставах было 66 двароў. За межамі мястэчка быў сядзібны комплекс. Падчас паходу маскоўскіх войскаў на Вільню ў 1655 годзе мястэчка было захоплена і спалена корпусам Васіля Пятровіча Шарамецева, пасля чаго тут засталося толькі 5 двароў. У 1686 годзе Паставы, Востраў, Сударвы атрымала ва ўладанне Апалонія Бяганская. Ужо ў 1692 годзе тут налічвалася 142 двары, 994 жыхары. У 1713 годзе кароль Аўгуст ІІ па просьбе Яна Казіміра Бяганскага аб’явіў прывілей на заснаванне кірмашоў у Паставах. Адзіная спадчынніца маёмасці Зяновічаў і Бяганскіх Ганна Бяганская ў 1722 годзе выйшла замуж за Бенедыкта Тызенгаўза і прынесла яму гэту маёмасць у пасаг. Неўзабаве Тызенгаўзы даведаліся, што гэтыя землі былі закладзеныя і абцяжараны вялікімі даўгамі, што выклікала канфлікт паміж Тызенгаўзамі і Бяганскімі, але ўрэшце Паставы засталіся ва ўласнасці Тызенгаўзаў. У 1755 браты Антоні, Міхал і Казімір падзялілі спадчыну бацькі Бенедыкта Тызенгаўза, пасаг маці — Паставы — быў падзелены на тры часткі. Неўзабаве Антоні Тызенгаўз выкупіў у сваякоў іх пастаўскія маёнткі і стаў адзіным уласнікам Пастаў, менавіта тут ён распачаў пабудову сваёй асабістай рэзідэнцыі[15]. Па ініцыятыве літоўскага падскарбія ў 2-й палове XVIII ст. у Паставах пабудаваны фабрыкі (папяровая, палатняная, паясоў), некалькі млыноў, гарбарня, пры ўдзеле італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака створаны архітэктурны комплекс з жылых дамоў, гандлёвых радоў і палаца (на месцы сядзібы XVII ст.). «З беднага драўлянага мястэчка Паставы ў яго часы пераўтварыліся ў прыгожае каменнае»[13]. З Мядзела быў перавезены гродскі суд. Увосень 1781 у Паставы з Гарадніцы пераехала балетная школа. Дзякуючы намаганням падскарбія ў 1784 быў падрыхтаваны «Балет водаў, ці Купанне Дыяны». У лютым 1785 школа атрымала ўсе неабходныя падручнікі і дапаможнікі. Пасля смерці падскарбія ў 1785 яго спадкаемцы перадалі балетную трупу каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, у Варшаве яна стала асновай для каралеўскага балета. У 1785 г. Паставы адышлі пляменніцы Тызенгаўза Сафіі Хамінскай, пасля яе смерці маёнтак перайшоў да яе стрыечнага брата Ігнація Тызенгаўза, які запісаў яго свайму сыну Канстанціну Тызенгаўзу. З 1791 года Паставы — горад, цэнтр Завілейскага павета. Расійская імперыяЗ 1793 года ў складзе Расійскай імперыі, да 1796 — цэнтр Пастаўскага павета. У 1796 годзе статус паніжаны да мястэчка, Паставы сталі цэнтрам воласці Дзісненскага павета. У 1796 годзе Паставам нададзены герб: «у павеце гэтага горада пры мястэчку Міздолі ў возеры здзяйсняецца багатая рыбная лоўля, якая забяспечвае губернскі горад Мінск і іншыя; у знак гэтага ў блакітным полі намалявана ўнізе пірамідальна расцягнутая срэбная рыбалоўная сетка, а зверху такім жа чынам, кутом пакладзены і звернутыя галовамі ўніз тры залатыя рыбы»[13]. З 1806 г. тут жыў учоны — урач Юзаф Кавальскі, пра метады лячэння якога расказаў праз «Віленскую газету» Адам Міцкевіч. Сяброўствам з вучоным і яго жонкай Каралінай Кавальскай навеяны верш паэта «Вяртанне бацькі».[16] З 1814 г. у родавым маёнтку ў Паставах стала пасяліўся Канстанцін Тызенгаўз. У 1-й палове XIX ст. тут заснаваны арніталагічны музей і мастацкая галерэя (апісаная Аляксандрам Пшаздзецкім «Пастаўская карцінная галерэя», 1842). Экспанаты арніталагічнага музея адышлі да Віленскай археалагічнай камісіі, а сямейны архіў Тызенгаўзаў быў перададзены ў бібліятэку ардынацыі Пшаздзецкіх у Варшаве. Дзейнічалі папяровая фабрыка, 2 млыны, сукнавальня, налічвалася 111 двароў. У 1815 годзе згарэла драўляная праваслаўная царква, і Канстанцін Тызенгаўз перадаў вернікам двухпавярховы каменны будынак, які быў перароблены ў царкву. У 1827 годзе ліквідаваны кляштар базыльянаў. У 1832 годзе ліквідаваны кляштар францысканцаў. Пасля смерці Канстанціна Тызенгаўза ў 1853 годзе Паставы пераходзяць ва ўласнасць графа Райнольда Тызенгаўза, які быў апошнім нашчадкам мясцовай лініі роду Тызенгаўзаў. У 1881 годзе маёнтак Паставы пераходзіць ва уласнасць яго сястры Марыі, якая выйшла замуж за графа Аляксандра Пшаздзецкага. Надалей да Другой сусветнай вайны Паставы належаць роду Пшаздзецкіх. Канстанцінам і Густавам Пшаздзецкімі заснаваны вінакурны завод, яшчэ адзін заснаваў у 1885 г. Іосіф Пшаздзецкі (арандатар А. Пергамент). У Пастаўскім маёнтку ў 1881 г. налічвалася 746 рэвізскіх душ. У 1886 г. у Паставах 66 двароў, 726 жыхароў, валасное праўленне, касцёл, сінагога, праваслаўная царква, школа, паравы і вадзяны млыны, 17 крам, 4 піцейныя дамы, сукнавальня, праводзіліся 7 кірмашоў на год і штотыднёвы базар па нядзелях. У 1886 годзе згарэла каменная праваслаўная царква, у 1894 годзе быў асвечаны новаадбудаваны храм. У 1898—1904 гадах быў пабудаваны на месцы былога францішканскага кляштара мураваны касцёл Святога Антонія Падуанскага. На развіццё Пастаў вялікі ўплыў зрабіла пракладка чыгуначнай лініі Новасвенцяны — Беразвечча, у 1895 годзе пачаўся рух цягнікоў з Літвы да мястэчка, а ў наступныя два гады чыгунку працягнулі да Варапаева і Глыбокага. Паводле перапісу 1897 года ў Паставах налічвалася 2397 жыхароў, з іх 58 % — габрэі, якія трымалі ў сваіх руках гандаль. У 1900-13 гадах у маёнтку Пшаздзецкіх у Паставах дзейнічала Пастаўская школа парфорснага палявання. У 1903—1905 гадах у доме аптэкара Казіміра Парнеўскага на вуліцы Задзеўскай хаваўся ад пераследу Юзаф Пілсудскі. Першая Сусветная і савецка-польская войныПадчас Першай Сусветнай вайны Паставы апынуліся на лініі фронта. У ходзе Свянцянскага прарыва 20 верасня 1915 года горад быў захоплены нямецкімі войскамі. У ходзе жорскіх кавалерыйскіх баёў каля Паставаў і возера Задзеўскае ў кастрычніку 1915 года наступленне нямецкіх войскаў было спыненае. Заходняя ўскраіна горада засталася пад нямецкім кантролем, там былі створаны ўмацаванні. 18-28 сакавіка 1916 года расійскія войскі зрабілі спробу прарваць фронт на ўчастку возера Нарач — Паставы, але ліквідаваць Свянцянскі выступ падчас крывапралітных баёў не атрымалася. Больш актыўных баявых дзеянняў не вялося, рускія войскі былі адведзены на ўсходні бераг Мядзелкі[17]. У сакавіку 1917 года быў утвораны Савет салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, паралельна дзейнічалі органы ўлады Часовага ўраду. У лістападзе 1917 года ўлада ў горадзе перайшла да Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Аднак 18 лютага 1918 года нямецкія войскі пачалі наступленне і захапілі Паставы, была адноўлена валасная ўправа, скасаваныя дэкрэты савецкай улады. Пасля зыходу нямецкага войска ў 1919 годзе пачынаецца барацьба за кантроль над горадам паміж польскімі і бальшавіцкімі войскамі. 19-21 чэрвеня 1919 года ў ходзе Польска-савецкай вайны пад Паставамі адбылася бітва паміж польскімі легіянерамі 6-га пяхотнага палка і атрадамі Чырвонай Арміі, якая скончылася адступленнем чырвонаармейцаў. 8 ліпеня 1919 года ў горад увайшлі часткі Чырвонай Арміі. 1 чэрвэня 1920 года польская армія пачала чарговае наступленне, падчас якога з баямі авалодала горадам. Міжваенная польская дзяржаваЗ 1921 Паставы знаходзіліся ў складзе Польшчы, горад і цэнтр Пастаўскага павета Віленскага ваяводства. У канцы 1920-х гадоў тут працавалі 2 лесапільныя заводы (належалі Пергаменту і Зінгеру) і цагельня (належала Райхелям), паравы млын, бровар, пякарня, фарбавальня, смалярня, дзейнічалі кааператывы «Выгода» і «Зерне», рыбалавецкае таварыства, 47 крам. 18-19 жніўся 1931 года ў Паставах адбыліся мясцовыя ўрачыстасці Архідыяцэзійнага Эўхарыстычнага Кангрэса з удзелам віленскага біскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага[18]. У 1934 годзе ўзведзены помнік польскім вайскоўцам, якія загінулі падчас польска-савецкай вайны ў 1919 і 1920 гадах. У 1939 годзе помнік спрабавалі знішчыць танкамі, але толькі збілі жалезныя крыжы, а сам помнік захаваўся да цяперашняга часу. У 1935 годзе пасля смерці Юзафа Пілсудскага для ўшанавання яго памяці Рынкавая плошча ў Паставах была перайменавана ў плошчу Юзафа Пілсудскага, дом аптэкара Парнеўскага быў выкуплены і ператвораны ў дом-музей, на будынку ўсталявана шыльда «Тут спыняўся будаўнік Польшчы Юзаф Пілсудскі ў 1903—1905 гадах» (у 1939 годзе шыльда знішчана, а музейная экспазіцыя ліквідавана). У 1935—1939 гадах у Паставах размяшчаўся 23-ці Гродзенскі ўланскі полк. У 1938 годзе ў Паставах сфарміраваны батальён Народнай Абароны (ON) «Postawy», які ўваходзіў у склад паўбрыгады «Dzisna», штаб якой знаходзіўся ў Паставах. Камандзірам паўбрыгады быў палкоўнік Эдвард Пярковіч, жыхар Пастаўскага павета. У Паставах дзейнічаў павятовы камітэт БСРГ пад старшынствам Антона Таяновіча, у падполлі дзейнічала КПЗБ, сакратаром Пастаўскага падпольнага райкама быў Ілля Асяненка. Другая сусветная вайнаЗ 1939 года Паставы знаходзяцца ў складзе БССР, горад мае 3,4 тыс. жыхароў. З 1940 года — раённы цэнтр Вілейскай вобласці. У 1940 годзе знішчаны гандлёвыя рады на рынкавай плошчы (якія паходзілі з канца XVIII стагоддзя) . У Вялікую Айчынную вайну 6.7.1941 горад акупіраваны нацыстамі. У красавіку 1942 года нацысты стварылі Пастаўскае гета, дзе на 1 ліпеня 1942 года трымалі 848 яўрэяў[19]. Да лістапада 1942 года пастаўскае гета было знішчана. У 1942 годзе нацысты расстралялі ксяндза Браніслава Маціеўскага, які быў мясцовым пробашчам з 1935 года[20]. У пачатку 1943 года ў Паставах размяшчаўся 102-ы латышскі паліцэйскі батальён, паліцэйская кавалерыйская і ездавая школа. Летам 1943 года былі створаны суполкі Саюза беларускай моладзі, у Пастаўскім павеце кіраўніком быў Яўген Занкавіч, у Пастаўскай семінарыі — Віктар Сікора. У красавіку 1944 года пасля візіта ў Паставы Францішка Кушаля быў створаны 35-ы батальён Беларускай краёвай абароны, якім камандаваў Леў Глінскі. Са снежня 1942 года ў горадзе дзейнічаў падпольны Пастаўскі раённы камсамольскі цэнтр у складзе Мікалая Кукеля, Ганны Маслоўскай і Мікалая Асяненкі. Горад вызвалены 5.7.1944 года часцямі 145-й Віцебскай стралковай дывізіі 1-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе Шаўляйскай аперацыі. Пры абароне і вызваленні загінулі савецкія воіны, якія пахаваны ў 2 брацкіх магілах на пл. імя Леніна (2 чал.) і на вул. Чырвонаармейскай (327 чал.). Памяць загінуўшых ушанавана помнікамі. На месца пахавання мірных грамадзян, расстраляных нацыстамі ў 1941 г., у 2006 г. ля стадыёна ўсталяваны памятны знак з надпісам. Пасляваенны часЗ 20.9.1944 — у складзе Маладзечанскай вобласці. У 1945—1947 гадах у Паставах дзейнічае суполка арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў. У 1940—1954 гадах цэнтр Пастаўскага сельсавета. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Віцебскай вобласці. У 1970 годзе ў Паставах 15,1 тыс. жыхароў, у 2001 — 21,1 тыс. жыхароў. Насельніцтва
ЭканомікаДзейнічаюць прадпрыемствы харчовай (кансервавы завод, малаказавод, хлебазавод), лёгкай (прадпрыемства «Беліт», ільнозавод), дрэваапрацоўчай прамысловасці («Паставы-мэбля»), тыпаграфія, лясгас. Гасцініца. Дом паляўнічага. У горадзе функцыянуюць наступныя прадпрыемствы:
Славутасці
Вядомыя асобы
Гл. таксамаЗноскі
Літаратура
Спасылкі
|