Requiem for my friend
«Requiem for my friend» або «Requiem dla mojego przyjaciela» (па-беларуску: Рэквіем па маім сябру) — альбом Збігнева Прайснера, першая буйнамаштабная праца кампазітара, створаная адмыслова для студыйнага запісу і публічнага выканання[7][8]. Паводле першапачатковай задумы твор мусіў быць тэатралізаваным канцэртам на музыку Прайснера, сцэнарый да якога напіша Кшыштаф Пясевіч, а зрэжысіруе Кшыштаф Кеслёўскі. Аднак пасля заўчаснай смерці апошняга ў 1996 годзе, задуманы твор пераўтварыўся ў рэквіем, прысвечаны памяці рэжысёра. Прэм’ера «Рэквіема» адбылася 1 кастрычніка 1998 года ў Вялікім тэатры Варшавы. 19 сакавіка 1999 года ў Лондане прайшла вялікая брытанская прэм’ера твора, якую наведалі каля трох тысяч слухачоў[9]. Альбом быў выпушчаны лэйблам «Erato Disques» адначасова з канцэртнай прэм’ерай у кастрычніку 1998 года[7][10]. Адразу пасля рэлізу альбом атрымаў у Польшчы высокую папулярнасць і ўжо 14 кастрычніка атрымаў статус залатога[11], а 4 лістапада — плацінавага дыска[12]. Пазней, у 2011 годзе твор быў перавыдадзены на CD і вініле лэйблам «Sony Poland»[13][14]. Агульная колькасць прададзеных копій твору перавысіла 180 тысяч[15]. Музычныя кампазіцыі з «Рэквіема па маім сябру» неаднаразова выкарыстоўваліся ў якасці саўндтрэка ў кіно. Сярод найбольш вядомых выкарыстанняў: «Дрэва жыцця» Тэрэнса Маліка, «Вялікая прыгажосць» Паала Сарэнціна, тэлесерыял «Карона». Спіс кампазіцый«Рэквіем па маім сябру» складаецца з 18 музычных кампазіцый, выстраеных у своеасаблівую структуру. На першым структурным узроўні твор разбіты на дзве часткі — «Рэквіем» і «Жыццё» — па 9 кампазіцый у кожнай частцы[8]. Другая частка ў сваю чаргу разбіта яшчэ на чатыры падчасткі — «Пачатак», «Лёс», «Апакаліпсіс» і «Пастскрыптум». Адна з музычных кампазіцый — «Lacrimosa» — паўтараецца ў творы двойчы ў розных варыяцыях. Яна з’яўляецца перадапошняй музычнай тэмай у кожнай з двух частак «Рэквіема па маім сябру» і служыць аб’яднаўчым і кульмінацыйным элементам твора. Частка 1. Рэквіем
Частка 2. Жыццё
Выканаўцы
СтварэннеПерадгісторыя і стварэнне твораУ пачатку 1980-х гадоў Прайснер пазнаёміўся з кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім. Гэтае знаёмства значна паўплывала на далейшы лёс кампазітара, які з тых пор пісаў музыку да кожнага фільма рэжысёра. Шчыльнае супрацоўніцтва Кеслёўскага і Прайснера, а таксама сцэнарыста Кшыштафа Пясевіча аказалася надзвычай плённым: у перыяд з 1985 па 1994 год на экраны выйшла 17 фільмаў, над кожным з якіх яны працавалі сумесна[16]. У маі 1994 года, пасля прэм’еры карціны «Тры колеры: Чырвоны», Кеслёўскі заявіў, што заканчвае сваю кар’еру ў кіно. Тым не менш, у рэжысёра і яго калег існавала шмат іншых нерэалізаваных ідэй. Адной з іх было стварэнне нечага накшталт тэатралізаванага канцэрта. Музыку мусіў напісаць Прайснер, за сцэнарый павінен быў адказваць Пясевіч, Кеслёўскі збіраўся заняцца рэжысурай праекта. Пазней, у інтэрв’ю рэжысёру Эдаарда Понці , Прайснер так апісваў іх задуму:
Аднак планы творцаў не здзейсніліся. 13 сакавіка 1996 года пасля сардэчнага прыступу, падчас аперацыі на сэрцы памёр Кшыштаф Кеслёўскі. Акрамя прафесійных адносін, Прайснера і Кеслёўскага звязвала блізкае сяброўства, і смерць апошняга стала для кампазітара моцным ударам. Адразу пасля смерці сябра Прайснер за тры ночы напісаў рэквіем у яго памяць[17]. Гэты рэквіем стаў першай часткай будучага твору. Пазней кампазітар напісаў другую частку — «Жыццё» — трымаючы ў розуме тую ідэю, якую яны задумвалі ўтрох з Пясевічам і Кеслёўскім. Выбар тэкстаўПры напісанні твору Прайснер выкарыстоўваў тэксты на лацінскай, грэчаскай і польскай мовах[5]. Першая частка пабудавана на тэкстах лацінскай памінальнай імшы (лац.: Missa pro defunctis)[18]. Тэксты кампазіцый №2, №5 і №6 адпавядаюць аднайменным часткам звычайнай каталіцкай імшы — «Kyrie Eleison », «Sanctus », «Agnus Dei »; адзінае адрозненне — у тэксце «Agnus Dei» прысутнічаюць змены, характэрныя для памінальнай імшы. Астатнія кампазіцыі з’яўляюцца ўласцівымі менавіта для рэквіемаў. Тэкст кампазіцыі №1 «Officium» узыходзіць да апакрыфічнай 4-й кнігі Ездры і кнігі Псалтыр (4 Езд 2:34—35; Пс 65:1—2). Кампазіцыя №4 адпавядае аферторыю класічнага рэквіема, які звычайна складаецца з дзвюх частак: «Domine Jesu Christe» («Пане Езу Хрыстэ») і «Hostias» («Ахвяра»); у сваім творы Прайснер выкарыстаў тэкст толькі другой часткі. Кампазіцыя №7 тэкстуальна адпавядае «Lux aeterna » класічнага рэквіема; у творы Прайснера яна выконваецца на польскай мове. Тэксты кампазіцый №3 і №8 узяты з каталіцкай секвенцыі «Dies irae » (каля XIII ст.), якая складаецца з 19 стансаў. Для кампазіцыі «Dies Irae» Прайснер выбраў 8-ю, 12-ю і 1-ю стансы секвенцыі, у кампазіцыі «Lacrimosa» на музыку пакладзены 18-я і 19-я стансы. Завяршальная кампазіцыя «Epitaphium» чыста інструментальная. У другой частцы на музыку пакладзены тэксты з розных кніг Бібліі. У кампазіцыі «Kai Kairos» гэта ўрывак з кнігі Эклезіяст (Экл 3:1—8); яшчэ ў дзвюх — урыўкі з кнігі Апакаліпсіс: «Ascende Huc» — Ап 4:1, «Veni Et Vidi» — Ап 6:7—8. Запіс альбомаЗапіс альбома адбываўся ў канцы 1997 — пачатку 1998 года[5]. Частка «Рэквіем» запісвалася ў Варшаўскай катэдры і ў Касцёле Эмаўс у Кракаве ў снежні 1997 года. Запіс часткі «Жыццё» адбываўся ў снежні 1997 года і ў лютым 1998 года ў Касцёле Эмаўс у Кракаве. Акрамя таго, «Жыццё» часткова запісвалася на студыі «Studio S2/S4» у Варшаве. ВыхадКанцэртыСусветная прэм’ера «Рэквіема па маім сябру» адбылася 1 кастрычніка 1998 года ў Вялікім тэатры Варшавы. Твор выконвалі музыканты, задзейнічаныя пры запісе альбома. Іграў аркестр «Sinfonia Varsovia », дырыжыраваў Яцак Каспшык , спяваў Варшаўскі камерны хор, сярод салістаў былі Эльжбета Таварніцка, Дарыюш Парадоўскі , Пётр Лыкоўскі і іншыя. Для салісткі Дароты Слензак канцэрт стаў дэбютам на вялікай сцэне[19]. Над пастаноўкай канцэрта працавалі прафесіяналы з розных краін Еўропы: рэжысёрам выступіў італьянец Эдаарда Понці (сын Сафі Ларэн), сцэнаграфіяй займаўся паляк Анджэй Кройц Маеўскі , за гук адказвалі адмыслоўцы з Англіі, за святло — спецыялісты з Нідэрландаў[19]. Эдаарда Понці, які працаваў над стварэннем канцэпцыі сцэнічнай версіі «Рэквіема…», апісаў сваю задуму наступным чынам:
Прэм’ерны канцэрт адбыўся пры падтрымцы польскай кампаніі сотавай сувязі «Plus GSM »[13][19]. Першым жывым выкананнем «Рэквіема…» за мяжой Польшчы стала брытанская прэм’ера твору, якая адбылася 19 сакавіка 1999 года ў Royal Festival Hall у Лондане[8][13][20]. У выкананні твору прымалі ўдзел Фестывальны хор Солсберы з 40 удзельнікаў, Канцэртны аркестр BBC з 60 выканаўцаў, а таксама салісты, якія ўдзельнічалі ў запісе арыгінальнага альбома — сапрана Эльжбета Таварніцка, мужчынскае сапрана Дарыюш Парадоўскі , контртэнар Пётр Лыкоўскі, тэнар Пётр Кусевіч , бас Гжэгаж Зыховіч, а таксама вакалістка Дарота Слензак[8][9][13]. Аркестр быў узбагачаны венгерскімі цымбаламі, трыма гонгамі і вялікім царкоўным арганам[9]. Сярод інструменталістаў саліравалі саксафаніст Ежы Глуўчэўскі і флейтыст Яцак Асташэўскі[9]. Канцэрт сабраў каля трох тысяч слухачоў[9]. Аглядальнікі з інтэрнэт-рэсурса «Movie Music UK» наступным чынам апісалі свае ўражанні ад канцэрту:
27 сакавіка 2002 года першая частка асобна была выканана салістамі з Інстытута духоўнай музыкі Ліёна ў Базіліцы Сен-Мартэн у Ліёне[13]. Восенню 2004 года тры выканнанні адбыліся ў Скандынавіі. Аркестр і хор Мальмеўскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам дырыжора Даніэля Хансана пры ўдзеле салісткі Эліяны Прэторыян прадставілі прэм’еры ў Швецыі і Даніі. 5 лістапада 2004 года «Рэквіем…» быў выкананы ў Царкве святога Паўла ў Мальмведэне; 6 лістапада 2004 года — у Царкве Густава Адольфа ў Хельсінгбаргу; 7 лістапада 2004 года — у Царкве Фрэдэрыка у Капенгагене[13]. 23 кастрычніка 2005 года «Рэквіем…» быў прадстаўлены на Кінафестывалі ў Хайфе . Твор выконваўся Хайфскім сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам дырыжора Оры Лешмана[13]. Нідэрландская прэм’ера адбылася 31 кастрычніка 2005 года ў царкве Вестэркерк у Амстэрдаме. Дадатковы канцэрт у Амстэрдаме адбыўся на наступны дзень, 1 лістапада 2005 года, у канцэртнай зале Кансертгебау. Абодва амстэрдамскія канцэрты былі выкананы польскім філарманічным аркестрам «Sinfonia Baltica » са Слупску і камерным ансамблем «Camerata Silesia » з Катавіц пад кіраўніцтвам дырыжора Багдана Ярмаловіча. У канцэртах узялі ўдзел польскія салісты з арыгінальнага альбома[13]. 28 лістапада 2021 года «Рэквіем…» быў прадстаўлены на закрыцці 24-га Міжнароднага фестывалю сучаснага мастацтва ў Леон-дэ-лос-Альдама, Мексіка. Сярод выканаўцаў, якія ўзялі ўдзел у канцэрце, былі сапрана Эдыта Кшэмень і скрыпач Збігнеў Палета[21][22]. Выпуск альбомаУ выглядзе альбома «Рэквіем па маім сябру» быў выпушчаны ў кастрычніку 1998 года лэйблам «Erato Disques » («Warner Classics»)[7][10]. Адметна, што творам польскага кампазітара, перш за ўсё вядомага музыкай для кіно, зацікавіўся лэйбл, які спецыялізуецца на класіцы. Крысціян Холвіг, прадстаўнік «Erato Disques», адзначыў: «Мы ўзяліся супрацоўнічаць з ім, бо лічым, што праца Прайснера закранае класічную сферу больш, чым праца любога іншага кінакампазітара»[8]. Адразу пасля рэлізу альбом атрымаў у Польшчы высокую папулярнасць і ўжо 14 кастрычніка «Саюз вытворцаў аўдыя-відэа » прысудзіў альбому статус залатога дыска[11], а 4 лістапада — плацінавага дыска[12]. 4 красавіка 2011 года альбом быў перавыдадзены на CD і вініле лэйблам «Sony Music Poland»[13][14][23]. У першы тыдзень пасля выпуску перавыданне альбома заняло ў Польшчы 36 месца па продажы[24]. Агулам колькасць прададзеных копій твору перавысіла 180 тысяч[15]. КрытыкаНа сайце часопіса «BBC Music Magazine » Нікалас Уільямс дае станоўчую ацэнку твору, сцвярджаючы яго перавагу над іншымі сучаснымі рэквіемамі[25]. У аглядзе для сайта «Gramophone» «Рэквіем па маім сябру» названы «бескампраміснай і ў той жа час даступнай працай»[18]. Аглядальнік з «El País » адзначае, што «першы некінематаграфічны твор Прайснера атрымаўся змрочным і глыбока меланхалічным, але ў другой яго частцы пад назвай „Жыццё“ нясмела ўсплывае прымірэнне з жорсткім светам»[26]. Інтэрнэт-рэсурс «Сlassic FM» акцэнтуе ўвагу на нетыповым наборы інструментаў, якія выкарыстоўвае ў сваім творы Прайснер. Тым не менш, гэта ставіцца твору ў заслугу: «Выбар інструментаў Прайснерам, безумоўна, дзіўны. Побач з аркестрам з шасцідзесяці музыкантаў ёсць саксафон, арган і пару контртэнараў, але эфект такі, што прабірае да мурашак»[27]. Хвалебных водгукаў удастоілася салістка Эльжбета Таварніцка[3]. Ацэньваючы твор у цэлым, многія крытыкі засяроджваюць увагу на перавагах адной часткі над іншай. Так, рэцэнзент сайта «Gramophone» сярод двух частак твору аддае перавагу першай, сцвярджаючы, што ў ёй «адносна абмежаваныя рэсурсы выкарыстоўваюцца вельмі эфектна». Другую частку аглядальнік ацэньвае ніжэй, бо ў ёй менш цэльнасці і самабытнага музычнага матэрыялу. Паводле яго меркавання, падобная да сімфанічнай кінамузыкі, гэтая частка магла б добра працаваць у кантэксце, але не ўспрымаецца як канцэртная[18]. У рэцэнзіі на сайце «Filmtracks » перавага наадварот аддаецца другой частцы. Аглядальнік сцвярджае, што эмацыйнае ўздзеянне часткі «Рэквіем» не так ярка выражана, як у частцы «Жыццё». Ён адзначае, што «ад вельмі доўгіх паслядоўнасцяў амаль поўнай цішыні і ўрачыстага сольнага аргана можа быць складана атрымоўваць задавальненне, калі гэта не жывое выкананне»[3]. У аглядзе для газеты «The Times» выказвалася сумненне наконт вялікай колькасці малых тэрцый , якія яднаюць дзве часткі твора[8]. Тэс Джэймс, аглядальніца з Таварыства тэорыі музыкі , адзначыла шэраг больш спецыфічных асаблівасцяў, сярод якіх сола на альт-саксафоне на мяжы двух частак[8]. Шырокае прызнанне атрымаў вакал Эльжбеты Таварніцкай. Па меркаванні крытыкаў, яе выкананне кампазіцыі «Lacrimosa» у абедзвюх частках твора сведчыць пра вакальны дыяпазон у сем або нават васем актаў[8]. Альбом атрымаў станоўчыя рэйтынгі на шэрагу музычных інтэрнэт-рэсурсаў: «Best Ever Albums» — 78/100[2], «Filmtracks » — 3/5[3], «Rate Your Music » — 3,79/5[5], «SensCritique » — 8,4/10[6]. Музычныя асаблівасціПершая частка («Рэквіем») напісана для малога мужчынскага хора, аргана, струннага квінтэта і ўдарных[8][18]. Яна вызначаецца характэрнымі для Прайснера асаблівасцямі: доўгімі рэверберацыямі і экспрэсіўным вібрата[8]. Як у першай, так і ў другой частцы дамініруючую ролю адыгрывае сольная партыя сапрана, выкананая польскай вакалісткай Эльжбетай Таварніцкай. У другой частцы («Жыццё») твор узбагачаецца поўным хорам і аркестрам з 60 выканаўцаў, у які таксама ўваходзяць саксафон і блок-флейта[8]. Выкарыстанне музыкіУключэнні ў альбомы ПрайснераАсобныя кампазіцыі «Рэквіема…» сталі неад’емнай часткай канцэртных праграм Прайснера, а таксама ўваходзілі ў канцэртныя і кампіляцыйныя альбомы кампазітара.
Уключэнні ў іншыя альбомыПачынаючы з самога году выпуску альбома, асобныя яго трэкі перыядычна траплялі ў разнастайныя альбомы-кампіляцыі. Акрамя таго, бывалі выпадкі, калі кампазіцыі «Рэквіема…» выконваліся і запісваліся нанава адмыслова для пэўнага альбома. Так, у 2000 годзе карэйская оперная спявачка Сумі Ё выканала кампазіцыю «Lacrimosa» для свайго сольнага альбома «Prayers»[27][31].
Выкарыстанне ў кіноМузычныя кампазіцыі з «Рэквіема па маім сябру» неаднаразова выкарыстоўваліся ў якасці саўндтрэка ў кіно. У 2011 годзе адна з найбольш вядомых мелодый «Рэквіема…» — «Lacrimosa» — была выкарыстана ў фільме Тэрэнса Маліка «Дрэва жыцця». Фільм удастоіўся Залатой пальмавай галіны Канскага кінафестывалю і набыў шырокую вядомасць. Двума гадамі пазней, у 2013 годзе Паала Сарэнціна выкарыстаў кампазіцыю «Dies Irae» у сваім фільме «Вялікая прыгажосць». Наконт гэтых двух кінастужак Прайснер адзначыў: «Я бачыў гэтыя фільмы і задаволены тым, як рэжысёры выкарысталі маю музыку. Найбольш захапляе тое, што зрабіў Тэрэнс Малік у „Дрэве жыцця“ — „Lacrimosa“ гучыць так, быццам была адмыслова напісана для гэтага фільма»[42]. У верасні 2011 года ў онлайн-часопісе «Guernica » быў апублікаваны артыкул, дзе аглядалася музычнае суправаджэнне фільма «Дрэва жыцця». Аўтар артыкула адзначыў, што пры ўсёй шырыні ахопу заходнееўрапейскай музыкі ў карціне, вядучым музычным творам фільма з’яўляецца «Lacrimosa» Прайснера[43].
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|