Даніэль КанеманДаніэль Канеман (англ.: Daniel Kahneman, іўр.: דניאל כהנמן, 5 сакавіка 1934[1][2], Тэль-Авіў, Брытанскі мандат у Палесціне — 27 сакавіка 2024[3], Манхэтэн, штат Нью-Ёрк[4]) — ізраільска-амерыканскі псіхолаг, адзін з заснавальнікаў псіхалагічнай эканамічнай тэорыі і паводніцкіх фінансаў, у якіх аб'яднаныя эканомікс і кагнітівістыка для тлумачэння ірацыянальнасці адносін чалавека да рызыкі ў прыняцці рашэнняў і ў кіраванні сваімі паводзінамі. Знакаміты дзякуючы сваёй працы, выкананай сумесна з Амосам Тверскі і іншымі аўтарамі, па ўсталяванні кагнітыўнай асновы для агульных чалавечых памылак ў выкарыстанні эўрыстыкі, а таксама для развіцця тэорыі перспектыў; лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы (2002) «за ўжыванне псіхалагічнай методыкі ў эканамічнай навуцы, асабліва — пры даследаванні фарміравання меркаванняў і прыняцця рашэнняў ва ўмовах нявызначанасці» (сумесна з В. Смітам), нягледзячы на тое, што даследаванні праводзіў як псіхолаг, а не як эканаміст. БіяграфіяКанеман нарадзіўся ў Тэль-Авіве, правёў свае дзіцячыя гады ў Парыжы, пераехаў у Палесціну ў 1946 годзе. Атрымаў ступень бакалаўра матэматыкі і псіхалогіі ў Яўрэйскім універсітэце ў Іерусаліме ў 1954 годзе, пасля чаго працаваў у Арміі абароны Ізраіля, у асноўным у псіхалагічным аддзеле. Падраздзяленне, у якім ён служыў, займалася адборам і тэставаннем прызыўнікоў. Канеман распрацоўваў інтэрв'ю для ацэнкі асобы. Пасля звальнення з войска Канеман вярнуўся ў Яўрэйскі ўніверсітэт, дзе праслухаў курсы логікі і філасофіі навукі. У 1958 годзе пераехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі і атрымаў ступень доктара філасофіі па псіхалогіі ў Каліфарнійскім універсітэце, Берклі ў 1961 годзе. З 1969 года супрацоўнічаў з Амосам Тверскі, які па запрашэнні Канемана чытаў у Яўрэйскім універсітэце лекцыі аб ацэнцы верагоднасці падзей. Працаваў у Прыстанскім універсітэце, а таксама ў Яўрэйскім універсітэце. Уваходзіў у рэдакцыйны савет часопіса «Economics and Philosophy». Зноскі
|