Беларуска-латвійскі міграцыйны крызіс (2021)Беларуска-латвійскі міграцыйны крызіс паўстаў вясной 2021 года пасля рэзкага павелічэння наплыву нелегальных мігрантаў з краін «трэцяга свету» праз беларуска-латвійскую граніцу. Улады Латвіі абвінавачваюць суседнюю Беларусь у арганізацыі патоку бежанцаў, у той час як афіцыйны Мінск адмаўляе сваё дачыненне, звязваючы падзеі з пандэміяй COVID-19 і абвастрэннем эканамічных праблем у краінах у стадыі развіцця. ПерадгісторыяУ 2015 годзе ў Еўропе пачаўся найцяжэйшы міграцыйны крызіс. Асноўны паток ішоў з Сірыі і Афганістана, значную долю склалі выхадцы з Ірака і Лівіі. Прыкладна 25% прыбылі з афрыканскага кантынента[1]. Раней у краінах Блізкага Усходу і Афрыкі ўспыхнуў шэраг буйных ваенных канфліктаў, якія суправаджаліся цяжкай эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыяй. Некалькі мільёнаў чалавек вымушаны былі бегчы за мяжу. Асноўны ўдар прынялі на сябе Заходняя, Цэнтральная і Паўночная Еўропа. Прыток бежанцаў у Прыбалтыку быў мінімальны[2][3]. Шмат у чым нелегалаў стрымлівалі беларускія пагранічнікі, якія затрымлівалі парушальнікаў яшчэ на сваёй тэрыторыі[4]. 9 жніўня 2020 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Паводле папярэдніх звестак ЦВК рэспублікі, перамогу на іх атрымаў дзеючы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка з вынікам 80,08% галасоў. Святлана Ціханоўская, якая была яго асноўным канкурэнтам, набрала 10,09% галасоў. Апазіцыя абвясціла вынікі сфальсіфікаванымі. У Мінску і іншых гарадах краіны пачаліся масавыя акцыі пратэсту[5]. Святлана Ціханоўская пакінула Беларусь, знайшоўшы прытулак у суседняй Літве. Краіны Еўрапейскага Саюза, у тым ліку Латвійская Рэспубліка, падтрымалі беларускую апазіцыю, што пагоршыла іх адносіны з афіцыйным Мінскам. КрызісПаток нелегалаўУ жніўні 2021 года, на фоне пагаршэння адносін з Беларуссю, Латвія заявіла пра рост патоку нелегальных мігрантаў, якія пачалі пранікаць праз беларуска-латвійскую мяжу. З пачатку года на беларуска-латвійскай мяжы было затрымана толькі 3 чалавека. 26 ліпеня пагранічная ахова Латвіі затрымала ўжо 9 грамадзян Ірака, якіх размясцілі ў Цэнтры затрыманых замежнікаў ў Даўгаўпілсе. За чатыры дні жніўня за незаконнае перасячэнне латвійска-беларускай мяжы былі затрыманыя 218 чалавек, гэта ў 7 разоў больш колькасці затрыманых парушальнікаў усходняга ўчастка за ўвесь мінулы год; 9 жніўня латвійскімі памежнікамі за незаконнае перасячэнне мяжы з Беларуссю было затрымана амаль 200 чалавек. Паводле ацэнкі начальніка Дзяржаўнай пагранічнай аховы (ДВА) Гунтыса Пуятса, працэс пераходу мяжы ў Латвію мае арганізаваны характар, пра што сведчаць вялікія групы (па 30 і больш чалавек) нелегальных мігрантаў, якія пранікаюць на тэрыторыю рэспублікі; у асноўным гэта мужчыны і жанчыны маладога ўзросту, з дзецьмі[6]. У сувязі з абвастрэннем абстаноўкі ў Латвіі быў уведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі ў прыгранічных Краслаўскім і Даўгаўпілскім краях. Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі прыняло рашэнне накіраваць у Даўгаўпілс спецназ Відземскай роты, які размешчаны ў Смілтэнэ[7]. Урад Латвіі вылучыў Міністэрству ўнутраных спраў краіны больш за 1,7 млн еўра на набыццё і ўстаноўку калючага дроту на мяжы з Беларуссю, сродкi былі выдзелены з бюджэту «на непрадбачаныя выдаткі». Акрамя таго, ў 2022 годзе на будаўніцтва неабходнай інфраструктуры на мяжы дадаткова будзе выдаткавана 14 млн еўра[8]. 11—12 жніўня 2021 года пагранічная ахова Латвіі прадухіліла спробу 91 чалавека незаконна перасекчы беларуска-латвійскую мяжу[9]. 14 жніўня 2021 года Міністэрства абароны Латвіі апублікавала відэа ад 13 жніўня, на якім нелегальных мігрантаў выцясняюць да мяжы з Латвіяй і не даюць вярнуцца назад прадстаўнікі сілавых структур Беларусі[10]. 25 жніўня ДВА развярнула на мяжы па-за пунктамі пропускаў 101 мігранта[11]. Рэакцыя ўлад БеларусіПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што з-за санкцый Захаду больш не будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны ЕС. А. Лукашэнка прапанаваў пакласці «факты на стол», якія пацвердзілі б дачыненне афіцыйнага Мінска[12]. Тым не менш, Беларусь павялічыла лік авіярэйсаў з Ірака[13]. Рэакцыя ўлад Латвіі13 жніўня 2021 года прэзідэнт Латвіі Эгілс Левіц прапанаваў нелегальным мігрантам, якія незаконна перайшлі мяжу з Латвіі з боку Беларусі, прасіць прытулку ў афіцыйнага Мінска. Дзеянні А. Лукашэнка ён назваў «гібрыднай вайной супраць Латвіі і Еўрасаюза»[14]. 16 жніўня 2021 года Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуяцс заявіў, што «многія мігранты пагаджаюцца вярнуцца, але іх сілай выціскаюць з Беларусі»[15]. Міжнародная рэакцыя26 жніўня 2021 года Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) пастанавіў, што Латвія павінна забяспечыць ежай, вадой, адзеннем і медыцынскай дапамогай мігрантаў, якія затрымаліся на мяжы з Беларуссю. Суд таксама адзначыў, што Латвіі не варта расцэньваць рашэнне ЕСПЧ як патрабаванне, каб прапусціць заяўніка на сваю тэрыторыю. Зноскі
|