Валерый Вільямавіч Цапкала
Вале́рый Ві́льямавіч Цапка́ла, часам Цэпкала[3] (нар. 22 лютага 1965, Гродна) — беларускі палітык і дыпламат. Кандыдат юрыдычных навук. Надзвычайны і паўнамоцны пасол. Уваходзіў у перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, пасля яго перамогі — першы намеснік Міністра замежных спраў Беларусі. Пасол Беларусі ў ЗША і Мексіцы (1997—2002). Упаўнаважаны прадстаўнік прэзідэнта ў Парламенце (2005). Ініцыятар і дырэктар Беларускага Парку высокіх тэхналогій (2005—2017). БіяграфіяНарадзіўся 22 лютага 1965 года ў Гродне. Быў адзіным дзіцем у сям’і інжынераў-хімікаў Вільяма і Ніны Цапкалаў, якія былі накіраваны ў Гродна па размеркаванні на будаўніцтва азотнага завода, дзе адпрацавалі ўсё жыццё. Бацька скончыў Адэскі політэхнічны інстытут, маці — Харкаўскі інжынерна-эканамічны інстытут. Вучыўся ў гродзенскай сярэдняй школе № 14 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы, захапляўся гісторыяй. У 1982—1984 гадах вучыўся ў Беларускім тэхналагічным інстытуце. У 1984 годзе прызваны ў армію з другога курса інстытута (адтэрміноўка студэнтам у той час была адменена), праходзіў службу ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння ў Хмяльніцкім[4]. Пасля службы ў арміі ў 1986 годзе адразу паступіў у Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін, які скончыў з адзнакай у 1991 годзе па спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны». Пасля вучобы застаўся ў аспірантуры гэтага ж інстытута, у 1992 годзе скончыў яе на «выдатна», выкладаў у МДІМА, стаў кандыдатам юрыдычных навук у галіне міжнароднага права. У 1991 годзе быў супрацоўнікам савецкага пасольства ў Хельсінкі. Пасля скасавання СССР вырашыў вярнуцца ў Беларусь. У 1992 годзе займаў дыпламатычную пасаду МЗС Беларусі. У 1993—1994 гадах быў саветнікам Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII-га склікання Станіслава Шушкевіча. Пасля адстаўкі Станіслава Шушкевіча з пасады Старшыні Вярхоўнага Савета ў 1994 годзе перайшоў працаваць у Выканаўчы сакратарыят СНД саветнікам выканаўчага сакратара. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 года быў адным з кіраўнікоў перадвыбарчага штаба Аляксандра Лукашэнкі[5]. У 1994 годзе паводле ўспамінаў палітолага Аляксандра Фядуты, Валерый Цапкала арганізоўваў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў расійскую Дзяржаўную думу. Адбывалася гэта цераз сувязі з ЛДПР, бо ў гэтай партыі таксама было дастаткова шмат выпускнікоў МДІМА[6]. Пасля перамогі Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, з 8 жніўня 1994 года[7] да 20 студзеня 1997 года быў першым намеснікам Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь[8]. 24 лютага 1997 года быў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Злучаных Штатах Амерыкі і Мексіцы па сумяшчальніцтве[9], вызвалены з гэтых пасад быў 2 красавіка 2002 года[10]. З 2002 года да 7 кастрычніка 2005 года быў памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — каардынаваў аналітычную дзейнасць. З 14 лютага па 7 кастрычніка 2005 года быў паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Ідэя стварэння Парка высокіх тэхналогій пачала абмяркоўвацца ў 2004 годзе, у тым ліку паводле ініцыятывы Валерыя Цапкалы[11]. З 7 кастрычніка 2005 года[12] па 2 сакавіка 2017 года Валерый Цапкала быў дырэктарам ПВТ[13]. У 2018 годзе Валерый Цапкала прадставіў свой праект Prabook.com — біяграфічную бібліятэку, якая павінна забяспечыць «лічбавую неўміручасць». Заяўлена, што база артыкулаў пра людзей ствараецца на аснове малюнкаў і тэкстаў з адкрытых крыніц, якія загружаюць у праект распрацоўшчыкі[14][15]. За парушэнне аўтарскіх праў пры капіраванні даных з Вікіпедыі Prabook уключаны ў спіс Wikipedia:Mirrors and forks. З 2018 года прымае ўдзел у развіцці Інавацыйнага цэнтра Mirzo Ulugbek Innovation Center. У 2020 годзе абвясціў пра планы балатавацца ў прэзідэнты Беларусі. Не быў дапушчаны да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Затым, асцерагаючыся палітычнага пераследу, пакінуў Беларусь. Пад канец 2020 года Валерый Цапкала з сям’ёй пераехаў у Латвію[16]. 6 студзеня 2021 года Валерый Цапкала заявіў аб стварэнні Беларускага Дэмакратычнага форума з мэтай аб’яднаць «усе разумныя сілы ў канстытуцыйных пераўтварэннях як разумную альтэрнатыву народнай большасці ў адказ на псеўданацыянальны Усенародны сход»[17]. У кастрычніку 2022 года МУС Беларусі прызнала групу грамадзян, аб’яднаную пад кіраўніцтвам Валерыя Цапкалы, у тым ліку яго сайты і старонкі ў сацыяльных сетках, экстрэмісцкім фарміраваннем[18][19]. 7 красавіка 2023 года Мінскі абласны суд завочна прыгаварыў Валерыя Цапкалу да 17 гадоў калоніі[20]. Сям’яЖанаты з Веранікай Цапкала, мае дзяцей. Бібліяграфія
Зноскі
Спасылкі
|