Вітольд Міхайлавіч Ашурак
Вітольд Міхайлавіч Ашурак (нар. 13 кастрычніка 1970, в. Агароднікі, Лідскі раён — 21 мая 2021, Шклоў) — беларускі грамадскі і палітычны актывіст, палітычны зняволены. Біяграфічныя звесткіНарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Агароднікі, паблізу горада Бярозаўка (Лідскі раён). Пасля школы ўладкаваўся на шклозавод «Нёман», дзе працаваў выдзьмувальнікам. Затым звольніўся і пачаў зарабляць будаўнічымі працамі. У 2010 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў удзельнічаў у пратэстах 19 снежня ў Мінску, яго затрымалі і асудзілі да 12 сутак арышту. Неўзабаве ўступіў у БНФ, потым стаў сябрам Сойма партыі. Ён пастаянна бываў на ўгодках ушанавання паўстанцаў у Свіслачы, прыязджаў на ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. Падымаў экалагічныя праблемы. Разам з паплечнікамі судзіўся са шклозаводам за парушэнне Орхускай канвенцыі, дамагаўся грамадскіх слуханняў па пытанні арганізацыі вытворчасці шкловаты — урэшце на заводзе пабудавалі больш бяспечную высокатэмпературную печ, дзе спальвалі шкодныя адкіды. Калі пачаўся мор рыбы ў Дзітве, каб прыцягнуць увагу да праблемы прыняў удзел у акцыі на прыступках райвыканкаму, за што атрымаў штраф, аднак неўзабаве пачалося пашырэнне лідскіх ачышчальных збудаванняў. У Лідскім раёне шмат зрабіў, каб жыла памяць пра паўстанцаў 1863 года. На працягу 2017—2018 гадоў Вітольд Ашурак разам са сваімі паплечнікамі аднавіў між вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы (Лідскі раён) мемарыял памяці паўстанцам Каліноўскага. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Балатаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парламент. Прымаў актыўны ўдзел у вулічных акцыях у Лідзе ў час масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Яго ўпершыню затрымалі 9 жніўня. Суд пакараў актывіста 20 суткамі: 15 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і 5 за непавагу да суда, адмовіўся ўстаць, калі з’явіўся суддзя. Аднак праз 5 дзён яго адпусцілі, як і амаль усіх тагачасных палітвязняў, што адбывалі адміністрацыйнае пакаранне. Тым не менш крымінальная справа была заведзеная ўжо тады. 16 верасня Ашурка забралі паўторна, мала таго, што яму заставалася адбыць 15 сутак з мінулага, дык дадалі яшчэ 15 — за ўдзел у мерапрыемствах у Лідзе ў жніўні-верасні. Калі заставалася адбыць 2-3 сутак, яго перавялі ў гродзенскае СІЗА па крымінальным артыкуле. Суд быў закрытым. Яго судзілі па двух артыкулах: 364 «Гвалт ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў» і 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па першым артыкуле суд пастанавіў пакараць актывіста 4 гадамі калоніі, а па другім — 2 гадамі і 4 месяцамі. Шляхам частковага паглынання атрымалася 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму — адзін з самых строгіх прысудаў для ўдзельнікаў паслявыбарчых акцый пратэсту. Людзі пачалі крычаць суддзю Максім Філатаву «Ганьба!» і падтрымліваць асуджанага. На наступны дзень пасля працэсу ў лідскім судзе 8 чалавек затрымалі па крымінальнай справе аб хуліганстве, якая была заведзеная па факце непрыстойных дзеянняў падчас абвяшчэння прысуду Вітольду Ашурку[2]. 27 студзеня 2021 года сумеснай заяваю адзінадцацці арганізацыяў (праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт ды інш.) Вітольд Ашурак быў прызнаны палітычным зняволеным[3]. 4 лютага 2021 года шэфства над палітычным зняволеным узяў Шон Хогі, дэпутат Дойл Эрэн[4][5]. У сярэдзіне красавіка 2021 года стала вядома, што апеляцыя Ашурка на прысуд, якая разглядалася ў яго адсутнасць, была не задаволеная[6]. У адным з апошніх лістоў Ашурак паведаміў, што турэмнае начальства прымусіла яго і іншых палітычных зняволеных насіць жоўтую бірку, каб яна вылучала іх сярод вязняў[7]. 21 мая 2021 года памёр у Шклоўскай калоніі ПК № 17[8]. Пахаваны 26 мая ў Бярозаўцы. На развітанні з Вітольдам Ашуркам яго цела атулілі бела-чырвона-белым сцягам паводле волі памерлага[9]. ГібельМеркаваная афіцыйная прычына смерці — спыненне сэрца. Дакладная прычына смерці яшчэ павінна быць высветлена[10]. 25 мая цела Вітольда Ашурка аддалі сваякам. У нябожчыка была «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, бачны толькі рот»[11]. Сваякі вырашылі не рабіць дадатковыя экспертызы, бо не давяралі магчымым вынікам і не жадалі зацягваць пахаванне[12]. 25 мая Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь апублікаваў відэа з прыкметамі мантажу з камеры ШІЗА, на якім адлюстраваныя два спантанных падзенні Ашурка[13]. Відэа вызвала ў экспертаў і былых вязняў Шклоўскай калоніі падазрэнні наконт непраўдзівасці інфармацыі (на відэа ня бачна, ці сапраўды чалавек у робе — Вітольд Ашурак; у камэру да асуджанага супрацоўніку аднаму ўваходзіць забаронена), а таксама сумненні ў добрым стане яго здароўя, перад тым як Вітольд Ашурак трапіў у гэтую камеру[14]. У снежні 2024 года Кіберпартызаны заявілі, што ў якасці афіцыйнай прычыны смерці Вітольда Ашурка ў дакументах указаныя «іншыя недакладна пазначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці»[15]. РэакцыяНа думку Алеся Бяляцкага, адміністрацыя турмы ў Шклове аказвала наўмысны ціск на палітвязня, напрыклад, паводле дадзеных Следчага камітэта, Вітольд быў аштрафаваны 12 разоў за месяц нібыта за парушэнне турэмных правілаў[16]. Праваабаронца лічыць, што ліст Ашурка, дзе ён апісаў, што палітвязні былі вымушаныя насіць на вопратцы жоўтыя біркі, і які атрымаў шырокую агалоску ў СМІ, стаў прычынаю таго, што яго пасадзілі ў штрафны ізалятар, праз некалькі тыдняў у якім Ашурак, які раней не скардзіўся на здароўе, страціў прытомнасць і паваліўся мёртвым.[16] Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» таксама выказаў сумнеў, што Следчы камітэт, які «правёў „паспяховае“ расследаванне супраць Вітольда Ашурка і дапамог яму апынуцца ў турме» і які не распачаў ніводнай крымінальнай справы пасля таго, як сотні скардзіліся на катаванні пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года правядзе аб’ектыўнае расследаванне і высветліць праўду, да таго ж адміністрацыя Шклоўскай калоніі ПК № 17 зробіць усё, каб схаваць яе[16]. Смерць Вітольда Ашурка выклікала міжнародную рэакцыю[10]. Пітэр Стано, прэс-сакратар Вярхоўнага прадстаўніка Саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля, заклікаў неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных і адвольна затрыманых[10]. Святлана Ціханоўская адзначыла: «Людзі не толькі пакутуюць, але і гінуць пры рэжыме»[10]. Урад Ірландыі заклікаў правесці незалежнае расследаванне «вельмі падазронай», на думку Шона Хогі, смерці Ашурка, але безвынікова[5]. 31 кастрычніка 2021 года ў беларускай царкве ў Антверпене ўсталявалі і асвяцілі памятны знак у гонар Вітольда Ашурка[17]. 24 лістапада 2022 года Ашурак быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[18] Гл. таксамаЗноскі
Спасылкі
|